У Мінску 21 студзеня памёр паэт Міхаіл Ганчароў. Пра яго смерць у сацсетках паведамілі ягоныя сябры. Яму было 66 гадоў.

«Самы таленавіты з тых, побач з кім я пачынала. Самы бяспрымесны паэт з тых, каго Дзіма Строцаў назваў «Мінскай школай». Там наватары былі. І эстэты. Каго толькі не было. А Міша быў адзіны.
Міша незвычайны быў. Вельмі ціхі. Бясконца безабаронны. Абсалютны чужаземец у краіне людзей.
У мяне заўсёды была ўпэўненасць, што Міша ведаў нешта, чаго мы не ведалі, чаго людзі не ведаюць у прынцыпе — і не казаў пра гэта проста таму, што гэта было бессэнсоўна, ён ведаў, што гэтага ніхто не зразумее. Ластаўкі зразумеюць. Прымула. Стары хлеў. Прыпынак на вуліцы Сярова. Але ім і няма чаго распавядаць, ім і так пра яго ўсё вядома», — напісала Юлія Чарняўская.
Міхаіл Ганчароў нарадзіўся ў 1957 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскі індустрыяльны тэхнікум будматэрыялаў, займаўся будаўніцтвам, уласнай майстэрняй, захапляўся стварэннем драўляных цацак і мэблі.
Друкавацца пачаў у 1981 годзе ў часопісах «Працоўная змена» і «Такое жыццё». Вершы Міхаіла публікаваліся ў зборніку «Весь» (Рыга, 1992), у альманахах «Маналог» і «Мінская школа».
У 1995 годзе ў Мінскім выдавецтве «Вінаград» выйшла кніга вершаў Міхаіла Ганчарова «Хрустальны шар».
Міхаіл — лаўрэат фестываляў і конкурсаў аўтарскай песні ў Смаленску (1982) і Вільні (1988).
«Вершы жывуць, нават калі іх ніхто не слухае. Я ніколі не спрабаваў самасцвярджацца праз паэзію. Усё, што я рабіў, рабіў у асноўным для сябе. Вершы — для кожнага сваё. Для мяне — гэта спосаб усведамлення свету, гэта значыць спосаб прыняцця эмацыйнага пераліцца гэтага ўсведамлення: калі нешта вельмі добра ці дрэнна. Вядома, цяпер у жыцці ўсё мяняецца, і ў маёй свядомасці, адпаведна… — пісаў ён. — Незразумела, у што гэта выльецца, але пісаць я буду. Бо калі доўга не пішаш, пачынаеш адчуваць, што кепска робіш. Што лайдачыш і не робіш таго, што табе належыць рабіць… Дык вось і жыву сабе спакойненька. Пішу вершы».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары