Два беларускія праекты ўвайшлі ў Топ-100 інавацыйных стартапаў Еўропы
Вядучая мэтчмейкінг-платформа для пошуку партнёраў для стартапаў і інвестараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Vestbee апублікавала Топ-100 інавацыйных стартапаў Еўропы. У рэйтынг патрапілі бізнэсы, якія ўвайшлі ў шорт-ліст конкурс European Startup Challenge. Сярод іх — два беларускія, піша thinktanks.by.
Беларускія прадстаўнікі ў топ-100 еўрапейскіх стартапаў — праекты GoodStyle і Lingvanex.
GoodStyle — стартап, які стварыў віртуальную прымерачную ў фармаце мабільнай праграмы. Яго стваральнікам стала беларуская кампанія VIP IT. Кампанія працуе над рашэннямі ў галіне штучнага інтэлекту, якія дазволяць зрабіць анлайн-пакупкі больш эфектыўнымі і менш затратнымі па часе.

Як гэта працуе? Дадатак Goodstyle дазваляе атрымаць уяўленне, як тая ці іншая рэч з каталогаў інтэрнэт-крамаў будзе выглядаць на пакупніку, а таксама скамбінаваць яе з іншымі таварамі ці нават ужо наяўнымі ў гардэробе карыстальніка прадметамі.
Свой першы кантракт стартап заключыў з агрэгатарам мясцовых брэндаў ва Украіне. Таксама партнёрамі праграмы з'яўляюцца Lamoda і Aliexpress.
Агулам праграма па стане на лета мінулага года налічвала каля 55 тысяч карыстальнікаў, а сярэдні чэк куплі складаў 180 даляраў.
У найбліжэйшы час стартап будзе займацца прыцягненнем інвестыцый для развіцця. У кампаніі кажуць, што цяпер проста не паспяваюць абслужыць усіх ахвотных партнёраў.
Lingvanex — тэхналагічны стартап, засяроджаны на забеспячэнні машыннага перакладу з выкарыстаннем тэхналогіі нейрасетак.

Перакладчык Lingvanex дазваляе перакладаць пісьмовыя тэксты, размовы, тэксты на малюнках, тэлефонныя званкі, дакументы на больш чым 80 моў. Праект даступны на любых платформах і будзе карысны для бізнэсу, навучання, падарожжаў, вывучэння замежных моў.
У 2020 годзе праект заняў першае месца ў стартап-батле Venture Day Minsk і атрымаў Google Cloud Credits на 100 тысяч даляраў. У канцы 2020 года Lingvanex дасягнуў 2 мільёнаў перакладаў у суткі пры 400 тысячах карыстальнікаў.
Адзначым таксама, што Vestbee штомесяц публікуе Топ-10 стартапаў месяца з рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У іх таксама сустракаюцца беларускія праекты. Напрыклад, у снежні 2021 года ў Топ-10 увайшоў Cropfleet — беларускі стартап, які імкнецца забяспечыць шырокае распаўсюджванне і даступнасць дронаў для паліву сельскагаспадарчых культур і распылення пестыцыдаў.
Для гэтага кампанія прапануе камбінацыю апаратных і праграмных рашэнняў, якія дапамагаюць дронам працаваць з большай дакладнасцю і эфектыўнасцю. У выніку фірма дазваляе сваім кліентам ашчадзіць значную суму грошай і часу, а таксама значна павысіць якасць працэдураў апырсквання сельскагаспадарчых культур.
-
Назад да ручкі і забарона на смартфоны: універсітэты вымушаныя змяняць фармат заняткаў і кантрольных, інакш ШІ не дае ні вучыць, ні праверыць
-
Google запусціла Gemini 3.5 Transcribe для расшыфроўкі мовы. У спісе ёсць і беларуская
-
Цім Кук развітаўся з пасадай генеральнага дырэктара Apple пасля 15 гадоў кіраўніцтва
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары