Грамадства

«Я такі вожык у тумане, якога рака сама нясе». Аляксандр Ждановіч — пра эміграцыю, вайну і вяртанне дамоў

Акцёра і вядучага Аляксандра Ждановіча большасць беларусаў ведае як Маляваныча з «Калыханкі». Але ягоная творчасць значна глыбей — ён працаваў у тэатры, на радыё, здымаўся ў кіно, рабіў уласныя праекты. У верасні 2020 года Ждановіча затрымлівалі на маршах за свабодныя выбары, а напачатку 2022 года запрашалі на допыты ў ДФР. У лютым гэтага года акцёр з’ехаў з Беларусі. «Зеркало» пагутарыла з Аляксандрам Ждановічам пра эміграцыю і жыццё ў Тбілісі, надзею, вайну ва Украіне і год без тэатра.

«Тбілісі прыгожы, я жывы, не ў турме»

— З якімі пачуццямі вы з’язджалі? Ці было складана прыняць такое рашэнне?

— Мне лягчэй, калі цяжэй (смяецца). Самае цяжкае — гэта выбар, сумняешся, ці правільна ты зрабіў. А калі ўжо зразумеў, што ты альбо з’язджаеш, альбо хутчэй за ўсё садзішся… Сядзець гады ў маім узросце (24 чэрвеня Аляксандру Ждановічу споўніцца 58 гадоў) не вельмі хочацца. Памятаю, як раней казаў: а чаму я павінен з’язджаць, тут мае бацькі пахаваныя? Але калі прыцісне — нічога планаваць немагчыма.

Абставіны ад’езду былі даволі напружаныя. Я даволі эмацыйны, магу панікаваць, а тут нават здзівіўся сабе — стан быў даволі спакойны. У мяне было каля тыдня, каб сабрацца. Я з’ездзіў на магілкі бацькоў і жонкі — разумеў, што з’язджаю надоўга.

— Вы думалі, што можаце не вярнуцца?

— Зразумела, што не думаць пра гэта немагчыма. Але з другога боку, калі на гэтым засяроджвацца — можна звар’яцецць. У гэтым сэнсе я такі вожык у тумане, якога рака сама нясе. Цяпер яна прынесла мяне ў Тбілісі. Паглядзім, што будзе далей.

Дакладных тэрмінаў у мяне няма. Нават калі ў 2020 годзе ўсе пыталіся: «Праз колькі перамога?» — я здзіўляўся наіўнасці адказаў: праз месяц, да новага году. Не хачу нікога пазбаўляць надзеі сваімі адчуваннямі, бо яна павінна быць на першым месцы. Але як казалі стоікі: рыхтуйся да горшага, спадзявайся на лепшае.

«Грузінскае паветра вельмі класнае», — кажа акцёр. Фота з асабістага архіва героя

— А як вам жывецца ў Грузіі? Ці складана было адаптавацца?

— Першыя некалькі дзён тут былі пад знакам свабоды: Тбілісі прыгожы, я жывы, не ў турме. Увогуле я планаваў пераехаць у Польшчу, але пакуль рабіў гуманітарную візу, з’явіліся сувязі, праекты. А потым адно, другое, розныя перспектывы. Губляць гэта я палічыў няправільным. Да таго ж, грузіны — ментальна вельмі блізкі народ: мне падабаецца іхняя адкрытасць, шчырасць. Яны жывыя.

Дарэчы, гэтага мне не хапае ў родным Мінску. Можа праз уладу, а можа і праз нашую ментальнасць горад быў халаднавата-дыстылявана чыстым. Тбілісі не назавеш чыстым горадам (смяецца), але пры гэтым ёсць адчуванне прыгажосці і жыцця.

— У Беларусі ў вас была кватэра, уласны дом, трывалае жыццё. А цяпер трэба будаваць побыт наноў, здымаць кватэру…

— Вядома, моладзі лягчэй змяняць штосьці і планаваць, чым мне. Але я не тыповы чалавек свайго ўзросту. Мне здаецца, я захаваў у сабе асаблівае ўспрыманне сусвету, унутры мяне жыве дзіця. Мне цікава, нават у такіх гадах, нешта памяняць. Мы цяпер жывём удваіх са знаемым беларусам — так, трэба прыцірацца адзін да аднаго, але ўсё нармальна.

— Пакуль вы застанецеся ў Грузіі?

— Так, бо тут ёсць ужо нейкія абавязкі: пачалі рабіць тэатральную дзіцячую школу, агучваем фільмы для Warner Brothers, батлейка, тыдзень беларускай культуры. Хачу з’ездзіць у Польшчу, пабачыцца з сябрамі, але жыць пакуль буду тут.

«Менталітэт, які мы назіралі ў сярэдзіне 90-х, змяніўся»

— Вы часта ходзіце на акцыі дыяспары ў Грузіі. Якая там атмасфера? І ці пазнаюць вас беларусы?

— Пазнаюць, яшчэ як! Асабліва ў Батумі, там увогуле на кожным кроку віталіся, дзякавалі. І ў Тбілісі таксама. У акцыях удзельчаю. Мяне толькі трохі засмучае, калі ўзнікаюць нейкія цёркі праз мову, хто на якой размаўляе. Але гэта не асноўнае — зразумела, ёсць падтрымка, ёсць салідарнасць. Хацелася б, каб больш людзей выходзіла на акцыі, бо ў Тбілісі беларусаў шмат.

Аляксандр Ждановіч на акцыі дыяспары ў Тбілісі. Фота: сацыяльныя сеткі

— А чаму вам важна прыходзіць на гэтыя акцыі?

— Ну як чаму? А чаму выходзілі на акцыі ў 2020 годзе? Вось як скажу: днямі прайшоў фестываль інтэлектуальнай літаратуры, прыязджаў Уладзімір Някляеў. І адна з нашых актывістак запытала ў яго: «Які сэнс праводзіць такія акцыі за мяжой?» Ён адказаў вельмі добра: «А як інакш?»

Мы павінны падтрымліваць беларусаў у краіне, сустракацца не толькі на паэтычных вечарынах — безумоўна, культурная сувязь важная, але праз акцыі можна звярнуць на нас увагу мясцовых.

Ды нават пакрычаць «Жыве Беларусь»! Калі я прыйшоў на першую акцыю, увогуле дзіўна было: людзі проста так на вуліцы крычаць лозунгі, якія зрабілі цябе тым, хто ты ёсць.

— Вы раней казалі, што да 2020 года не вельмі цікавіліся палітыкай. Ці не шкадуеце, што не выказваліся да гэтага часу?

— Безумоўна,

пачуцце віны было адным з рухавікоў. Бо трэба было раней заўважаць нейкія рэчы. Як было напісана на адным плакаце на маршы «Трусость отцов — рабство детей».

І я разумею, што нейкая баязлівасць была. Але сам сябе апраўдваў: не было такой магутнай падтрымкі знізу, попыту на перамены, на праўду, законнасць. Большасць была задаволеная тым, што адбывалася.

Але 2020 год расплюшчыў вочы. Не адразу, гэта было балючае асэнсаванне. І калі паглядзець на мяне, можна сказаць: «О, ён маўчаў 25 гадоў, а цяпер!» Але гэта няпраўда — мне ніколі не падабалася гэтая ўлада, я проста лічыў, што выхады на вуліцу не прывядуць да выніку. А ў 2020 годзе так не хацелася і думаць: як жыць далей пасля Акрэсціна, пасля такой жудаснай хлусні?

Цяпер грамадства іншае. Беларускі менталітэт, які мы назіралі ў сярэдзіне 90-х, калі выбралі постсавецкія сімвалы і пайшлі за чалавекам з вусамі, змяніўся.

Сышло з жыцця пакаленне, якое ішло каранямі ў Савецкі Саюз. Вырасла новае, якое мае адукацыю і магчымасць падарожнічаць, з’явіўся сярэдні клас. З тых 16 людзей, якія сядзелі са мной у Жодзіна, большасць мела сваю справу. І вось гэтыя людзі патрабуюць павагі да сабе. А калі іх не паважаюць — яны рэагуюць такім чынам.

Аляксандр Ждановіч падчас паэтычнай вечарыны ў Грузіі. Фота з асабістага архіва героя

— Вы часта казалі, што, нягледзячы на працу ў «Калыханцы» і іншых беларускамоўных праграмах, самі размаўлялі па-руску. Але цяпер перайшлі на беларускую. Чаму?

— Жаданне размаўляць па-беларуску было яшчэ напачатку 90-х, але не надта вялікае. Я тады лічыў, што размаўляю «коряво» — дык лепей удакладняць сваю рускую, каб не быць белай варонай. Хаця на радыё і на тэлебачанні шмат працаваў на беларускай мове, але звычкі размаўляць на ёй у паўсядзёнасці не было. І толькі ў 2021-м я пачаў.

Дзіўны парадокс: знаходзячыся фізічна ў Беларусі, я ніколі не меў беларускамоўнага асяроддзя. І калі ў краме гаварыў па-беларуску, мне амаль заўсёды адказвалі па-руску. А тут, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, вялікая колькасць тых, хто размаўляе па-беларуску.

«Мяне трэсла потым некалькі дзён»

— Калі пачалася вайна, вы ўжо былі ў Тбілісі. Як вы ўспрынялі гэтую навіну, калі паглядзелі ў тэлефон — а там пра тое, што бамбяць Украіну?

— Гэта быў чацвёрты ці пяты дзень тут.

Я прачнуўся рана, як заўжды рука пацягнулася да навінаў — і з першай секунды зразумеў, што адбылося. Бо трэба быць наіўным чалавекам, каб не зразумець, што да гэтага рыхтавалі шмат гадоў. Першая асацыяцыя: «Киев бомбили, нам объявили, что началася война». Паралелі проста жахлівыя.

Мяне трэсла потым некалькі дзён. Зараз стала спакайней, бо чалавек так створаны: каб захаваць сваю псіхіку, павінны быць нейкія буферы. Але 24 лютага падзяліла гісторыю, і маю таксама, на «да» і «пасля». Бо гэта не проста вайна паміж пуцінскай Расіяй і Украінай. Я бачу, што нас рыхтуюць і далей, да нечага больш маштабнага.

— А вось ракеты з Беларусі — як вы гэта ўспрымаеце?

— Ну як?.. Я адчуваю боль за сваю краіну. Бо пачуцце віны — я гэтага не адчуваю. Можа, гэта дрэнна… Але я не ведаю, у чым мая віна?! Калі гэтая ўлада, якая вымусіла мяне з’ехаць, гэта творыць. Што магу — раблю. Я выказваюся ў сацсетках — і мне прылятае шмат каментароў з абразамі, нават ад людзей, ад якіх я гэтага не чакаў.

Мне толькі вельмі непрыемна, што ўлада робіць такое, а пра яе кажуць «Беларусь». Гэта не Беларусь, гэта Белоруссія, якую яны будуюць ужо 25 гадоў. Гэта не тая краіна, якую я хачу бачыць.

— Ці вы ўяўляеце, калі зможаце вярнуцца дадому, чакаеце той момант?

— Вельмі часта мы не атрымліваем таго, чаго чакаем, і праз гэта адчуваем расчараванне.

Вяртаючыся да стоікаў, і нават да праваслаўнай філасофіі жыцця: мы не ведаем, што будзе. І ніхто не ведае. Кажуць: калі хочаш насмяшыць бога, распавядзі яму пра свае планы. Таму трэба рабіць, што можаш — і нешта будзе.

— То бок планаў у вас няма, але надзея і спадзяванне на тое, што Беларусь мы яшчэ пабачым, ёсць?

— Вядома! (пасміхаецца) Гэта дакладна. Асабліва маладыя, вам яшчэ будаваць ўсё гэта. Можа яшчэ нават расчаруецеся, калі гэтая ўлада сыдзе, а прыйдзе не тое, чаго мы ўсе чакалі. Гэта ж жыццё, заўсёды пошук, шлях, працэс. Не можа быць такога, каб ты намаляваў, і ўсё менавіта так павінна быць.

«Пасля жніўня 2020 году я не магу маляваць»

— Калі казаць пра жыццёвы шлях, хацелася б згадаць ваш сыход з Драматычнага тэатра імя Горкага. Наколькі вам зараз не хапае гэтай працы?

— Я 36 гадоў прапрацаваў у тэатры, і гэта вялікая частка майго жыцця, маёй творчасці. Але мая дзейнасць ніколі не замыкалася толькі на гэтым. Напэўна, я не адношуся да той катэгорыі акцёраў, для якіх альбо тэатр, альбо смерць.

Вось ужо прайшоў год, як я не выходзіў на класічную сцэну. Канечне, шкадую. Але тут ёсць рускі тэатр імя Грыбаедава — і вось я пахадзіў вакол, але нешта мяне стрымлівае ад працы там.

— А вы цяпер малюеце?

— Гэты працэс заўсёды даваў мне штосьці, што не даваў ні тэатр, ні іншая дзейнасць. Ён натхняў, засяроджваў на чымсьці сваім, індывідуальным. Але пасля жніўня 2020 года я не магу маляваць.

Аднойчы толькі ўзяў пэндзлік — я замовіў батлейку і лялек для чарговага праекту, і сам рабіў экскізы. І зноў адчуў, што маляванне — нават проста ўзоры, а не пейзажы, як раней — выклікае асаблівыя пачуцці.

У Грузіі акцёр вядзе «Дзіцячую тэатральную майстэрню». Фота з асабістага архіву аўтара

Дарэчы, мы будзем працягваць развіццё дзіцячага Youtybe-канала «Бэйбус». І адзін з магчымых кірункаў — праект, у якім Маляваныч прыязджае ў цікавае месца, малюе і расказвае пра яго. Гэтая ідэя мне спадабалася, бо гэта магчымасць вярнуцца да карцін.

— Вы сказалі пра вобраз Маляваныча. То бок і праз столькі год ён застаецца з вамі?

— На паэтычных вечарынах у Грузіі я жартую: вось я тут дзве гадзіны чытаю сур’езныя вершы, а насамрэч людзі прыйшлі паглядзець на Маляваныча. І гэта цікавая гісторыя. Я каля 19 гадоў вёў гэтую праграму, і вельмі часта хацеў сысці — мне падавалася, што Маляваныч не вельмі спрыяе майму прафесійнаму развіццю. Хутчэй за ўсё, яно так і было. Але хто б ведаў таго Аляксандра Ждановіча, калі б не гэты Маляваныч? Гэты вобраз мацнейшы за мяне, і няхай ён жыве. Таму, вядома, я Маляваныч.

Каментары

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць