Літаратура22

Сны на Акрэсціна

Адзіная прычына, з якой аўтар прапануе чытачу гэтыя замалёўкі, — веданне таго, што яны не будуць больш банальнымі за аповеды пра дрэннае харчаванне і вартаўнікоў з сярэдняй адукацыяй. Піша Алесь Кіркевіч.

Адзіная прычына, з якой аўтар прапануе чытачу гэтыя абсурдныя замалёўкі, — веданне таго, што яны не будуць больш банальнымі за аповеды пра дрэннае харчаванне і вартаўнікоў з сярэдняй адукацыяй.
Падставамі для замалёвак сталі сны, якія прысніў аўтар у Акрэсцінскім ізалятары між 24.12.10 і 3.01.11.

*

Як паглядзець — нейкая паўднёвая калонія віктарыянскай эпохі. 12-гадовая дзяўчынка. Даволі смешная, з залатымі валасамі, у белай сукенцы — дачка гаспадара маёнтка. Блакітнае неба, мора, трава на ветрыку. Усе чакаюць гаспадара. З дому выносіцца непатрэбнае староцце: нешта накшталт старасвецкага экіпажа, нешта накшталт раяля (праціраю рукой — з-пад пылу блішчыць назоў фірмы на «Е…»). Каля дзвярэй сядзіць тоўстая мясцовая жыхарка сталага веку, цягне рукі ўгару, ля яе ног — здаравезны плецены кош.

Быццам усё падрыхтавана: нават зялёныя схілы са сцежкамі ўверх-уніз. Застаецца толькі… маленькая чарнаскурая служка, аднагодка дачкі гаспадара — залатавалосае дзяўчо яе чамусьці ненавідзіць.

І вось на самым узбярэжжы, пасярод пляжу, сярод помнікаў загінулым караблям у выглядзе вытачаных ветрам каменных стэлаў, у промнях заходзячага сонца, ляжыць збітая чорнавалосая дзяўчынка з апухлым тварам, жывая. Над ёй — дачушка гаспадара, пагражае забіць і зачапіць цела «сяброўкі» круком да карабельнага каната — карабель, маўляў, чамусьці працягне яе па дне і ніякіх слядоў ужо не застанецца…

І тут раптам на гарызонце ўзнікаюць тры фігуры, якія выходзяць з будана за невялічкай бухтай. Дзяўчынка іх бачыць, пры гэтым пазнае сярод іх свайго тату — статнага, маладжавага, з бялявымі валасамі, укладзенымі назад, на ім — чорны фрэнч з накладнымі кішэнямі. Разам з ім — невядомая асоба (мажліва, жанчына), а таксама рослы і мажны дзяцюк з флікерамі і амаль срэбным надпісам «МІЛІЦЫЯ» на бушлаце. Апошні пераступае з нагі на нагу, слухаючы як бацька старанна нешта тлумачыць.

Гэта ЯЕ віна…

*

Калі генералам аднекуль з Усходняй Еўропы не шэнціць узяць уладу на сваёй Радзіме, а начныя перамовы чорных сілуэтаў на даху будынка не даюць плёну — кожны робіць свой выбар. Шмат для каго гэты выбар — з’ехаць, шукаць долі там, дзе няма шэрага неба, шэрых гмахаў, шэрых вачэй няўдзячных суайчыннікаў.

…Недзе ва Усходняй Афрыцы на раздарожжы сціплай вёсачкі ніяк не можа высахнуць вельмі беларуская лужына — на нейкі час яе не бачна, ужо шчылінкі разрываюць, але як пройдзеш, дык абавязкова ногі запэцкаеш. Каля лужыны акурат і сустракаліся ён і яна (ногі пэцкаў звычайна ён) — дзве кроплі вяршкоў у агромістым кубку чорнай кавы. «Афрыканеры», так бы мовіць. Яна яго вельмі кахала. Ён яе… таксама. Вельмі. І ўсе казалі ім пра добрую пару і г.д. Але нешта здарылася. Хутчэй у нябачным свеце, чым у бачным, бо ніводнай хмаркі на гарызонце так і не з’явілася, а лужына так канчаткова і не высахла. Ён сышоў. Мажліва да ІХ. І яна не ведала, што з гэтым рабіць.

Гэта быў марш на мясцовую сталіцу, падзея нярэдкая ў гэтым нестабільным краі. Калона расцягнулася па ўзгорках, а правадыр у высокай фуражцы і з нябачным тварам нешта крычаў у істэрыцы. Калону паволі замятала ці то снегам, ці то пылам, ці то попелам…

*

Горадня. Лета. Я — дома. Чую «нашы» лозунгі — выходжу на балкон свайго 7-га паверха. Удалечыні, на прамзоне ідзе трэнінг: спецназ рубіцца з псеўдадэманстрантамі: вечна жывыя лозунгі, бутафорскія транспаранты і сапраўдныя палкі супраць усё тых жа шчытоў і дубінак.

Акурат пад балконам — суцэльны фестываль тыпу «За сильную и процветающую…» Гіганцкія тапорныя лялькі ў некалькі чалавечых ростаў, мора дзяцей, смеху, фарбаваных «цёцечак» для падбадзёрвання публікі. Карнавал поўным ходам. На залітай сонцам паляне, пад акацыяй, у эпіцэнтры падзеі, вусаты дзядзька — нешта паміж Казловым са «Што? Дзе? Калі?» і Анатолем Куляшовым папраўляе 8-гадоваму хлопчыку ў чорным балахоне нашыўку з калаўротам «РНЕ», які плаўна перацякае ў выяву сціснутага кулака.

*

Пад Раство нарадзілася Нацыя
Паміж парашай і закратаваным акном
«Народ прынёс дары, — гучыць па рацыі, —
Апроч сцягоў ды смірны… прыхаваны лом»
Ідзе хапун. Гарыць звязда. Згасае знічка пакрысе.
Таўкуць жанчын. Таўкуць ваўкоў. Жанчын паболей…
Хто мог — сышоў. Змаглі не ўсе.
«Даволі, — запытаеш, — ці ДаКолі»?
Я адкажу: «Да Волі!»

Каментары2

Цяпер чытаюць

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне10

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне

Усе навіны →
Усе навіны

«Калі шандарахне па цягніку, хто будзе лідарам дэмсіл?» Два дні з дэлегацыяй Ціханоўскай у Кіеве — што засталося за кадрам42

УСУ ўдарылі па Таганрогу: акрамя нафтавых аб'ектаў, знішчаныя два самалёты і «Іскандэр»8

Пасла Расіі ў Арменіі адклікалі ў Маскву для кансультацый1

Беларуска прадала расіяніну BMW, скрадзены ў Швецыі. Расійскі суд пакінуў машыну пакупніку — бо Швецыя варожая краіна7

«Гэта добрая рыса, трэба гаварыць». Пазняк пахваліў Макрона за званок Лукашэнку82

Ракета Blue Origin, што выбухнула падчас выпрабаванняў, ставіць пад сумненне планы НАСА вярнуцца на Месяц8

Як Навагрудак перастаў быць Руссю і зрабіўся Літвой30

Расія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан запатрабавалі ад Арменіі правесці рэферэндум і выбраць паміж Еўрапейскім і Еўразійскім саюзамі14

Як птушкі арыентуюцца падчас пералётаў? Навукоўцы прапануюць адказ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне10

«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць