Грамадства6868

Мінчук Алесь Цюленеў амаль паўгода дамагаўся, каб яго прозвішча ў пашпарце запісалі лацінкай. Што атрымалася?

Каб замест Tsiulenev'a cтаць спадаром Ciulieniev'ym, мінчук Алесь Цюленеў выдаткаваў 4 месяцы 2 тыдні і 2 дні свайго жыцця на перапіскі, паходы ў пашпартныя сталы і сустрэчы з іх супрацоўнікамі. «Каб мне хто сказаў у самым пачатку, што я столькі буду змагацца за сваё прозвішча з міліцыяй, я б толькі пасмяяўся», — жартуе Алесь.

Але пакуль цягнуўся ўвесь гэты працэс, яму было не да жартаў: «Я паспеў перажыць і сум, і адчай, і ляноту, і смех, і сорам…».

Алесь Цюленеў.

Алесь працуе ў фірме, якая прапаноўвае вентыляцыйныя паслугі. Лацінкай карыстаецца год трыццаць, піша на ёй ў фэйсбуку: «Пабачыў лацінскае напісанне ў першых нумарах адноўленай у 90-я гады «Нашай Нівы», пачаў цікавіцца. А цяпер мне з ёй натуральна і зручна, а кірыліца, на маю думку, не мае перспектывы».

Калі надышоў час мяняць пашпарт, Аляксандр як законапаслухмяны грамадзянін прыйшоў да пашпартысткі, запоўніў там патрэбную заяву, напісаўшы імя і прозвішча як Aliaksandr Ciulienieŭ. Аддаў у акенца. Заўвага, што такое напісанне няслушнае, не прымусіла сябе чакаць. Жанчына ў пашпартным стале спасылалася на інструкцыю па транслітарацыі імёнаў МУС №288 ад 9 кастрычніка 2008 года. На што Алесь, у сваю чаргу, прадэманстраваў ёй пастанову па картаграфічнай транслітарацыі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці №38 ад 11 ліпеня 2007 года.

Алесь настойвае: мы маем сваю лацінку, у дачыненні да населеных пунктаў правілы яе выкарыстання афіцыйна зацверджаныя і нават рэкамендаваныя ААН, а прозвішчы з'яўляюцца такімі ж імёнамі ўласнымі, як і населеныя пункты.

Жанчына разгубілася і параіла звярнуцца ў вышэйстаячы орган — аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі.

У дзень прыходу Алеся начальства на месцы не было, але намеснікі папярэдзілі, што яго чакае адмова. Па-першае, яны не хочуць ствараць прэцэдэнт («калі кожны так пачне, што ж гэта будзе?»), па-другое, у іх свае інструкцыі, а не ААНаўскія і, акрамя таго, адсутнічае тэхнічная магчымасць выстаўлення дыякрытычных знакаў: у афіцыйнай адмове на просьбу Цюленева супрацоўнікі аддзялення нават не знайшлі знак Ŭ у вордзе і дамалёўвалі яго на паперцы ўручную.

Галоўнымі аргументамі «супраць» былі наступныя:

  • згодна з абзацам 25 пункта 74 артыкула 10 інструкцыі МУС 200 ад 28.06.2016 г., дыякрытыкі не дапускаюцца (апроч апострафа ў беларускім і лацінскім напісанні!).
  • згодна з абзацам 23 пункта 74 артыкула 10 інструкцыі МУС 200 ад 28.06.2010 г. узор напісання бярэцца з табліцы ў дадатку інструкцыі МУС 288 ад 09.10.2008 г., у іншых выпадку адбываецца аўтаматычная транслітарацыя з беларускай формы згодна з рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.

Але Алесь убачыў у гэтых фармулёўках слабыя бакі, таму прывёў у адказ свае сустрэчныя аргументы.

  • Узор напісання ў дадатку інструкцыі МУС 288 ад 09.10.2008 г. не абавязковы, а толькі рэкамендаваны.
  • Рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі дыякрытыкі ў зоне візуальнай праверкі пашпарту дапускаюцца.
  • Правілы, зацверджаныя Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага алфавіта Дзяржаўнага камітэта па маёмасці №38 ад 11 ліпеня 2007 г., тычацца картаграфічных і іншых (!) твораў, што прызначаныя для міжнароднага карыстання.

Далей спадар Цюленеў пачаў пісаць скаргі: спачатку ў ГУУС Мінгарвыканкама. Але атрымліваў чаканыя адказы: у адмовах супрацоўнікаў аддзялення па грамадзянству і міграцыі парушэнняў няма.

У гэтай сітуацыі, дзесьці праз месяц непаспяховых спроб змяніць прозвішча, мужчына вырашае адступіць ад барацьбы за Ŭ: цяпер ён упэўнены, што працэс пойдзе хутчэй, бо раней людзі ўжо мянялі TS na C.

Але ён памыляецца.

Ужо іншая пашпартыстка дае зразумець, што і такую форму напісання аддзяленне па грамадзянству і міграцыі не прыме: «Калі хочаце, ідзіце з імі самі дамаўляйцеся». У апошняй установе Аляксандра Цюленева ўжо запомнілі.

У ход пайшла новая артылерыя аргументаў: «Вы на нас скаргі пішаце, а ў вас дзеці ёсць, а хто нашых будзе карміць, калі што якое?». Супрацоўнікі аддзялення не разумелі, як Аляксандр у прынцыпе можа адцягваць іх працоўны час на такія дробязі.

Ад ГУУС Мінгарвыканкама прыходзілі чарговыя адпіскі. «Гэта мяне раззлавала. Я ўбачыў, што ніхто маю справу па сутнасці не разглядае, нават адмовы пішуць, нібы проста капіююць, толькі даты змяняюць. Я напісаў скаргу ў апошнюю міліцэйскую інстанцыю — Дэпартамент грамадзянства і міграцыі. Далей — толькі суд. Канечне, у такім выпадку працэс мог б расцягнуцца на гады, але для мяне гэта ўжо была справа гонару», — расказвае Алесь.

У канцы траўня ад Дэпартамента прыйшоў адказ. «Лічым магчымым у якасці выключэння (!) задаволіць вашу просьбу і ажыццявіць транслітарацыю прозвішча на CIULIENIEU». Нарэшце, у пачатку чэрвеня Алесь атрымаў свой доўгачаканы пашпарт. Праўда, прасіў яшчэ каб штампы пра шлюб, дзяцей і рэгістрацыю былі па-беларуску, але тут ужо яму ласку не зрабілі.

Аднак Алесь упэўнены, што ўсё астатняе — справа часу: «Гэты маналіт трэба раскалупваць. У нас шмат прабелаў у заканадаўстве, і гэтым можна і трэба карыстацца. Галоўнае, добра яго вывучыць».

Пакуль у сям'і ёсць наступныя актуальныя задачы: цяпер новыя пашпарты трэба атрымаць жонцы і дзецям.

Прыемны вынік.

Каментары68

Цяпер чытаюць

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?1

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Усе навіны →
Усе навіны

У Кіеве развіталіся з беларускім добраахвотнікам «Месяцам»

Як Крэмль выдае старыя відэа з Пуціным за новыя сустрэчы, у тым ліку і перад сустрэчай з Уіткафам2

«З'ездзілі за дзень 8 разоў». Што робіцца на польскай мяжы, дзе прадавалі выезд без чаргі1

Нідэрландцы ціха пераходзяць на чатырохдзёнку. Што паказвае іх досвед?4

«Аддалі ўвесь заробак» vs «усё аплаціла дзяржава». Зборы ў школу ў Беларусі і ў Польшчы5

«Сярод расіян назіраецца стома». Летняе наступленне расійскай арміі ва Украіне правалілася13

«Не бачыў іншага выйсця». Бацька праз суд вырашыў адмовіцца ад праблемнага сына6

У Ашмянах хлопец расказаў жонцы пра сваю здраду. Той таксама было што расказаць — заведзена крыміналка28

Агент Дудкін расказаў, якія агенты самыя небяспечныя. Спойлер: не ён10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?1

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць