«Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць». Як уладкаваны бізнэс беларускага перакупшчыка ў Польшчы
Андрэй працуе баерам. Праз яго беларусы заказваюць тавары на польскіх пляцоўках, а ён атрымлівае пакупкі, афармляе дакументы для вяртання ПДВ і перадае іх кліентам у Беларусь. Андрэй расказаў выданню Most, як уладкаваны гэты бізнэс, колькі на ім зарабляюць, як «санкцыёнку» правозяць праз мяжу і чаму ў найбліжэйшыя пяць гадоў такі гандаль дакладна будзе жыць.

У невялікім павільёне на Кавалерыйскім рынку Беластока стаяць высокія стэлажы, на якіх раскладзены тавар. Многія рэчы заматаныя чорнай плёнкай, але некаторыя ўсё ж можна разгледзець — як правіла, гэта маторныя алівы, аўтазапчасткі і бытавыя тавары. Менавіта сюды кур'еры дастаўляюць Андрэю заказы.
Мужчына адразу прызнаецца: навошта патрэбныя баеры, ён і сам да канца не разумее. Асабліва цяпер, калі праз санкцыі і ліміты далёка не на ўсё аформіш tax free.
«Усё тое ж самае можна купіць у Беларусі, іншым разам нават танней. Але ў людзей ёсць такая звычка: маўляў, давайце мы гэта купім у Польшчы — гэта будзе лепш і танней».
Праца баера — у наступным: купец з Беларусі шукае на польскіх анлайн-пляцоўках патрэбны яму тавар, баер заказвае яго на свой адрас і забірае пасылку. Затым афармляе дакументы, неабходныя для вяртання ПДВ.
«Без баера не абысціся, бо гэтыя сайты сёння ў Беларусі заблакаваныя. Паколькі ў мяне зарэгістравана ІП, я магу людзям выпісаць адразу VAT. Таму для людзей гэта выгадна. Глядзіце, з тавару, які ўмоўна каштуе 1000 злотых (каля 255 даляраў), вернецца 200 злотых (каля 51 даляра) ПДВ — выгадна ж».
Сам баер зарабляе на працэнтах. Як правіла, гэта 7% ад кошту заказа. Калі заказ вялікі, цану за паслугі можна знізіць да 4%.
«Можна зарабіць мінімум 8‑10 тысяч злотых»
Паводле разлікаў Андрэя, на рынку працуюць каля дваццаці баераў. Штодня сюды прыязджае ў сярэднім каля ста аўтамабіляў з Беларусі, так што працы хапае ўсім.
«У сярэднім можна зарабіць мінімум 8‑10 тысяч злотых (каля 2000‑2500 даляраў) на такіх паслугах. Але трэба яшчэ ўлічваць выдаткі: бухгалтар — 600—700 злотых ( 150‑170 даляраў) і арэнда павільёна — у сярэднім 1000 злотых. Так што калі хтосьці кажа, што зарабляе менш, ён бы тут ужо не сядзеў», — упэўнены мужчына.
У самога Андрэя вялікага патоку кліентаў няма. У асноўным гэта яго знаёмыя і сябры з Беларусі. Але з улікам таго, што яны заказваюць даволі дарагія рэчы, «нешта зарабляецца».
Як абыходзяць санкцыі
Найбольш пашыраны заказ — аўтазапчасткі. Андрэй звязвае гэта з тым, што за час дзеяння санкцый у Беларусі вельмі звузіўся рынак. У асноўным запчасткі туды вязуць з Расіі, і многія з іх контрафактныя.
Запчасткі, якія не ўваходзяць у санкцыйныя спісы, вязуць афіцыйна: вяртанне ПДВ афармляюць на мяжы. Тыя, што пад забаронай, усё адно вязуць, але ўжо без афармлення.
Расказваць падрабязна, як перавозяць санкцыйны тавар, Андрэй не рызыкуе, але нешта ўсё ж пагаджаецца патлумачыць. Напрыклад, пральную машыну вывозіць можна, а сушыльную — ужо нельга. Перавозчык замотвае яе ў чорную плёнку, а на мытні кажа, што гэта «пралка». З маторнай алівай прасцей: этыкетку прыбіраюць з бутэлькі. Вяртанне ПДВ у такіх выпадках, вядома, аформіць не ўдасца.
«Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць»
Пакуль ідзе размова, у павільён уваходзіць кліентка — проста тут забраць заказ. Жанчына бярэ падрыхтаваныя каробкі і асцярожна пытаецца:
«Яны не заб'юць мяне за гэта на граніцы? Ваты можна аформіць?»
Баер кажа, што яе тавару няма ў спісах санкцый, але для ўпэўненасці прапануе спытаць у ChatGPT.
«Так, вы спытайце, каб мяне не развярнулі», — пагаджаецца жанчына.
Пасля праверкі яна забірае тавар і сыходзіць.
«Ёсць такая старая прыказка: ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, — працягвае Андрэй, тлумачачы, чаму беларусы, нягледзячы на забароны, вязуць «санкцыёнку». — Да таго ж палякі глядзяць на ўсё гэта праз пальцы. Яны разумеюць, што людзі ўсё адно вязуць і тую ж хімію, і тыя ж запчасткі. Галоўнае — не быць надта нахабным і прыхаваць тавар у машыне, каб ён у вочы не кідаўся. Як правіла, польскі мытнік не рыецца. Ён адкрыў, паглядзеў візуальна — усё, свабодны».
«Выгадна абодвум бакам»
Нашмат стражэй, па словах суразмоўцы, правярае беларуская мытня. Яна глядзіць, ці выкананыя ліміты бязмытнага ўвозу па суме і па вазе. Каб іх абысці, перавозчыкі бяруць у машыну пасажыраў, на якіх «вешаюць» частку тавару, — нібыта тыя самі ўвозяць яго для сваіх патрэб.
«Саджаюць да сябе ў машыну пенсіянерку. Яе задача — проста ехаць. За гэта ёй плацяць каля 30 даляраў, а тавару яна правозіць на 70 даляраў чыстага прыбытку. Выгадна абодвум бакам».
Беларускі баер упэўнены, што такі памежны бізнэс будзе жыць яшчэ як мінімум пяць гадоў. Шмат у чым таму, што беларусы да яго ўжо прывыклі, а да любых змен правіл хутка адаптуюцца.
«Салярку [беларус] заўсёды правязе. Калі прыедзе на пасаце, ужо 70 даляраў заробіць. Зверху дзве бутэлькі гарэлкі і блокі сігарэт, якія здасць тут, — вось табе ўжо сотка ў кішэні. Наўрад ці ён гэтыя грошы павязе дадому — купіць што-небудзь тут. Так што гэта выгадна ўсім».
Па што беларусы дагэтуль ездзяць на закупы ў Польшчу і ці наогул папулярныя такія паездкі
Ці выгадна сёння ўвозіць тэхніку з Польшчы ў Беларусь?
«Польшча ўжо не тая». Беларусы, якія доўга не ездзілі на закупы, здзівіліся цэнам і новым правілам
«Ужо сіл няма глядзець на гэтыя цэны». Беларусы скардзяцца на кошт аўтобусных білетаў у Літву
Ноўтбук не прывязуць, а красоўкі — калі ласка. Ці можна замовіць тавары з Польшчы пасля абмежаванняў на вываз?
Каментары