Свет11

Губернатар Фларыды вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта ЗША. Гэта галоўны супернік Трампа сярод рэспубліканцаў

Губернатар Фларыды Рон Дэсанціс у сераду падаў у Федэральную выбарчую камісію ЗША заяву аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Ён будзе змагацца за намінацыю ад Рэспубліканскай партыі з былым прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Рон Дэсанціс. Фота: John Raoux / AP

Праз некалькі гадзін 44-гадовы Дэсанціс абвясціў пра вылучэнне ў сваім твітары, а таксама ў размове з Іланам Маскам на платформе Twitter Spaces, піша Бі-бі-сі.

Гэтая прэзентацыя з удзелам Маска і яго даўняга сябра і кампаньёна Дэвіда Сакса была азмрочаная тэхнічнымі збоямі: трансляцыя, да якой спачатку падключыліся 300 тысяч чалавек, надоўга «завісала» і перарывалася.

Заява Дэсанціса павінна была супасці па часе з пачаткам збору сродкаў на яго выбарчую кампанію ў Маямі і пакласці канец перасудам, якія доўжыліся шмат месяцаў, сярод яго прыхільнікаў аб тым, ці захоча ён папраўдзе выставіць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Чакаецца, што Дэсанціс будзе пазіцыянаваць сябе як паспяховы кансерватыўны палітык з добрым паслужным спісам і без скандальнасці, так уласцівай Трампу.

Некаторы час Дэсанціс апярэджваў па апытаннях Трампа і лічыўся больш перспектыўным супернікам Джо Байдэна. Аднак у апошнія тыдні яго папулярнасць сярод рэспубліканцаў прыкметна асела і ён пачаў значна адставаць ад Трампа.

Рэспубліканец Рон Дэсанціс стаў губернатарам Фларыды ў 2019 годзе, а летась ён быў трыумфальна пераабраны з рэкорднай перавагай галасоў. Ужо тады пачаліся размовы пра тое, што ён выношвае прэзідэнцкія амбіцыі і ўжо ў наступным годзе можа выставіць сваю кандыдатуру на рэспубліканскіх праймерыз.

Палітычныя погляды Десанціса адрозніваюцца кансерватызмам: ён паслядоўна займае жорсткую пазіцыю ў пытаннях гендарнай ідэнтычнасці, выкладання ў школах расавых пытанняў, а таксама выступае катэгарычна супраць абортаў.

Калі рэспубліканцы штата прапанавалі забараніць настаўнікам распавядаць дзецям аб сэксуальнай арыентацыі, пакінуўшы абмеркаванне гэтай тэмы на меркаванне бацькоў, Рон Дэсанціс заявіў аб сваёй падтрымцы гэтага законапраекта.

Актывісты назвалі дакумент «Не кажы «гей» і папярэджвалі, што ён можа прывесці да парушэння правоў ЛГБТ-навучэнцаў.

Аднак яго электарату, падобна, такая пазіцыя вельмі імпануе: мяркуючы па выніках апытанняў, за тры гады кіравання штатам губернатар Фларыды нарасціў папулярнасць у выбаршчыкаў з усіх дэмаграфічных катэгорый.

Пазіцыя Дэсанціса датычна вайны ва Украіне прыкметна адрозніваецца ад палітыкі адміністрацыі Джо Байдэна.

У сакавіку Дэсанціс назваў гэтую вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай» паміж Расіяй і Украінай. Яму, праўда прыйшлося апраўдвацца пасля рэзкай крытыкі на яго адрас, але нават у тым тлумачэнні Дэсанціса праступала, што там «не ўсё так адназначна». Губернатар Фларыды падкрэсліў, што Расія не мела права ўрывацца ў суверэнную краіну, але не прамінуў адзначыць, што «там шмат этнічных расіянаў».

У красавіку Рон Дэсанціс, які раней скептычна выказваўся з нагоды масіраванай амерыканскай вайсковай дапамогі Кіеву, заклікаў да мірных перамоваў паміж Расіяй і Украінай, супраць якіх выступае Кіеў, які настойвае, што спачатку Украіне трэба вярнуць свае законныя тэрыторыі.

«Вы не хочаце аказацца ў сітуацыі, падобнай [да бітвы пры Вердэне], калі ў вас проста масавыя страты, вялікія выдаткі і ў канчатковым выніку патавая сітуацыя», — заявіў Дэсанціс у канцы красавіка ў інтэрв'ю японскаму выданню Nikkei Asia, маючы на ўвазе самую працяглую бітву Першай сусветнай вайны, у якой было забіта каля 700 тысяч чалавек.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе 2024 года. Джо Байдэн таксама заявіў, што будзе балатавацца.

Каментары1

  • Простая праўда
    25.05.2023
    Дэсантыс дурань. Траса дурань. Ні адзін з іх не кіруе.Ні адзін з іх ня служыць народу. Абодва лічаць сябе дыктатарамі.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

«Не хацелі пакутаваць з беларускімі картамі на Booking». А ў выніку ледзь не трапілі на 400 еўра4

Трамп заявіў, што выступіць з важнай заявай наконт Расіі4

Упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон робатам — наватарская аперацыя ўкраінскай штурмавой брыгады7

Самая дарагая сумачка ў свеце. Сумку для Джэйн Біркін прадалі за рэкордныя $10 мільёнаў

Трамп пахваліў прэзідэнта Ліберыі за англійскую, але там гэта мова афіцыйная2

За адзін вечар тры беларускія футбольныя клубы перамаглі супернікаў з Арменіі, Македоніі і Чарнагорыі. Гэта рэкорд7

У Гомелі з'явіўся сквер Міліцыі. Гараджан не пыталіся нават фармальна4

Вялікабрытанія і Украіна падпішуць гістарычную дамову аб пастаўцы тысяч ракет для СПА

«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць