Усяго патроху

Як беларускія пратэсты змянілі лёсы акцёраў і спевакоў

Анжаліка Агурбаш

Яшчэ 3 ліпеня 2020 года Анжаліка Агурбаш прыязджала ў Мінск з Масквы, дзе жыве апошнія 20 гадоў і выступала ля стэлы на канцэрце, прысвечаным Дню незалежнасці. Нічога дзіўнага: раней Анжаліка прадстаўляла Беларусь на «Еўрабачанні», была вядучай «Славянскага базару». Лукашэнка нават вылучаў ёй участак у Драздах.

Але ў пачатку жніўня 2020-га, яшчэ да выбараў, Агурбаш падтрымала Святлану Ціханоўскую. А ў верасні асудзіла гвалт сілавікоў і заявіла, што Аляксандр Лукашэнка павінен змірыцца з тым, што прайграў выбары, «папрасіць прабачэння перад людзьмі і сысці».

Яна перапела сваю песню «Наўздагон», якую выконвала яшчэ ў 1990-я гады (кампазіцыя прысвечана гербу «Пагоня») — кліп на YouTube ўжо сабраў 1,5 мільёна праглядаў. У Маскве спявачка хадзіла на акцыі салідарнасці ў Беларусі, яе нават затрымлівалі. 

Нядаўна Генпракуратура завяла на яе крымінальную справу за знявагу Лукашэнкі. Але Анжаліка — грамадзянка Расіі, якая не выдае сваіх. Агурбаш звярнулася да Пуціна з просьбай аб дапамозе Беларусі, апошнім часам усё часцей выступае з палітычнымі заявамі. 

Іван Трус

Іван Трус — акцёр, які ў літаральным сэнсе слова зрабіў сябе сам. У сярэдзіне 2010-х ён з’ехаў з Мінска ў Магілёў у статусе аднаго з дзясяткаў сталічных акцёраў, не надта запатрабаваных і паспяховых. У інтэр’ю прызнаваўся, што злоўжываў алкаголем. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Мінск у статусе тэатральнай зоркі.

Трус сыграў галоўную ролю ў фільме «Аванцюры Пранціша Вырвіча». Але стужка па рамане Людмілы Рублеўскай, прысвечаная падзеям XVIII стагоддзя, так і не выйшла на шырокія экраны, адбыўся толькі перадпаказ для прэсы.

Адначасова Іван атрымаў запрашэнне ў Купалаўскі тэатр, і за два сезоны бліскуча сыграў некалькі галоўных роляў у спектаклях Мікалая Пінігіна і яго вучняў. Пасля жнівеньскіх падзей акцёр сышоў з тэатра і разам з сям’ёй з’ехаў у Санкт-Пецярбург. Трус стаў акцёрам старэйшага ў Расіі Александрынскага тэатра, дзе яго ролі атрымалі прыхільныя водгукі расійскіх крытыкаў.

Разам з Іванам з тэатра сышла і большая частка трупы. Ніхто з іх не далучыўся да іншых беларускіх калектываў. Яны іграюць спектаклі анлайн у складзе незалежнай трупы «Купалаўцы», але амаль ніхто з іх не афішыруе сваю асноўную працу.

Рыта Дакота

«26 долго. Но пять — еще дольше. Мирные люди не смогли больше терпеть. Кто-то под утро. Домой не вернулся». Так пачынаецца песня «Уходи», якую 16 жніўня 2020-га апублікавала спявачка Рыта Дакота.

Рыта — мінчанка, але вядомасць набыла ў Расіі праз удзел у «Фабрыцы зорак»: там стрэліў яе хіт «Спички», які Рыта пазней праспявала па-беларуску. 

Песню «Уходи» беларуска прысвяціла масавым пратэстам пасля прэзідэнцкіх выбараў. У кліпе выкарыстоўваліся відэа, на якіх сілавікі збівалі іх удзельнікаў. Рыта паабяцала: усе грошы ад спампоўкі песні яна адправіць пацярпелым, што ўрэшце і зрабіла.

Пазней Дакота выказвала гатоўнасць арганізаваць бясплатны анлайн-канцэрт для мінскай «Плошчы Пераменаў». Але ў лістападзе 2020-га адмяніла свой сольны канцэрт у Мінску. Яна непакоілася, што пасля прылёту ў Мінск можа трапіць за краты. Таксама яна патлумачыла сваё рашэнне тым, што не жадае «ніводнага рубля прыносіць у казну рэжыму».

NAKA

Актрыса Анастасія Шпакоўская амаль 20 гадоў працавала ў Горкаўскім тэатры. Але найбольшую вядомасць атрымала як лідар музычнага гурта Naka. Першыя песні спявала па-руску. Да беларускай мовы ў сваёй творчасці звярнулася ў 2016-м: захацела праспяваць пра Чарнобыль і зразумела, што лепш за ўсё гэта рабіць на роднай мове. Пазней яна запісала першы беларускамоўны альбом «Мая малітва».

Шпакоўская ніколі не хавала сваёй грамадзянскай пазіцыі і адкрыта казала пра праблемы. Напрыклад, у тым жа 2016-м казала ў інтэрв’ю, што яе зарплата ў тэатры складае каля 250 даляраў.

У жніўні 2020-га Анастасія звольнілася з Горкаўскага. Сваё рашэнне яна патлумачыла тым, што не можа працаваць у дзяржаўнай структуры ў сітуацыі, калі дзяржава аддае загады супраць уласнага народа. «Бывай, мой тэатр, маё сэрца, маё жыццё», — напісала яна ў сацыяльных сетках. Неўзабаве актрыса з’ехала ва Украіну, паколькі непакоілася за бяспеку дзяцей.

Восенню Шпакоўская арганізавала ў Кіеве беларускую анлайн-школу. Па яе словах, юрыдычна ўстанова прымацаваная да дзвюх прыватных украінскіх школ. У ёй будуць сфарміраваныя з 4-10 класы. Прадметы, уключаныя ва ўкраінскую праграму, будуць выкладацца па-руску, таксама ёсць беларуская мова, літаратура і гісторыя. Па заканчэнню дзеці атрымаюць украінскі сертыфікат дзяржаўнага ўзору.

Іскуі Абалян і айчынная рускамоўная эстрада

Да жніўня 2020-га значная частка айчыннай рускамоўнай эстрады была досыць апалітычная і амаль не выказвалася на грамадскія тэмы. Прэзідэнцкія выбары і наступныя падзеі ўсё змянілі.

Сваю пазіцыю супраць гвалту выказалі спявачкі Ганна Шаркунова, Ларыса Грыбалёва і Лера Яскевіч, рэпер ЛСП і Бакей, выканаўца Uzari, вядучы Дзмітрый Кахно, комік Дзмітрый Нарышкін, калектыў Akute. 

Моцным ударам стала смерць Рамана Бандарэнкі. Шоўмен Дзяніс Кур’ян прапанаваў абвесціць дзень жалобы. Іскуі Абалян напісала ў сацсетках: «Усё. Жыццё абарвалася. Колькі яшчэ трэба ахвяр гэтаму рэжыму?»

Іскуі больш не запрашаюць на вялікія дзяржаўныя канцэрты. Штогод яна ладзіла канцэрты да дня святога Валянціна. Але сёлета яго ўпершыню давялося арганізоўваць у фармаце анлайн. «Мы доўга думалі з камандай, ці трэба нешта рабіць і запрашаць вас. Ці дарэчы камусьці песня, ці трэба гэта камусьці або не? Мы зразумелі, што гэта патрэбна, патрэбна як паветра. Захоўваць унутраны аптымізм, цяпло і радасць трэба ў любых умовах для таго, каб жыць, каб дыхаць на поўныя грудзі. Асабліва ў апошні год — мы бачым, як ён узрушыў усё і ўсіх», — сказала спявачка.

Каментары

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп дапусціў, што можа перайсці на бок Украіны10

У беларускіх гарадах выстройваюцца гіганцкія чэргі на канцэрты расійскага артыста Лазарава18

«Раcтрушчэнне галавы». Сталі вядомыя прычыны смерці беларусаў, якія ваявалі за Расію8

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА18

Вынеслі на абмеркаванне праект разбудовы мінскай Серабранкі2

У Парыжы пачаўся суд над «дзядамі-грабежнікамі», якія амаль дзесяцігоддзе таму абрабавалі Кім Кардаш'ян1

«Яны былі мацнейшыя за артылерыю». Зяленскага параўноўваюць з Чэрчылем, але каго на самай справе ён лічыць кумірам1

Парад на 9 мая ў Мінску пройдзе не раніцай, а вечарам3

Ізраільцяніна, які скардзіўся на тое, што беларуская жонка яму вельмі дорага абыходзіцца, асудзілі на 10 гадоў за шпіянаж1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць