Грамадства44

З дота пад Ляхавічамі сцяруць надпісы, якія праслаўлялі «Вялікую перамогу»

Мясцовыя ўлады прызналі, што збудаванне прызначалася для абароны ад тых, каго яны хацелі ўшанаваць.

Даўгачасны агнявы пункт (дот) пад Ляхавічамі. Скрыншот відэа

У пачатку красавіка «Наша Ніва» пісала пра тое, што на дзяржаўным тэлебачанні выйшаў прапагандысцкі сюжэт «Дарога да Перамогі. Партызаны Ляхавіцкага раёна», у якім паказалі стары абарончы жалезабетонны бункер, на сцяне якога выведзеныя лічбы «1941—1945», пяціканцовая зорка і георгіеўская стужка. 

Дот досыць пазнавальны, бо месціцца акурат каля дарогі Ляхавічы-Баранавічы, менавіта таму яму і вызначылі ролю прапагандысцкага стэнда. 

Але тыя, хто наносіў патрыятычныя надпісы і сімвалы, відавочна, не ведаў гісторыю.

Польскія доты каля дарогі Баранавічы-Ляхавічы. Фота: Спорт і турызм Ляхавіцкага раёна 

Рэч у тым, што дот быў пабудаваны ў 1937-1939 гадах палякамі для стварэння Баранавіцкага ўмацаванага раёна ўздоўж левага берага Шчары. Канкрэтна гэта ўмацаванне было ўзведзена каля вёскі Дайнякі ў сістэме групы сучасных дотаў на адрэзку Дарава-Лабузы.

Размешчаны доты былі так, каб абараняць прыгранічны польскі раён ад бальшавіцкай навалы з усходу, то-бок ад Чырвонай Арміі.

У тэлесюжэце сцвярджаецца, што дот быў узведзены ў часы Першай сусветнай вайны, але гэта няпраўда. Доты таго часу будаваліся на іншым, заходнім беразе Шчары.

Пра тое, што польскія доты неяк выкарыстоўваліся ў часы Другой сусветнай вайны, а тым больш пры абароне Беларусі ад нацыстаў — ніякіх звестак няма. Што не перашкодзіла ўключыць іх спіс аб'ектаў мясцовага патрыятычнага пантэона.

Зварот чытача. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

На гістарычную недакладнасць звярнуў увагу адзін з чытачоў мясцовай раёнкі «Ляхавіцкі веснік», які абурыўся тым, што польскае збудаванне без аніякіх доказаў выдаюць за дот Вялікай Айчыннай вайны. Праз тыдзень газета ў сваім тэлеграм-канале апублікавала адказ мясцовага ідэолага Вольгі Бурак.

Чыноўніца прызнала, што нанесены «нявызначанай асобай» надпіс «1941-1945» не адпавядае гістарычнаму перыяду, і паабяцала, што яго прыбяруць з дота. 

Хто ж мог быць гэтай «нявызначанай асобай»? На «дотах Першай сусветнай вайны», як іх называюць у дзяржаўных медыя, уздоўж дарогі Ляхавічы-Баранавічы ўвесь час праводзяцца працы па навядзенні парадку. 

Старшыня райсавета Юрый Чаранкевіч і дзяўчаты з БРСМ на суботніку каля польскіх дотаў. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

У канцы красавіка 2024 года на суботніку парадак вакол іх наводзілі мясцовыя дэпутаты, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Бээрэсэмаўцаў прывозілі чысціць доты і ў 2019 годзе. Тады першы сакратар райкама арганізацыі распавядала падлеткам, што ў часы Першай сусветнай вайны тут праходзіла прыфрантавая зона, хоць гэтыя збудаванні ніякага дачынення да таго перыяду не мелі.

Бээрэсэмаўцы чысцяць польскі дот. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

Даведацца пра гэта можна было проста праз пошук у інтэрнэце – інфармацыі пра гэтыя абарончыя збудаванні шмат, і яна досыць канкрэтна ўказвае на тое, кім і для чаго доты былі пабудаваныя.

Так што пытанне, якія «нявызначаныя асобы» маглі беспакарана нанесці надпісы на доце, што добра відаць з дарогі паміж райцэнтрамі, чыста рытарычнае. У лукашэнкаўскай Беларусі гістарычная памяць абсалютна сляпая — для афіцыйнага наратыву сапраўды існуе толькі адна вайна.

Пра польскія доты міжваеннага часу могуць распавядаць як пра доты Першай сусветнай вайны, а пасля наносіць на іх надпісы, што адсылаюць да падзей Другой сусветнай — ніякага дысанансу ў чыноўнікаў гэта не выклікае.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ёсік
    23.05.2024
    Калі кіраўнік неадукаваны, дык і ўсё яго атачэньне павінна такім быць, бо не дай божа, хто скажа, што не мог яго бацька загінуць на вайне.
  • Мх
    23.05.2024
    Цікавая пазіцыя ва ўладаў: калі што самі не тое зробяць дык "невызначаная асоба", а калі трэба кагосці "закрыць" дык гатовы ледзь не з прыбіральні прамую трансляцыю ладзіць.
  • Нацдэм
    23.05.2024
    Белыя амерыканскія зоркі, дзякуй тупыя камунякі

Цяпер чытаюць

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве раскрылі міжнародную групу, што планавала палітычныя забойствы. Сярод злачынцаў ёсць беларусы4

Юнак расказаў, як канспектаваў рускамоўныя лекцыі беларускай лацінкай. Гэта выклікала даміно ўспамінаў з БНТУ, БДТУ і БДУ3

Дэфіцыт расійскага бюджэту за першы квартал аказаўся большы, чым планавалася на год5

Трамп паабяцаў аднавіць масаваныя абстрэлы Ірана ў выпадку невыканання сапраўднага пагаднення1

«Каралева кетаміну» атрымала 15 гадоў турмы па справе аб смерці акцёра Мэцью Пэры

Ілля Протас дэбютаваў у НХЛ

«Згадайце гэты кавалак лёду!» Трамп сустрэўся з генеральным сакратаром НАТА і зноў загаварыў пра Грэнландыю1

Ці сапраўды карычневыя яйкі больш карысныя за белыя?2

Самы дарагі дом у сакавіку набылі ў элітным пасёлку пад Мінскам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць