Свет99

Падарожнік Карл Бушбі дайшоў пехатой з Чылі ў Вялікабрытанію. На гэта спатрэбілася 28 гадоў

Бушбі, якому цяпер 57 гадоў, адправіўся ў дарогу 1 лістапада 1998 года з самага паўднёвага горада Зямлі.

Карл Бушбі выйшаў на брытанскі бераг 8 кастрычніка 2026 года пасля 28 гадоў вандраванняў. Апошні этап маршруту — шлях у родны горад Хал.

Брытанскі падарожнік Карл Бушбі на гэтым тыдні пераплыў Ла-Манш і вярнуўся ў родную краіну, куды ён накіраваўся з Чылі каля 28 гадоў таму. Доўгі шлях праз увесь свет Бушбі пераадолеў пехатой або ўплаў.

Бушбі, якому цяпер 57 гадоў, адправіўся ў дарогу 1 лістапада 1998 года. 

Для падарожжа ён вызначыў для сябе два галоўныя правілы, якіх няўхільна прытрымліваўся: не карыстацца ніякімі сродкамі транспарту і не скарачаць шлях, а пераадолець увесь запланаваны маршрут.

У чацвер Бушбі абвясціў, што перасёк Ла-Манш і зараз накіроўваецца ў родны горад Хал.

«Пасля ўсіх гэтых гадоў прыемна адчуць пад нагамі родную зямлю, — сказаў падарожнік. — Усё было няпроста, але цяжкасці — адна з прычын, чаму я гэта раблю: каб даказаць, што здольны на большае, чым сам пра сябе думаю».

«Усе мы можам дасягнуць значна большага, чым калі-небудзь маглі сабе ўявіць»,— дадаў ён.

Перадапошні этап свайго падарожжа Бушбі пераадолеў уплаў: на працягу 20 гадзін ён перасякаў Ла-Манш і а 15:30 5 кастрычніка выйшаў на брытанскі бераг у раёне Дуўра.

Брытанская берагавая ахова паведаміла, што каардынавала яго перамяшчэнні сумесна з французскімі ўладамі, каб «гарантаваць выкананне ўсіх пратаколаў бяспекі».

На беразе падарожніка сустрэлі яго сябры і родныя, у тым ліку бацька, былы брытанскі спецназавец Кіт Бушбі, і вядомы кінарэжысёр Вернер Херцаг, які здымае пра Бушбі поўнаметражны дакументальны фільм пад назвай Walk of Life.

За гады падарожжа ён пераадолеў больш за 48 тыс. км і перасёк 29 краін свету. Паводле яго слоў, праз візавыя абмежаванні ён не мог праводзіць занадта шмат часу ў некаторых краінах.

Яго маршрут не прадугледжваў выключна рух наперад. У прыватнасці, ён некалькі разоў вяртаўся ў Мексіку, дзе жыццё адносна недарагое: менавіта там ён перажыў пандэмію COVID-19.

Таксама Бушбі перыядычна ездзіў у ЗША, дзе знаходзяцца яго спонсары.

Аднак кожны раз перад пачаткам наступнага этапу шляху Бушбі вяртаўся дакладна ў тую кропку, у якой перапыніў свой пешы пераход.

У відэароліку ў TikTok, запісаным пасля вяртання ў Брытанію, Карл расказаў, што адчуваў у першы дзень свайго пешага падарожжа.

«Было крыху страшна, але ў той жа час захапляльна. Ты адпраўляешся ў шлях даўжынёй больш за 50 тысяч кіламетраў. Па-першае, я зусім не ўяўляў, як усё складзецца. Я нічога не ведаў. Па-другое, я ведаў, што змагу гэта зрабіць. Вы здзівіцеся, як далёка можна зайсці, калі ў цябе ёсць хоць крыху ўпэўненасці ў сабе», — сказаў ён.

Вар'яцкая ідэя

Бушбі нарадзіўся ў Хале ў 1969 годзе. Ён расказваў, што ў школе аднакласнікі цкавалі яго з-за дыслексіі, якую дыягнаставалі толькі ва ўзросце 13 гадоў.

Тыя гады ён успамінае як «пекла». Паводле яго слоў, суцяшэнне ён знаходзіў на прыродзе, часта праводзячы вольны час за назіраннем за птушкамі ў палях вакол свайго дома.

Пазней ён пайшоў служыць у армію і 12 гадоў правёў у дэсантных войсках.

Яму спатрэбілася некалькі спроб, каб прайсці падрыхтоўку ў падраздзяленні Pegasus Company — знясільваючы курс, абавязковы для ўсіх будучых дэсантнікаў.

Менавіта тады, падчас вайсковай службы, у Бушбі ўзнікла ідэя прайсці пехатой праз увесь свет. Ён накрэсліў прыблізны маршрут на карце і паказаў яго сваім саслужыўцам, але тыя сказалі, што гэта немагчыма.

Аднак іх рэакцыя дала супрацьлеглы вынік і толькі ўмацавала рашучасць будучага падарожніка.

Цудоўны і небяспечны шлях

У 1998 годзе, ва ўзросце 29 гадоў, Карл адправіўся з Пунта-Арэнаса, самага паўднёвага горада Зямлі на паўднёвым ускрайку Чылі, з заплечнікам за плячыма і адзінай мэтай — дабрацца пехатой дадому, у брытанскі горад Хал.

Спачатку ён разлічваў, што падарожжа зойме каля 12 гадоў, але цяжкасці шляху, розныя непрадбачаныя абставіны і сусветныя катаклізмы адсоўвалі момант вяртання дадому ўсё далей і далей.

З Чылі Карл рушыў на поўнач — праз Аргенціну, Перу, Эквадор і Калумбію.

Выкарыстоўваючы навыкі, набытыя падчас вайсковай службы, а таксама парады бацькі, Карл здолеў пазбегнуць сутыкненняў з узброенымі бандамі і пераадолець Дар'енскі прагал — цяжкапраходную паласу джунгляў на мяжы Калумбіі і Панамы.

Гэта адзіны сухапутны шлях, які злучае гэтыя краіны, а таксама Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку, і адзін з самых небяспечных маршрутаў у свеце.

Затым яго шлях пралягаў праз Коста-Рыку, Нікарагуа, Гандурас, Сальвадор, Гватэмалу і Мексіку, пасля чаго ён перасёк тэрыторыю ЗША і Канады.

У сакавіку 2006 года да яго далучыўся французскі падарожнік Дзімітры Кіфер. Разам яны перасеклі Берынгаў праліў па лёдзе, які злучаў Аляску і Расію.

Аднак каля чукоцкага пасёлка Уэлен іх затрымалі расійскія памежнікі за незаконнае перасячэнне мяжы.

Падарожнікам пагражала забарона на ўезд у Расію, якая магла паставіць крыж на ўсёй задуме. Аднак апеляцыйны суд дазволіў Карлу працягнуць шлях.

Гэтаму папярэднічала ўмяшанне нябожчыка Джона Прэскота, які на той момант займаў пасаду намесніка прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі і прадстаўляў у парламенце выбарчую акругу Усходні Хал, а таксама Рамана Абрамовіча, які ў той час быў губернатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі і ўладальнікам футбольнага клуба «Чэлсі».

Карл прайшоў пехатой праз Сібір, Манголію і Кітай, а затым дабраўся да Туркменістана і Казахстана.

З-за напружанай міжнароднай абстаноўкі ён вырашыў абысці Іран і замест гэтага пераплысці Каспійскае мора, каб трапіць у Азербайджан. На гэты заплыў спатрэбіўся 31 дзень.

З Азербайджана Карл працягнуў шлях у Турцыю, а затым дабраўся да Еўропы.

Да сярэдзіны чэрвеня 2026 года ён дасягнуў Бельгіі, і да французскага Кале яму заставалася ўсяго некалькі тыдняў. Аднак кіраўніцтва кампаніі Eurotunnel адхіліла яго просьбу дазволіць яму трапіць у Вялікабрытанію праз службовы тунэль пад Ла-Маншам.

Гэтая адмова прымусіла Бушбі затрымацца ў Еўропе крыху даўжэй, чым ён планаваў.

У верасні, калі журналісты Бі-бі-сі сустрэліся з ім у Бельгіі, ён прызнаўся, што «безумоўна, пара заканчваць», дадаўшы: «Я не хачу, каб гэта працягвалася яшчэ доўга».

Кіраўніцтва Eurotunnel працягвала настойваць на сваім і не пакінула Бушбі іншага выйсця, акрамя як пераадолець Ла-Манш уплаў.

Як фінансавалася падарожжа?

Калі Карл адправіўся ў дарогу, у яго ў кішэні было ўсяго 500 даляраў, а спонсараў не было.

Але паступова экспедыцыя стала фінансавацца галоўным чынам за кошт уласных даходаў Карла, у тым ліку ад публікацый, сярод якіх яго кніга GiantSteps («Гіганцкія крокі»), і публічных выступленняў.

У 2007—2008 гадах, падчас сусветнага фінансавага крызісу, ён страціў буйных спонсараў. Аднак пазней яму ўдалося знайсці новых, сярод якіх была амерыканская кампанія, што займаецца вытворчасцю дакументальных фільмаў.

«У такі момант ты ўжо не ўспрымаеш гэта як прыгоду, — казаў Карл раней у інтэрв'ю Бі-бі-сі. — Яно абвальваецца на цябе, нібы цунамі».

Яго маці Анджэла, былая фабрычная работніца, а цяпер пенсіянерка, заявіла, што Карла памылкова прадстаўляюць выхадцам з багатай сям'і.

Што далей?

У Хале Карла з нецярпеннем чакае яго маці Анджэла. Яна сказала, што будзе чакаць сына проста каля брамы.

«Спачатку я яго абдыму, а потым спытаю: «І як гэта разумець, Карл? Ці не запозна ты завітаў дадому?» — пажартавала яна.

Знаходзячыся ў Еўропе на заключным этапе свайго падарожжа, Карл падзяліўся з журналістамі, што далейшыя перспектывы выклікаюць у яго супярэчлівыя пачуцці.

Ён рады вярнуцца дадому пасля доўгіх блуканняў, але адчувае трывогу.

Паводле яго слоў, ён размаўляў з іншымі падарожнікамі, якія здзяйснялі працяглыя пешыя пераходы, і яны расказвалі яму пра пачуццё адзіноты і ўнутранага неспакою, якія адчувалі пасля завяршэння сваіх паходаў.

Паводле яго слоў, першыя дні на радзіме былі вельмі дзіўнымі, і пакуль ён зноў прывыкае да Вялікабрытаніі.

«Я нібыта ў нейкай іншай краіне. Мяне не было 28 гадоў, усё змянілася. Я зноў прывыкаю карыстацца фунтамі стэрлінгаў. Я заходжу ў краму і не разумею, колькі патраціў, даводзіцца ўвесь час пералічваць на даляры. Я таксама не ведаю многіх брэндаў прадуктаў, якія стаяць на паліцах»,— кажа Бушбі.

Пакуль у яго няма пэўных планаў на будучыню, але Анджэла сумняваецца, што сын надоўга застанецца ў Хале.

Карл даўно цікавіцца навукай, прыродай і тым, як натхніць новае пакаленне падарожнікаў. Цалкам магчыма, менавіта гэтаму будзе прысвечаны яго наступны праект.

На пытанне пра тое, які галоўны ўрок даў яму пройдзены шлях, ён без роздуму адказвае: «99,999% людзей — цудоўныя».

Каментары9

  • Здароўце
    10.10.2026
    Žvir, чыста новазапаветны сюжэт. Згодны. Таксама рэпу сваю чухаў, а адказу не атрымаў.
  • Лол
    10.10.2026
    Здароўце, то-бок, глобусы ў вашае сяльпо так і не завезлі, панове?
  • Žvir
    10.10.2026
    Лол, z Kanady da Čukotki pa hłobusie, jak ni pchnisia, piechatoju nia projdzieš. Ci nie ?

Цяпер чытаюць

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?3

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Усе навіны →
Усе навіны

Марсаход Perseverance устанавіў сусветны рэкорд па адлегласці, пройдзенай па-за Зямлёй

Кітай імкнецца стаць сусветным лідарам у галіне нейраінтэрфейсаў

У Беларусі на цэлую траціну скарацілася колькасць новых выпадкаў алкагалізму3

Наркагандляр застрэліў пад Купянскам шасцярых расійскіх вайскоўцаў8

«Для нас, БНФ, вылучэнне Шушкевіча было нажом у спіну». Навумчык і Статкевіч высвятляюць ролю Беларускага згуртавання вайскоўцаў72

Выйшла на свабоду апошняя група асуджаных па справе ваўкавыскага чата2

«Беларускую мову я люблю нават больш за рускую — яна бліжэй да сэрца». Мараканец 18 гадоў жыве ў Салігорску і не можа нацешыцца15

Ва Украіне запэўнілі, што ЗША працягваюць перадаваць разведвальныя звесткі2

За «апраўданне генацыду беларускага народа» будуць завочна судзіць Кацярыну Ваданосаву12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?3

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць