Эканоміка33

Сусветная эканоміка ўсё больш падобная да літары К. Дзе на ёй знаходзіцца Беларусь?

Сусветная эканоміка працягвае расці, але выгаду ад гэтага атрымліваюць далёка не ўсе. Адны краіны зарабляюць на развіцці штучнага інтэлекту, а іншыя пакутуюць ад дарагіх энергарэсурсаў і наступстваў ваенных канфліктаў. У выніку разрыў паміж імі павялічваецца. Міжнародны валютны фонд (МВФ) папярэджвае, што эканамічны рост усё больш канцэнтруецца ў невялікай групе краін.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia

Паводле новага прагнозу МВФ, у 2026 годзе сусветная эканоміка вырасце на 3,1%, а ў 2027‑м — на 3,4%. Аднак за гэтымі лічбамі хаваюцца вялікія адрозненні паміж краінамі.

Як піша MarketWatch, калі яшчэ ў красавіку фонд прагназаваў, што 95% сусветнага эканамічнага росту забяспечаць 54 краіны, то цяпер іх колькасць скарацілася да 32. Пры гэтым МВФ пагоршыў эканамічныя прагнозы амаль для паловы краін, якія аналізуе.

Такую сітуацыю называюць К-падобным ростам — паводле формы літары К, у якой адна дыяганальная рыса ідзе ўверх, а другая ўніз. Гэтак жа разыходзяцца эканамічныя траекторыі розных краін: адны развіваюцца хутка, іншыя значна павольней. Пры гэтым адставанне не абавязкова азначае эканамічны спад — краіна можа працягваць расці, але не так хутка, як іншыя.

Хто аказаўся ў выйгрышы?

«У многіх краінах, якія адносна мала пацярпелі ад наступстваў вайны і актыўна ўдзельнічаюць у тэхналагічным уздыме, эканамічная актыўнасць захоўваецца на ранейшым узроўні або ўзмацняецца», — адзначыў МВФ.

Бум штучнага інтэлекту выклікаў вялізны попыт на магутныя камп'ютары, чыпы, серверы і абсталяванне для дата-цэнтраў. Гэта прыносіць дадатковыя даходы вытворцам тэхналогій і падтрымлівае рост краін, дзе размешчаныя адпаведныя прадпрыемствы.

Сярод тых, хто атрымлівае найбольшую выгаду, МВФ вылучае Тайвань, Паўднёвую Карэю і Індыю. Першыя дзве эканомікі займаюць важнае месца ў сусветнай вытворчасці паўправаднікоў і электронікі, а Індыя таксама карыстаецца ростам попыту на тэхналагічныя паслугі.

Індыя застаецца адной з самых хуткарослых буйных эканомік свету: сёлета МВФ прагназуе ёй рост на 7%. Для параўнання, эканоміка Кітая, паводле прагнозу, павялічыцца на 4,5%.

У ЗША тэмпы росту значна сціплейшыя, чым у Індыі, але ўсё ж адносна высокія для развітой эканомікі. МВФ чакае, што амерыканскі ВУП павялічыцца на 2,3% як у 2026-м, так і ў 2027 годзе. Прычым прагноз на наступны год быў павышаны на 0,2 працэнтнага пункта. Адным з фактараў, якія падтрымліваюць амерыканскую эканоміку, сталі маштабныя інвестыцыі ў штучны інтэлект і звязаную з ім інфраструктуру.

Маштаб тэхналагічнага буму добра ілюструюць іншыя лічбы. На ЗША і Кітай разам прыпадала больш за тры чвэрці чыстага імпарту вылічальнага абсталявання для штучнага інтэлекту ў 2025 годзе. Акрамя таго, у гэтых дзвюх краінах размешчана 57% новых дата-цэнтраў, пабудаваных у свеце з 2024 года.

Хто адстае?

У большасці буйных краін Заходняй Еўропы эканоміка будзе расці значна павольней, чым у ЗША і вядучых азіяцкіх дзяржавах. Паводле прагнозу МВФ, ВУП Еўрасаюза ў 2026 і 2027 гадах будзе павялічвацца на 1,4% штогод.

Прагноз Міжнароднага валютнага фонду па росце ВУП у Еўрасаюзе і асобных еўрапейскіх краінах на 2026—2028 гады ў параўнанні з сусветнымі паказчыкамі (самы высокі слупок). Даныя за 2025 год і прагноз на 2026—2028 гады. Крыніца: data.imf.org

Асабліва сціплыя перспектывы ў Францыі, дзе сёлета чакаецца рост усяго на 0,4%. У Германіі і Вялікабрытаніі прагназуюць па 1,3%, у Аўстрыі — 0,6%.

У 2027 годзе рост французскай эканомікі павінен паскорыцца да 0,7%, аўстрыйскай — да 0,9%. А вось у Германіі ён, наадварот, запаволіцца да 1,1%, у Вялікабрытаніі — да 1,2%.

Пры гэтым Еўропа неаднародная. Напрыклад, у Польшчы фонд прагназуе рост на 3,4% у 2026 годзе, у Літве — на 2,7%, а ў Латвіі — на 2,3%. Гэта прыкметна вышэй за сярэднія паказчыкі Еўрасаюза.

У асабліва складаным становішчы, паводле МВФ, апынуліся краіны, якія моцна залежаць ад імпарту энергарэсурсаў і пры гэтым амаль не атрымліваюць выгаду ад развіцця штучнага інтэлекту. Падаражэнне нафты і газу павялічвае іх выдаткі, а тэхналагічны бум не дае дастатковага дадатковага імпульсу для эканомікі.

Такія краіны адначасова сутыкаюцца з ростам кошту імпарту, ціскам на нацыянальныя валюты і зніжэннем рэальных даходаў насельніцтва. У дзяржаў застаецца менш магчымасцяў падтрымліваць эканоміку за кошт бюджэту. Паводле МВФ, прагнозы эканамічнага росту былі пагоршаныя, у прыватнасці, для шэрагу краін Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу.

Беларусь і суседзі

Беларусі МВФ таксама прагназуе даволі сціплы эканамічны рост. У 2026 годзе беларускі ВУП, паводле кастрычніцкага прагнозу, павялічыцца на 1,9%, а ў 2027‑м — толькі на 1,2%. Гэта ніжэй за чаканыя тэмпы росту сусветнай эканомікі.

Тэмпы росту ВУП Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі і Украіны ў 2025 годзе і прагноз на 2026—2028 гады. Крыніца: data.imf.org

Яшчэ больш сціплыя паказчыкі ў Расіі: фонд прагназуе рост яе эканомікі толькі на 0,9% у 2026 і 2027 гадах.

Асобна вылучаецца Украіна. На 2026 год МВФ прагназуе ёй рост ВУП на 1%, але ў 2027 годзе чакае паскарэння да 3,5%, а ў 2028‑м — да 4,2%. Зразумела, што гэтыя прагнозы асабліва моцна залежаць ад таго, як будзе развівацца ваенная сітуацыя.

У самой Беларусі істотнага паскарэння ў найбліжэйшыя гады фонд не чакае. На 2028 год прагназуецца рост ВУП усяго на 1,1%.

Што можа змяніць прагноз?

Галоўнай крыніцай нявызначанасці для сусветнай эканомікі застаецца вайна на Блізкім Усходзе. Прагноз МВФ грунтуецца на дапушчэнні, што Армузскі праліў, праз які праходзіць значная частка сусветных паставак нафты, зноў адкрыецца да сакавіка 2027 года, а да кастрычніка сітуацыя ў рэгіёне ў асноўным вернецца да даваенных умоў.

Наступствы вайны ўжо адчуваюцца ў эканоміках краін Персідскага заліва. Бахрэйн, Ірак, Кувейт і Катар сутыкнуліся з сур'ёзнымі перабоямі ў гандлі нафтай і газам. МВФ чакае, што ў 2026 годзе здабыча энергарэсурсаў у гэтых краінах скароціцца двухзначнымі тэмпамі, але ў наступным годзе страчаныя аб'ёмы ўдасца аднавіць.

У цэлым эканоміка Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі, паводле прагнозу фонду, сёлета скароціцца на 0,3%, затое ў 2027 годзе вырасце на 6,3%.

Асабліва рэзкія ваганні прагназуюцца ў Саудаўскай Аравіі. Пасля росту на 4,6% у 2025 годзе яе эканоміка сёлета, як чакае МВФ, скароціцца на 3,3%, а ў 2027‑м вырасце на 7,9%.

Пры гэтым прагноз быў падрыхтаваны яшчэ да апошніх ракетных удараў па тэрыторыі каралеўства, у тым ліку па аэрапорце Эр-Рыяда. Таму наступствы гэтых нападаў у разліках фонду яшчэ не ўлічаныя.

Яшчэ адзін фактар — далейшае развіццё штучнага інтэлекту. Фонд чакае, што глабальны тэхналагічны бум паступова стане менш інтэнсіўным. Пры гэтым у прагноз пакуль не закладзены дадатковы рост прадукцыйнасці працы, які можа прынесці больш шырокае ўкараненне ШІ.

Каментары3

  • Реал эканомік
    13.10.2026
    Якія прыгожыя лічбы, толькі есць нюанс. ВУП у паперках МВФ лічыцца грашыма без уліку інфляцыі, якая нават дапамагае паскорыць рост. Калі ж зрабіць папраўку атрымліваецца нейкі адмоўны рост.
    Напрыклад ВУП ЗША +2.3%, інфляцыя +3.6%.
    ВУП Польшчы +3.4%, інфляцыя +4%.
    Што тут казаць пра такіх небарак як Беларусь і Расея, дзе назіраецца глыбока адмоўны рост.
    Краіны з рэальным ростам ВУП (вышэйшым за інфляцыю) на пальцах пералічыць можна.
  • .
    13.10.2026
    "Сусветная эканоміка ўсё больш падобная да літары К. Дзе на ёй знаходзіцца Беларусь?"

    В "ж".
  • Знайка
    14.10.2026
    Реал эканомік, няўжы ты думаеш, што МВФ такі дурны? Зірні на табліцу на англійскай. Там напісана "Real GDP growth" — «рост рэальнага ВУП". Гэта значыць з улікам інфляцыі.

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла галоўны доктар 3‑й стаматалогіі Мінска2

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць10

«Мы чакалі цябе». Як венесуэльцы сустракалі Марыю Мачада ВІДЭА3

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў71

Маленькага сына забітай у Ізраілі беларускі хоча забраць сям’я Алі, падазраванага ў забойстве. Дзед ідзе ў шарыяцкі суд14

Севярынец расказаў, як на з’ездзе БХД лавілі агентаў33

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»5

На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава5

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць