Гісторык Андрэй Мацук атрымаў прэстыжную навуковую прэмію ў Польшчы
Андрэю Мацуку прысудзілі ўзнагароду выдання «Przegląd Wschodni» за 2023 год у катэгорыі «Замежныя творы». Яго ўганаравалі за манаграфію «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697—1764 гг.)», выдадзеную летась у Вільні.

Андрэю Мацуку 45 гадоў, ён родам з Полацка. Раней навуковец працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, але пасля 2020 года мусіў разам з іншымі навукоўцамі адтуль звольніцца і пераехаць у Польшчу, дзе цяпер і працягвае сваю плённую навуковую дзейнасць.

На сённяшні дзень Андрэй Мацук — аўтар чатырох навуковых манаграфій:
- «Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717—1763 гг.)» (2010);
- «Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі» (2014);
- «Грамадска-палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага ў часы бескаралеўя 1733—1735 гг.» (2020);
- «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697—1764 гг.)» (2023).

Першыя тры гэтыя даследаванні выйшлі ў Беларусі пад грыфам Інстытута гісторыі НАНБ, апошняе ж выдадзена ўжо за мяжой, але таксама на беларускай мове.
У верасні мінулага года Андрэю Мацуку таксама ўручылі прэмію выдання Rocznik Lituanistyczny, якой ушаноўваюцца навукоўцы, што дасягнулі вялікіх вяршынь у даследаванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён стаў лаўрэатам гэтай прэміі за 2022 год.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары