Свет11

Улады Францыі вырашылі часткова аплачваць рамонт старога адзення і абутку. Чаму і навошта

Улады Францыі з кастрычніка ўводзяць сістэму зніжак, якія заахвочваюць людзей несці паношаны абутак і вопратку рамантаваць замест таго, каб выкідваць старое і купляць новае. Але ці пагодзяцца на гэта французскія моднікі і модніцы і як гэта пачынанне адаб'ецца на люксавых брэндах?

Фота: Soren Hald / Getty Images

Па словах прадстаўніцы Міністэрства экалогіі і ўстойлівага развіцця Францыі Беранжэ Куяр, кожны год на звалках краіны апынаюцца 700 тысяч тон адзення і абутку, як піша Бі-бі-сі.

Каб пакончыць з гэтай марнатраўнай і шкоднай для навакольнага асяроддзя практыкай, а заадно падтрымаць сектар рамонту абутку і адзення і стварыць новыя працоўныя месцы, улады распрацавалі спецыяльную праграму заахвочванняў агульным коштам 154 млн еўра, разлічаную на пяць гадоў.

Майстэрні, якія далучыліся да гэтай праграмы па рамонце абутку і адзення, змогуць прапаноўваць кліентам зніжкі, напрыклад, 7 еўра за новы абцас або 10-25 еўра за новую падшэўку для спадніцы ці пінжака.

Па словах Куяр, урад мае намер такім чынам змагацца з празмернасцямі індустрыі «хуткай моды», у якой рэчы часта надзяваюць лічаную колькасць разоў, і заахвочваць прыхільнікаў «сціплай моды», гатовых рамантаваць і латаць сваё адзенне і абутак.

Як заяўляе група Refashion, якой было даручана распрацаваць новую заахвочвальную схему, толькі ў мінулым годзе ў Францыі ў раздробны продаж паступіла 3,3 млрд прадметаў адзення, абутку і розных тканін для дома, што шматкроць перавышае рэальныя патрэбы насельніцтва.

Бізнэс устрывожыўся

Далёка не ўсе ў Францыі перакананыя ў мэтазгоднасці і карысці новай ініцыятывы «адрамантуй-зацыруй».

Прэзентацыя моднай калекцыі Valentino Haute Couture восень / зіма 2023-2024, прэзентаванай у Шанційі, на поўнач ад Парыжа, у сераду, 5 ліпеня 2023 года. Фота AP / Крыстоф Эна 

Бізнэс асцерагаецца, што гэта можа негатыўна адбіцца на гэтак важнай галіне лёгкай прамысловасці краіны, а прадстаўнік французскіх правых Эрык Пажэ нагадвае пра ўрадавы доўг у 3 трыльёны еўра і прапануе не выкідваць на вецер і без таго невялікія грамадскія сродкі.

Паскаль Маран з Федэрацыі высокай моды, прэт-а-партэ, куцюр'е і творцаў моды заклапочаны тым, як новая ініцыятыва ўладаў можа адбіцца на люксавых брэндах, якімі так знакамітая Францыя.

«Шаўковая арганза (тонкая празрыстая тканіна) не павінна лічыцца менш даўгавечнай, чым арганза з паліэстэру, зыходзячы з адной толькі фізічнай трываласці», — паскардзіўся ён у інтэрв'ю газеце Le Monde.

Яшчэ і маркіроўка…

Яшчэ адным новаўвядзеннем французскіх уладаў у барацьбе за даўгавечнасць прадметаў адзення і абутку стануць новыя правілы маркіроўкі, якія ўводзяцца з пачатку 2024 года і павінны ўключаць апісанне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры вытворчасці кожнай канкрэтнай рэчы.

Вытворцам прыйдзецца згадваць, колькі вады і хімікатаў было выдаткавана пры вырабе той ці іншай рэчы, ці ўтрымлівае яна мікрапластык, які можа пратачыцца ў навакольнае асяроддзе, і ці быў у працэсе вытворчасці выкарыстаны перапрацаваны тэкстыль.

Індустрыя моды ў Францыі, у якой занятыя многія тысячы працоўных рук, лічыцца адным з найбуйнейшых сектараў эканомікі, абарот якога ў мінулым годзе склаў каля 66 млрд еўра.

Краіна займае чацвёртае месца ў Еўропе па экспарце прадметаў высокай моды, але самі французы ў 2020 годзе трацілі на адзенне ў сярэднім 430 еўра ў год — менш, чым у сярэднім па Еўропе.

Каментары1

  • Жвір
    13.07.2023
    Вось, добры прыклад для перайманьня ! Абуткам трэба карыстацца мінімум 5 сезонаў, як і верхнім адзеньнем. Я некаторымі рэчамі 10 гадоў карыстаюся, яны добры выгляд маюць, навошта іх выкідаць ? Трэба спыняць урэшце бязглуздую спажывецкую рэвалюцыю, якая некалі ахапіла наш народ у 60-я і не адпускае, а толькі далей закручвае людзей у свой вір, ды прысьпешвае яго, як нібы чорная дзірка тая...

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія дактары ўпершыню выратавалі немаўля без паловы дыяфрагмы

Пад Самарай пасля ўдару Украіны другія суткі гарыць адно з найбуйнейшых сховішчаў нафты ў Еўропе1

У Літве ўрачыста адзначылі 100‑годдзе былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Быў і сам юбіляр ФОТЫ1

У Мінску кіроўца наляцеў на машыну, якую гаспадар рамантаваў пасярод вуліцы ВІДЭА3

У Дубровенскім раёне лось выбег на дарогу перад маршруткай з пасажырамі1

У Літву не ўпусцілі 7 тон беларускіх радыеактыўных лісічак6

Хутчэйшага разгляду заяў на польскі ДНЖ беларусам чакаць не варта, але тэрмін дзеяння праязных дакументаў могуць падоўжыць5

Самы багаты беларускі бізнэсмен закрывае сваю самую буйную кампанію

ЗША забаранілі дзяржаўным ведамствам выкарыстоўваць софт Acronis, зроблены выхадцамі з Расіі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць