Беларусь на 27‑м месцы ў Еўропе па кошце найдаражэйшай кампаніі ў краіне
Найбольш дарагая публічная кампанія Беларусі — Беларусбанк, найбуйнейшы банк краіны. Яго рынкавая капіталізацыя ацэньваецца ў 7,83 мільярда даляраў, піша Thinktanks.pro.

Па гэтым паказчыку Беларусь займае 27‑е месца сярод 42‑х еўрапейскіх краін. Аднак сітуацыя з Беларуссю даволі спецыфічная: акцыі Беларусбанка гандлююцца не на міжнародных біржах, а на беларускім фондавым рынку, таму разлічаную капіталізацыю нельга напрамую параўноўваць з ацэнкай кампаній, чые акцыі актыўна гандлююцца на буйных міжнародных біржах.
Спецыялісты Visual Capitalist склалі рэйтынг на аснове даных StockAnalysis.com і мясцовых фондавых біржаў. Аўтары вызначылі найбуйнейшую публічную кампанію кожнай краіны па месцы рэгістрацыі галаўнога офіса і ранжыравалі краіны па яе рынкавай капіталізацыі.
Пры гэтым паказчык Беларусбанка варта ўспрымаць з асцярожнасцю. Кандыдат эканамічных навук Анастасія Лузгіна ў інтэрв'ю Thinktanks адзначае, што беларускі фондавы рынак застаецца неліквідным: аперацыі з акцыямі адбываюцца рэдка, у тым ліку з акцыямі Беларусбанка. Паводле яе слоў, цана акцый і іх колькасць самі па сабе не гарантуюць наяўнасці купца па гэтай цане.
Паводле даных StockAnalysis.com, сярод найбуйнейшых кампаній краін-суседзяў Беларусбанку саступаюць украінскі Kyivstar, літоўская Ignitis Group і латвійская Eleving Group.
Украінскі аператар сувязі Kyivstar займае 30‑е месца з капіталізацыяй 2,96 мільярда даляраў. Літоўская Ignitis Group, якая працуе ў энергетыцы і камунальным сектары, знаходзіцца на 33‑м месцы (1,78 мільярда даляраў). Апошняй не толькі сярод нашых суседзяў, але і ва ўсёй Еўропе стала латвійская фінансавая кампанія Eleving Group — 42 месца і 210 мільёнаў даляраў.
Расійскі Сбербанк, які аказвае банкаўскія і фінансавыя паслугі, займае ў рэйтынгу 13‑е месца з капіталізацыяй 73,49 мільярда даляраў, а польская энергетычная і нафтагазавая кампанія Orlen займае 17‑е месца з 44,26 мільярда даляраў.

Лідарам рэйтынгу стала нідэрландская ASML, якая выпускае вытворчае абсталяванне для вырабу паўправаднікоў. Яе капіталізацыя складае 670,27 мільярда даляраў. На другім месцы брытанскі банк HSBC (342,35 мільярда даляраў), на трэцім — швейцарская фармацэўтычная кампанія Roche (341,5 мільярда даляраў). Далей ідуць нямецкая прамысловая кампанія Siemens (246,27 мільярда даляраў) і французскі вытворца касметыкі L'Oréal (230,18 мільярда даляраў).
У ніжняй частцы рэйтынгу, акрамя Латвіі, знаходзяцца Чарнагорыя з энергетычнай кампаніяй Elektroprivreda Crne Gore (680 мільёнаў даляраў), Паўночная Македонія з банкам Komercijalna Banka (980 мільёнаў даляраў) і Малдова з банкам maib (910 мільёнаў даляраў).
Фінансавы сектар найбольш часта прадстаўлены сярод найбуйнейшых кампаній Еўропы: банкі, страхавыя і інвестыцыйныя кампаніі сталі найбуйнейшымі ў 18‑ці з 42‑х краін. Энергетычныя кампаніі з'яўляюцца найбуйнейшымі яшчэ ў 10‑ці краінах.
Каментары