Музыка22

«Басовішча ХХІV»: Поўная змена пакаленняў

Сёння ва ўрочышчы Барык каля Гарадка на Беласточчыне пачынаецца двухдзённы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Глядзі таксама: Поўная праграма фэсту «Басовішча ХХІV».

Фэстываль — адна з найбольшых беларускіх музычных імпрэзаў такога тыпу — сёлета адбываецца 24-ты раз. Першы фэстываль быў арганізаваны Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў (ад абрэвіятуры арганізацыі — БАС — паходзіць назва фэстывалю) у ліпені 1990 году.

Увесь гэты час фактычнымі арганізатарамі фэстывалю былі студэнты-беларусы зь Беласточчыны. Апошнія два гады фармальнымі арганізатарамі быў ужо ня БАС, а іншыя арганізацыі (сёлета — фонд Villa Sokrates, заснаваны пісьменьнікам Сакратам Яновічам).
Галоўны спонсар фэстывалю — польскі ўрад — меў засьцярогі да таго, як студэнты прадстаўлялі разьлік дзяржаўнай датацыі на фэстываль. Так што два апошнія гады фінансавымі справамі фэстывалю займаліся яго старэйшыя сябры і прыхільнікі. Але ў самым галоўным — атмасфэры і спосабе арганізацыі — «Басовішча» захавала свой студэнцкі характар, у якім шмат маладзёвай непасрэднасьці, энтузіязму і імправізацыі.

Галоўны цяжар арганізацыйна-лягістычнай працы перад, пасьля і ў часе фэстывалю бяруць на сябе беларускія студэнты зь Беласточчыны, якія, варта падкрэсьліць, усю сваю працу выконваюць задарма.
Пра гэта гаворыць Ганна Пякарская, студэнтка другога курсу культуралёгіі, якая разам з 30 іншымі сябрамі БАСу і валянтэрамі са студэнцкага асяродзьдзя рупіцца пра тое, каб сёлетняе «Басовішча» адбылося без аніякіх арганізацыйных збояў: «Басовішча заўсёды арганізавалі студэнты і заўсёды рабілі гэта бясплатна. Мы працягваем гэтую традыцыю і таксама не бярэм грошай за арганізацыю фэстывалю. Я думаю, што калі нічога не памяняецца, дык мы ніколі ня будзем браць за гэта грошай. У фэстывалі грошы не найважнейшыя. Тут мы шмат чаму вучымся, шмат з кім знаёмімся, шмат чаго даведваемся. Па-мойму, калі б мы бралі грошы, у нас было б значна менш магчымасьцяў дзеля гэтага».

Сёлетні фэстываль адметны тым, што на ім выразна заўважаецца поўная зьмена пакаленьняў, якая адбылася сярод яго арганізатараў. Ганна Пякарская — дачка Барбары і Міраслава Пякарскіх, якія арганізавалі першае «Басовішча» ў ліпені 1990.
Сярод студэнтаў-арганізатараў сёлетняга фэстывалю таксама Аляксандар Ваўранюк, сын Аліны і Міколы Ваўранюкоў, якія арганізавалі «Басовішчы» ў першай палове 1990-х.

Кожнаму гурту і выканаўцу, які выступае на «Басовішчы», арганізатары выдзелілі аднаго апекуна-студэнта, які дапамагае з усімі арганізацыйнымі справамі, такімі як кватараваньне, харчаваньне, транспарт.
Выканаўцаў «Басовішча» — большасьць якіх зь Беларусі — кватаруюць у Гарадку і ў навакольных мясцовасьцях. Некаторыя выканаўцы — кажа Ілёна Карпюк-Дамброўская, некалі арганізатарка фэстывалю, а цяпер адна з выканаўцаў на сцэне і «прэс-аташэ» імпрэзы — настолькі ўпадабалі сабе атмасфэру ва ўрочышчы Барык, што ня хочуць, каб іх кватаравалі ў людзей, а прыяжджаюць з намётамі, якія расстаўляюць на адмысловым полі непадалёк ад сцэны або ў лесе, дзе «кватаруецца» бальшыня гледачоў.

Як і раней, застаецца вялікая праблема зь перасячэньнем шэнгенскай мяжы для гледачоў «Басовішча» зь Беларусі. Раней арганізатары спрабавалі арганізоўваць нейкія адмысловыя туры на «Басовішча» для грамадзян зь Беларусі, якім візы каштавалі б меней, чым звычайна.
Часам гэта ўдавалася, іншы раз — не. Сёлета не ўдалося аформіць ніжэйшага кошту візаў для сяброў «Басовішча» ў Беларусі. Гаворыць Ілёна Карпюк-Дамброўская: «Вялася праца ў гэтым кірунку, і была прыхільнасьць як Міністэрства замежных справаў, так і консульства, але не хапіла часу. Ідэя была, каб арганізаваць у Беларусі аўтобус, які прывёз бы гледачоў у Гарадок на Басовішча, а візы ім былі б бясплатныя. На жаль, мы пачалі афармляць гэтую справу запозна і не хапіла часу, каб давесьці яе да канца. Так што мы разьлічваем на тую публіку зь Беларусі, якая візы атрымала іншым спосабам. Мы чулі дэклярацыі ад людзей зь Беларусі, што яны зьбіраюцца на Басовішча, так што мы не баімся, што нікога адтуль ня будзе».

Выразная зьмена пакаленьняў наступіла ня толькі сярод арганізатараў фэстывалю ў Гарадку, але і сярод яго выканаўцаў. Мне асабіста, вядоўцу двух першых «Басовішчаў», сьпіс сёлетніх выступоўцаў ужо амаль нічога не гаворыць.
Ды так яно, па-сутнасьці, мае быць. Гэта ж музыка маладой Беларусі, то бок, хутчэй музыка нашых дзяцей-студэнтаў, чым наша.

Наўпроставую трансьляцыю з фэстывалю «Басовішча-2013» можна будзе пачуць на сайце Радыё Рацыя (www.racyja.com). Трансляцыя канцэртаў 19 і 20 ліпеня пачынаецца а 17-й гадзіне.

Каментары2

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?51

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць