Ціханоўская: Рэпрэсіі супраць беларускай культуры большыя, чым у часы СССР
«З дапамогай Лукашэнкі яны спрабуюць ператварыць беларусаў у паслухмяных, лаяльных людзей, а ўрэшце — у расіян».

Святлана Ціханоўская выступіла на мерапрыемстве БДІПЧ АБСЕ, прысвечаным захаванню нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці ва ўмовах аўтарытарызму і ролі моладзі ў беларусізацыі. Мерапрыемства арганізавалі каля 30 краін — удзельніц АБСЕ, якія ўваходзяць у нефармальную Групу сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Ціханоўская, сярод іншага, заявіла, што «рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь закладніцай Расіі і крок за крокам уцягвае ў вайну», перадае «Свабода».
«Але бяспека — гэта не толькі войска, мілітарызацыя, вайсковыя вучэнні ці атакі мігрантаў, якія выкарыстоўваюцца як зброя і арганізуюцца Расіяй ды Лукашэнкам. Літаральна ўчора разам з BelPol мы прэзентавалі новую справаздачу аб мілітарызацыі Беларусі. Значная яе частка прысвечана адукацыі, СМІ і моладзі, а таксама таму, як Расія спрабуе ўплываць на Беларусь праз гэтыя сферы», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Яна нагадала пра палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага, заявіла, што прапаганда выхоўвае маладое пакаленне беларусаў, якія маюць успрымаць Расію як сваю ўласную краіну.
«Перапісваецца гісторыя. Знішчаецца культура. Моладзь русіфікуецца — праз расійскія цэнтры, масавую культуру, прапаганду, праграмы абмену і школы. Гэтыя злачынствы пакінуць глыбокую рану і працяглы след ува ўсёй нацыі», — заявіла яна.
Паводле яе, апошнімі гадамі — пасля 2020‑га і асабліва пасля 2022‑га — у Беларусі рэпрэсіі супраць беларускай культуры й ідэнтычнасці толькі ўзмацніліся.
«Думаю, нават у савецкія часы яны не мелі такога маштабу, як цяпер», — сказала Ціханоўская.
«Больш за ўсё мяне турбуе стан беларускай мовы. Беларусь перажыла амаль два стагоддзі русіфікацыі. Я сама вырасла ў расійскамоўнай сям’і. Беларускую мову я ведала пераважна дзякуючы бабулі ў вёсцы. Але за апошнія гады, як і многія беларусы, я паступова вяртаюся да беларускай мовы. Бо я зразумела, што беларуская мова — гэта таксама форма супраціву «рускаму міру». Гэта таксама абарона ад расійскага ўплыву. Акрамя таго, мова — гэта тое, што аб’ядноўвае беларусаў унутры краіны і па ўсім свеце», — падкрэсліла яна.
Ціханоўская кажа, што Расія мае на мэце знішчыць усё беларускае.
«Расія сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага. З дапамогай Лукашэнкі яны спрабуюць ператварыць беларусаў у паслухмяных, лаяльных людзей, а ўрэшце — у расіян.
Але я ганаруся, калі бачу, як маладыя людзі ў Беларусі запісваюць TikTok-відэа па-беларуску, ствараюць відэа для YouTube, адкрываюць для сябе беларускую мову і культуру. Гэта дае мне вялікую надзею. Я глыбока перакананая: пакуль рэжым змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры, задача дэмакратычных сілаў — усё гэта захаваць», — прыводзіць яе словы Офіс палітыка.
Ціханоўская заклікала АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі падтрымліваць незалежныя медыя, грамадзянскую супольнасць і культурныя ініцыятывы, якія адыгрываюць асаблівую ролю ў адраджэнні беларускай мовы.
Ціханоўская перакананая: у той час як рэжым змагаецца з беларускай мовай і культурай, задача дэмакратычных сілаў — захаваць усё гэта. Яна заклікала прыраўняць да рэпрэсіяў і парушэння правоў чалавека моўныя і культурныя рэпрэсіі, а не разглядаць іх як нешта другараднае. Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларускія ініцыятывы ў гэтай сферы, пашыраць магчымасці для моладзі атрымліваць еўрапейскую адукацыю, для дзеячаў культуры і моладзі — атрымліваць візы, дакументаваць рэпрэсіі ў галіне культуры для прыцягнення ў будучыні вінаватых да адказнасці.
Каментары