Андрэй Расінскі. Кадры

Беларускае порна і ірляндзкі транссэксуал

Сэксуальныя гульні ў карцінах "Яшчэ пра вайну" Пятра Крывастаненкі і "Сьняданак на Плютоне" Ніла Джордана


Яшчэ пра вайну

Сьняданак на Плютоне

БТ, 19.55

Яшчэ пра вайну (Ещё о войне)

Беларусь, 2004, каляровы, 55 хв.

Рэжысэр: Пётр Крывастаненка

Ролі выконваюць: Сьвятлана Кажамякіна, Анатоль Кот, Вера Палякова, Аляксандар Канановіч

Жанр: Вайсковая мэлядрама паводле аповесьці Віктара Канецкага "Хто глядзіць у аблокі"

Адзнака: 3 (з 10)

У апошняй прадукцыі «Беларусьфільму» — «Яшчэ пра вайну» — экран то заліецца летнім і лёгкім трапяткім сьвятлом, то ў кадры паўстануць стрыманыя засьнежаныя дрэвы, а няўлоўны чалавечы адбітак задрыжыць у замерзлай сажалцы.

Творца гэтых пекных і празрыстых выяваў — адна з найлепшых апэратарак Тацяна Логінава. Але больш пра фільм сказаць няма чаго. Дакладней, фільму як такога няма.

Ёсьць эклектычная і нікчэмная гісторыя «Муж вярнуўся з камандзіроўкі», дзе апошняя мода — чысьценькія вайсковыя шынэлі, а гукавы фон — урачыстыя паведамленьні Інфармбюро. (Сцэнар Ізольды Кавелашвілі паводле аповесьці Віктара Канецкага).

Ёсьць дзьве гераіні-мэдсясьцёркі, якія невядома зь якой халеры парацца ў лазьні і аголеныя бегаюць па сьнезе – што мусіць азначаць лірычныя пакуты й расслабленьне. Зрэшты, нават апранутая жанчына ў карціне выглядае непрыстойна: тупыя вочы, хрыплы подых, дотык – і анічога ўнутры.

Зь мясцовага калярыту – старая бабка, якая спрабуе размаўляць на трасянцы.

Анатоль Кот у ролі абуранага мужа спрабуе ажывіць гэтую кардонавую пустату, але ягонаму магутнаму таленту патрэбныя іншыя рэжысэры.

Невядома, на якую аўдыторыю разьлічаны гэты дэбют Пятра Крывастаненкі.

Ветэранаў не парадуюць эратычныя штампы. Аднак яшчэ парачка такіх фільмаў – і "Партызанфільм" сьмела можна пераймяноўваць у "Порнафільм".

НТВ, 22.50

poster

Ірляндыя – Вялікая Брытанія, 2005, каляровы, 135 хв.

Рэжысэр: Ніл Джордан

Ролі выконваюць: Кіліян Мэрфі, Лаям Нісан, Рут Нэга, Лоўрэнс Кінлэн, Стывэн Ры, Брэндан Глісан, Конар МакІвой, Гэвін Фрайдэй

Жанр: Камэдыйная драма

Адзнака: 7 (з 10).

Ірляндзкаму сьвятару (Лаям Нісан) падкідаюць дзіця. Хлопчык вырас у прыёмнай сям’і, нафарбаваў вусны, начапіў дзявочыя апранахі – і рушыў у Лёндан шукаць біялягічную маці. Лёндан 70-х сустрэў трансвэстыта ангельска-ірляндзкімі бойкамі, выбухамі й злымі маньякамі…

Ірляндзкі рэжысэр Ніл Джордан – віртуозны майстар гратэску. То ў цэнтры ўвагі нестандартная сям’я крывасмокаў («Інтэрвію з вампірам»), то каханьне да транссэксуала падрывае падпольную барацьбу («Абуральная гульня»).

Сур’ёзныя мужчынскія гульні – вайна, тэрор, паліцыйныя акцыі – эфэктна травэстуюцца ў «Сьняданку» ня столькі самім героем (геніяльная гульня Кіліяна Мэрфі), колькі ўсёй глямурнай эстэтыкай 70-х. Малімонныя фарбончыкі й карункі, ружовае й стракатае, пачуцьцёвыя песенькі пра каханьне (саўндтрэк – фішка фільму).

Легкадумнае апавяданьне вядуць птушкі малінаўкі (!), тэлевізійныя прыгажуні – і сам герой, які дзявочым почыркам выводзіць чарговую старонку сваіх прыгодаў. Гэтыя прыгоды зламалі б і Шварцэнэгера, але Патрык сьмела фліртуе на расстрэле (адна з самых сьмешных сцэнаў карціны), даводзіць турэмшчыкаў да шаленства і нэўтралізуе маньяка таннымі духамі.

Ён хацеў знайсьці маці – а сустрэў бацьку, які прыпёрся на піп-шоў і спавядаўся «Патрыцыі» ў сваіх грахох. Сцэнка паўтарае знакаміты эпізод зь фільму «Парыж–Тэхас» Вэндэрса, але расквечаная іранічнымі танамі. Зь ня меншай іроніяй – і з большым надрывам – паўторыць Джордан і сцэны гіпнозу (арыгінал – «Ночы Кабірыі»), дзе лямант па згубленай маці выбухне рогатам сытае публікі.

Але самыя страшныя зьдзекі патонуць у блакітных вачох, а сур’ёзнасьць спасуе перад гульнёй.

Кіліян Мэрфі («Дыскасьвіньні», «Начны рэйс») дэманструе ігру экстраклясы. Яго папярэднія героі былі маньякамі й апантанымі закаханымі. Патрык-Кітэн – бязьвінная істота ня з гэтага сьвету, чаго для падрыву сур’ёзнасьці паспалітае публікі дастаткова. Мэрфі намінаваўся на «Залаты глёбус» за найлепшую мужчынскую ролю ў камэдыі.

Усе фільмы

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна33

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

Маск з гумарам пракаментаваў паразу партыі, у якую ён уклаў 400 мільёнаў даляраў14

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром70

Былы мэр Талачынскага раёна аднавіў з руінаў 200‑гадовую капліцу6

«Яго шукае ўвесь Мінск». Мужчына вінен дзясяткі тысяч даляраў

Беларуска вядзе ў Расіі мільённы бізнэс — а дома яе палічылі дармаедкай10

Дэмакратычная партыя выйграе выбары ў Сенат ЗША3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна33

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць