«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію
Сетка «Главное» запусцілася 25 красавіка 2023 года. Сетка пазіцыянуе сябе як звычайныя гарадскія каналы, а яе стваральнікі скупілі дзясяткі лакальных гарадскіх суполак «Укантакце». Спачатку складвалася ўражанне, што гэта ініцыятыва беларускай дзяржавы, аднак выглядае, што сляды ідуць у Расію. Дык хто стаіць за гэтай сеткай?
Як з'явілася сетка каналаў і што сабой уяўляе?
Гэта сетка каналаў у Telegram і «Укантакце». На сёння ў тэлеграме яны маюць 7 каналаў, ва «Укантакце» — 21 суполку. У суполках вельмі розная колькасць людзей, ад дзясяткаў да сотняў тысяч.

Некаторыя суполкі «Укантакце» былі перакупленыя ў іншых людзей «пад ключ». Гэта бачна па датах іх перайменавання — як з гродзенскай суполкай.

З часам у сеткі «Главное» з'явіўся і сайт. Дамен зарэгістраваны 30 сакавіка 2023 года, але першыя навіны там пачалі з'яўляцца ў лютым 2025 года. Там цяпер два аўтары — «Ганна Ханецкая» і «Яноцік».

Адметна, што праект выкупіў усе імёны карыстальнікаў для абласных гарадоў Беларусі. То-бок па імені карыстальніка @brest у Telegram адкрыецца канал з сеткі «Главное».
Самы буйны з тэлеграм-каналаў — мінскі — мае амаль 127 тысяч падпісчыкаў. На рэгіянальных — ад 30 да 54 тысяч.
Пра што яны пішуць?
Агулам навіны выглядаюць нейтральнымі, але перыядычна сустракаюцца прарасійскія наратывы. У каналах няма нічога беларускага нацыянальнага.
Вось, напрыклад, на канале віншуюць Лукашэнку з днём народзінаў, асабліва адзначаючы, што яго павіншаваў Пуцін.

А вось рэклама іншага канала, дзе падкрэсліваецца, што «Расія і Беларусь — дзве сястры».

У асноўным праект публікуе навіны пра жыццё і рэкламу. У спісе МУС канал называлі «незалежным» — значыць, хутчэй за ўсё, сетка не звязаная з дзяржаўнымі медыя.
Як яны зарабляюць?
Усё проста — на рэкламе. У тэлеграм-канале «Мінск. Главное» рэклама каштуе 400 рублёў. У гомельскай суполцы — 260 рублёў, у віцебскай — 220 рублёў, у гродзенскай, брэсцкай і магілёўскай — па 150 рублёў. Адрэкламавацца ва ўсёй сетцы адначасова каштуе 1200 рублёў.
Ва «Укантакце» прайсы больш сціплыя — ад 10 да 25 рублёў.
Супрацоўнічаюць яны і з «Яндэксам», які цяпер прапануе рэкламавацца ў іх розным тэлеграм-каналам.
Хто можа мець дачыненне да сеткі «Главное»?
Да рэкламнага акаўнта сеткі прывязаны расійскі нумар 79******778. Па ім «б'ецца» некалькі чалавек, мы раскажам пра іх падрабязней.
Адзін з тых, хто мае дачыненне да «Главного», — беларус з расійскім пашпартам Максім Вайцянкоў. Да нумару прывязаныя ягоныя новыя сацсеткі, створаныя пасля 2022 года.
Гэта 43-гадовы ўраджэнец Магілёва, які мае таксама расійскае грамадзянства. Па звестках праекта Digital Intelligence Team, у Беларусі ён працаваў на «Магілёўліфтмашы», а пасля 2006 года выехаў у Расію.

Там ён працаваў у структурах урада Масквы як мінімум з 2011 года. У 2012-м Вайцянкоў займаў пасаду вядучага спецыяліста раёна ва Управе Сакаліная гара. У 2014-м — у Галоўным кантрольным упраўленні Масквы.
З 2016 па 2020 гады ўзначальваў Дзяржаўную бюджэтную ўстанову «Жыллёвік раёна Метрогарадок». Пасля, з верасня 2020 па сакавік 2021, — Дзяржаўную бюджэтную ўстанову «Жыллёвік раёна Ізмайлава».
Пасля ён перайшоў працаваць у агенцтва маркетынгавых камунікацыяў EMG (emg.ru). Чым ён займаўся ў 2022 годзе, дакладна невядома.
У 2023 годзе Вайцянкоў заняўся ўласным бізнэсам. Сферамі дзейнасці яго ІП пазначаныя:
- Дзейнасць рэкламных агенцтваў,
- Распрацоўка камп'ютарнага праграмнага забеспячэння,
- Кансультацыйная дзейнасць і работы ў галіне камп'ютарных тэхналогій,
- Дзейнасць, звязаная з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі і інфармацыйных тэхналогій, іншая,
- Дзейнасць па апрацоўцы даных, прадастаўленне паслуг па размяшчэнні інфармацыі і звязаная з гэтым дзейнасць,
- Дзейнасць па стварэнні і выкарыстанні баз даных і інфармацыйных рэсурсаў,
- Дзейнасць web-парталаў,
- Прадстаўленне ў сродках масавай інфармацыі,
- Даследаванне кан'юнктуры рынку і вывучэнне грамадскай думкі.

Таксама ён заняўся будаўнічым бізнэсам. У сакавіку 2024 года Вайцянкоў перакупіў маскоўскую фірму «Грандбуд», асноўнай дзейнасцю якой пазначанае будаўніцтва і абслугоўванне дамоў. Нумар, да якога прывязаны рэкламны акаўнт сеткі каналаў «Главное», дагэтуль прабіваецца як кантактны ў фірме «Грандбуд»
Яшчэ адзін бізнэс Вайцянкова — фірма, якая прымае людзей на працу. Адметна, што яна называецца «Галоўнае кадравае агенцтва», акурат як сетка каналаў «Главное» («Галоўнае»). «Галоўнае кадравае агенства» шукае людзей на рабочыя спецыяльнасці, а таксама дапамагае арганізацыям з вайсковым улікам.
Па тым жа нумары прабіваецца 61-гадовы расіянін Віктар Крацюк, колішні калега Вайцянкова па працы ў бюджэтных упраўленнях раёнаў Усходні, Метрагарадок і Ізмайлава. Але ён карыстаўся гэтым нумарам да 2022 года. Да верасня 2024 года Крацюк таксама кіраваў будаўнічай фірмай «Арм Строй».
Нумар, на які зарэгістраваны кантактны нумар сеткі «Главное», дагэтуль б'ецца як колішні кантактны нумар у будаўнічай фірме «Арм Строй». Цяперашні гендырэктар «Арм Строя» — Вадзім Попель, 45-гадовы ўраджэнец Магілёва. Да 2015 года ён працаваў у Беларусі, у холдынгу «Сервалюкс-Арга». Гэта буйны аграпрамысловы холдынг, які працуе на рынках Беларусі, Расіі і краін Азіі.

Попель пакідаў каментары пад публікацыямі ў магілёўскім канале сеткі «Главное» са свайго тэлеграм-акаўнта.
Яшчэ адзін чалавек, які вёў канал — Ягор Землякоў з Расіі. Яму 24 гады. Ён родам з Кастрамы, але вучыўся і жыў ён доўгі час у Яраслаўлі.

У 2023-м ён быў адказным за пошук рэкламных менеджараў для ўсёй суполкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМіліцыя выпадкова выклала ўнутраны дакумент з аналізам медыя. Вось каго яны сёння чыталі і якія СМІ лічаць незалежнымі
Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі
Вось хто той «рэжысёр», які падманам стварыў фільм пра віленскую і беластоцкую эміграцыю
Каментары