Эканоміка

Колькі страціць «Беларуськалій» ад сыходу Yara? Спрабуем падлічыць

Нарвежская кампанія Yara абвясціла, што з красавіка спыніць супрацоўніцтва з «Беларуськаліем». Яна лічыцца адным з яго ключавых партнёраў. Але колькі насамрэч страціць «Беларуськалій» ад разрыву гэтага кантракта?

Фота: «Беларуськалій»

Сваё рашэнне Yara тлумачыць складанасцямі з лагістыкай.

«Гэта істотна, каб разумець паводзіны кампаніі і тое, чаму яны доўгі час не хацелі сыходзіць з беларускага рынку, — мяркуе эканаміст Алесь Аляхновіч. — Для іх гэта быў прыбытковы рынак, таму што найбліжэй, найтанней.

«Беларуськалій» даволі часта дэмпінгуе, бо патрэбная валюта, а тут яшчэ клопат палітычны, таму, думаю, «Беларуськалій» быў гатовы даць большую зніжку, каб Yara заставалася кліентам.

У Yara першая мэта — рабіць бізнэс. І калі кампанія гэта прызнае, праблемы няма. Горш, калі выкарыстоўваюцца цынічныя адносіны, кажуць, што клапоцяцца пра правы рабочых, бяспеку, але нічога для гэтага насамрэч не робяць — ніводнага стачкамаўца Беларуськалія не аднавілі на працы».

Хоць Yara і называюць нашым ключавым партнёрам, большасць калійных угнаенняў усё ж збываецца на іншых рынках.

Тры галоўныя пакупнікі — гэта Бразілія, Кітай і Індыя. На іх долю прыпадае 46% экспарту беларускага калію, ці $1,13 мільярда (па статыстыцы за 2020 год). Нарвегія ў апошнія гады была толькі на 7-8-м месцы (каля 3% экспарту па даходах).

Хаця сярод асобных кампаній Yara можа стаяць крыху вышэй за гэтую пазіцыю, бо ў Нарвегіі гэта асноўны гулец, а ў Кітаі і Бразіліі, дзе вялікія рынкі, пакупнікі могуць быць розныя.

«З 2016 да 2020 года Yara ў сярэднім набывала калійных угнаенняў на суму каля $80 мільёнаў на год. Калі глядзець па тонах, то яна набывала 5,5% ад аб’ёму экспарту беларускага калію штогод.

Кліент быў важны, бо забяспечваў стабільнасць — пяцігадовыя кантракты. Напрыклад, з Кітаем, Бразіліяй, Індыяй звычайна прадпрыемства падпісвае гадавыя кантракты, кожны год трэба гандлявацца. Yara была найбліжэйшым партнёрам — менш затрат на лагістыку. Таму гэта важны прэцэдэнт, што праз санкцыйную палітыку яны не могуць больш гандляваць (хоць шмат гульцоў у гэтым было зацікаўлена)», — кажа Алесь Аляхновіч.

Не выключана, што кампанія паспрабуе абысці санкцыі, але пакуль выглядае, што нарвежскі кліент сапраўды сыходзіць з беларускага рынку.

«Гэта звязана з тым, што яны баяцца другаснага эфекту ад амерыканскіх санкцый. Плюс рана ці позна літоўская чыгунка таксама спыніць кантракт з «Беларуськаліем» — гэта дадатковая рызыка, — лічыць эканаміст. — Можна, канечне, было б праз Расію дастаўляць, але тады рызыка амерыканскіх санкцый застаецца.

Калійныя ўгнаенні настолькі ўнікальны прадукт, што потым цяжка будзе патлумачыць амерыканцам у статыстыцы, што яны не набываюць калій у Беларусі, але нейкім чынам той жа аб’ём калійных угнаенняў у Нарвегію паступае».

Хто б ні замяніў цяпер Yara, для «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі страты адназначна будуць. Інакш яны б адразу прадавалі гэтыя 5% умоўнаму Кітаю, а не Нарвегіі.

«Цяжка спрагназаваць, колькі яны страцяць. Але хутчэй за ўсё, гэта будуць дзясяткі працэнтаў (нават да 50%) ад кантракта з Yara (то бок недзе каля $10-40 мільёнаў).

Гэта будзе тая розніца, якую кампанія не атрымае праз ніжэйшую цану на калій, якую трэба будзе прапанаваць іншым пакупнікам, каб яны набылі дадатковы аб'ём, а таксама кошт дадатковай лагістыкі (пастаўкі ў Кітай, Індыю, Бразілію значна даражэйшыя, чым у Нарвегію).

А калі літоўская (і латвійская) чыгунка адмовіцца перавозіць калій, то прыйдзецца яшчэ карыстацца больш дарагімі паслугамі расійскіх чыгункі і портаў.

Акрамя таго, калі Yara была вымушаная адмовіцца ад паставак беларускага калію, то наўрад ці іншыя дэмакратычныя краіны (напрыклад, Бразілія, Індыя) рызыкнуць набываць яго.

Таму ў будучыні, пасля 1 красавіка, адмовіцца могуць і іншыя пакупнікі. І тады кошт пытання будзе значна большы, чым толькі страты ад паставак у Нарвегію.

Магчыма, нават Кітай не захоча рызыкаваць. Гэта была б катастрофа для «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі», — разважае эксперт. 

Між тым аналітык міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Дзмітрый Казакоў яшчэ ў мінулым годзе казаў у каментары для Naviny.by пра наступствы разрыву стасункаў з Yara. На яго думку, разрыў нясе абмежаваныя рызыкі для «Беларуськалія» і не павінен быць крытычным для яго ў сярэднетэрміновай перспектыве.

«Разрыў адносін з Yara, безумоўна, прымусіць БКК шукаць новых пакупнікоў на сваю прадукцыю, магчыма, размешчаных далей, чым Yara. Аднак больш дарагая лагістыка будзе аказваць умерана негатыўны ўплыў на БКК у выпадку пераарыентацыі паставак, бо БКК мае лідзіруючыя глабальныя пазіцыі з пункту гледжання вытворчых выдаткаў», — адзначаў Казакоў.

Разам з тым, эксперт звярнуў увагу на тое, што калійныя ўгнаенні з'яўляюцца адносна стандартнай прадукцыяй. Адпаведна, пытанняў з пошукам новых пакупнікоў і рынкаў збыту для БКК як глабальнага гульца быць не павінна. Yara ў сваю чаргу можа пераарыентавацца на пастаўкі калійных угнаенняў ад «Уралкалія» або іншых міжнародных гульцоў».

Чытайце таксама:

Беларускі парадокс. Нават шалёны попыт на будаўнічыя матэрыялы не дапамог цэментным заводам выйсці на прыбытковасць?

Колькі ўлады збіраюцца патраціць на міліцыю, ахову здароўя і даўгі? Разам з экспертамі аналізуем бюджэт і здзіўляемся

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены22

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Усе навіны →
Усе навіны

«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры4

«Чорная жамчужына» сушыць вёслы»: тыкток у захапленні ад вялізнага фрэгата, які пабудаваў пенсіянер у Пінску ў сваім агародзе6

Беларус вырасціў гіганцкі перац — памерам з электрачайнік1

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары24

«Хлопцы гралі на гітары Ляпіса Трубяцкога». Як беларусы арганізаваліся, каб сустрэць нечакана вызваленых палітвязняў4

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла9

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком1

У ЗША 18‑гадовы зумер зарабіў $30 мільёнаў на дадатку, які лічыць калорыі па фота ежы

У афіцыйным Пантэоне герояў ёсць князь, пра існаванне якога многія пачуюць першы раз13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены22

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць