Грамадства3333

«Робіцца гэта за грошы расіян». «Белпол» расказаў, як Беларусь рыхтуецца да вайны

Аб’яднанне Belpol сумесна з «Супольнасцю чыгуначнікаў» падрыхтавала маштабны аналітычны даклад «Мілітарызацыя Беларусі». Дакумент дэталёва апісвае, як улады краіны пераводзяць эканоміку на ваенныя рэйкі, змяняюць заканадаўства пад патрэбы набору і рыхтуюць інфраструктуру для перакідання расійскіх войскаў. Закрытая прэзентацыя даследавання прайшла на Варшаўскім форуме бяспекі. Выданне «Люстэрка» азнаёмілася з матэрыяламі і пагаварыла з прадстаўніком Belpol пра галоўныя высновы дакумента.

Сакрэтны вайсковы аб’ект «Лагістычны цэнтр у Клімавіцкім раёне». На будынках антыдронавая абарона. Крыніца: даклад Belpol «Мілітарызацыя Беларусі»

«З усходу на захад»

Даклад складаецца з чатырох частак, у іх аналізуюцца падрыхтоўка грамадства, адаптацыя цывільных аб’ектаў пад патрэбы войска, праца прадпрыемстваў і змяненне законаў.

«У папярэднія гады мы расказвалі даволі сцісла пра асобныя элементы мілітарызацыі, — тлумачыць прадстаўнік Belpol Уладзімір Жыгар. — Зараз мы дадаткова паказалі, як будуецца вайсковая інфраструктура. Калі паглядзець на размяшчэнне рознага роду вышак сувязі, мы бачым, што ўсё гэта робіцца ўздоўж асноўных дарог. У нармальнай дзяржаве гэта павінна размяшчацца ад цэнтра да межаў — каб цэнтр мог кантраляваць усю краіну. Аднак мы бачым, што ў Беларусі будаўніцтва інфраструктуры ідзе з усходу на захад. Робіцца гэта за грошы расіян і вельмі часта з кампанентаў, якія вырабляе РФ».

У якасці прыкладу маскавання такіх пабудоў у даследаванні прыводзіцца лагістычны цэнтр у Клімавіцкім раёне недалёка ад Крычава.

«У выніку там будзе размешчаны той самы «Арэшнік», аднак ён маскуецца пад лагістычны цэнтр. Пры гэтым мы бачым, што там ужо размяшчаецца і антыдронавая абарона, і сістэмы СПА, і шмат чаго іншага, — дадаў прадстаўнік Belpol.

Асобную ўвагу аўтары дакумента надалі Беларускай чыгунцы (БЧ). «Супольнасць чыгуначнікаў» здабыла даныя пра тое, як пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе кіраванне магістраллю было перабудавана. Зараз у Цэнтры кіравання перавозкамі пастаянна знаходзяцца вайскоўцы, а сама сістэма гатовая да хуткага прыёму і перакідання буйных узброеных груповак без выкарыстання публічных станцый.

Трэцяя частка дакладу прысвечаная эканоміцы. Аўтары прыходзяць да высновы, што вытворчасць зброі і боепрыпасаў для Расіі стала адным з галоўных фактараў падтрымкі многіх беларускіх прадпрыемстваў.

Чацвёрты раздзел апісвае змены прававой базы. На думку аўтараў, адмова ад нейтралітэту і безядзернага статусу ў Канстытуцыі, а таксама падпісанне новых дамоў з Масквой юрыдычна замацоўваюць страту суверэнітэту ў абарончай сферы.

«Сабралі каштоўныя доказы»

Прэзентацыя дакладу адбылася 12 кастрычніка ў межах закрытага круглага стала на Варшаўскім форуме бяспекі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел замежныя эксперты, дыпламаты і палітыкі. Адкрывала сустрэчу Святлана Ціханоўская, якая адзначыла важнасць сабраных фактаў для еўрапейскага рэгіёна.

Святлана Ціханоўская на прэзентацыі дакладу Belpol «Мілітарызацыя Беларусі» на Варшаўскім форуме па бяспецы, 12 кастрычніка 2026 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Прадстаўнік Belpol Уладзімір Жыгар расказаў «Люстэрку», што больш за ўсё цікавіла замежных удзельнікаў круглага стала на Варшаўскім форуме бяспекі.

«Усе 50 месцаў, адведзеныя для гэтага мерапрыемства, былі занятыя, — адзначыў Жыгар. — Асноўны націск быў на разуменні таго, як мілітарызацыя Беларусі пагражае краінам Балтыі, Польшчы і Украіне. А галоўнае пытанне заходніх партнёраў было: «Што рабіць?» І ў нашым дакладзе ў самым канцы мы апісваем, што неабходна зрабіць на сённяшні дзень усім, каб у выніку гэтая сітуацыя не абярнулася агрэсіяй у дачыненні да суседніх дзяржаў».

Раней Belpol ужо перадаваў украінскаму боку непублічную інфармацыю аб мілітарызацыі Беларусі. Аб’яднанне таксама публікавала даклад пра ролю Кітая ў падтрымцы беларускага ВПК. Эксперты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Belpol рыхтавалі сумесны даклад «Дзеці без будучыні». У ім разбіралася, як непаўналетніх беларусаў сістэматычна ўцягваюць у ідэалагічную апрацоўку, рыхтуючы з іх рэзерв для сілавых структур праз сістэму вайскова-патрыятычных клубаў.

Каментары33

  • Дзякуй
    13.10.2026
    Вось чаму тут ябацькі гоняць на Жыгара, таму што ён распавядае праўду пра падрыхтоўку нападу на суседзяў іх Лукі разам з Расіей.
  • вінак
    13.10.2026
    вось так, еўрапейскія партнеры, вы у 1991 не захацелі прымаць Беларусь і Украіну у ЕС. Зараз не дзівіцеся што Расея тут гаспадарыць і рыхтуецца да вайны
  • Ну
    13.10.2026
    Ўчора ж было сказана, было б добра. Але пакуль вайсковыя дачакаюцца адабрэння дзеянняў ад палітыкаў...

Цяпер чытаюць

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам23

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам

Усе навіны →
Усе навіны

Па-беларуску выйшла кніга «Дух надзеі» пра тое, як дзейнічаць, калі будучыня палохае, і як супрацьдзейнічаць страху2

«Паглядзіце на тое, што адбываецца ва Украіне проста зараз, у гэтую хвіліну». Экс-прэзідэнт Юшчанка звярнуўся з адкрытым лістом да Трампа20

У Магілёве кафэ дорыць школьнікам слодычы за добрыя адзнакі. Трэба толькі паказаць дзённік1

У Беларусі ўпершыню з'явілася ламаная разметка2

Былога выкладчыка духоўнага вучылішча, які жанаты з маладзейшай за яго на 30 год студэнткай, выпусцілі з ізраільскай паліцыі8

Знайшлі загінулым мінчука, што прапаў два тыдні таму

Беларуска набыла BMW у Маскве і папала на грошы — давялося даплаціць яшчэ $12 тысяч, каб ездзіць на аўто10

SpaceX без папярэджання абмежавала працу Starlink ва Украіне. У вайскоўцаў сарваліся аперацыі34

Статкевіч: Каго не ўдалося запалохаць да сталага ўзросту, таго ўжо не запалохаеш

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам23

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць