Пасмажыў чалавечае мяса на вачах у жонкі. Як пара эстонцаў стала серыйнымі забойцамі — сярод іх ахвяр быў і беларус
У 1982 годзе ў Эстоніі адбылося некалькі дзіўных забойстваў. Міліцыя знаходзіла трупы з выразанымі часткамі цела, аднак не змагла звязаць злачынствы ў агульную справу. Адной з ахвяр стаў мужчына з Беларусі. Злавіць забойцу ўдалося толькі дзякуючы яго жонцы, расказвае гісторыю медыя «Холад».
У ноч на 6 сакавіка 1982 года 23-гадовая Піле Таомла, кіроўца тралейбуса з Таліна, прачнулася ад гуку ўваходных дзвярэй. Дадому вярнуўся яе муж 25-гадовы Ёханэс-Андрэас Хані, які працаваў памочнікам на кухні ў прэстыжным Талінскім гатэлі Palace.
Яны пажаніліся ўсяго некалькі месяцаў таму, але ведалі адно аднаго яшчэ падлеткамі — таму што абое выраслі ў баптысцкіх сем'ях, Хані быў сынам пастара. Піле апісвала мужа як ласкавага і клапатлівага чалавека. Праўда, прызнавала, што любая дробязь выводзіла яго з сябе, і ён рэзка станавіўся халодным і жорсткім.
Хані прынёс у руках пакет, на якім была рэклама прадуктовай крамы. Як пазней ўспамінала Піле, павітаўшыся, муж неахайна кінуў яго на стол. Унутры быў крывавы кавалак мяса.
«Я забіў чалавека, і вось яго мяса. Чалавечае мяса, якое я даўно хацеў пакаштаваць», — сказаў Хані. Пазней высветлілася: у пакеце ляжала ікраножная цягліца мужчыны, які некалькі гадзін таму выйшаў з бара ў Ныме — невялікім раёне на поўдні Таліна.
Хані пачаў смажыць мяса проста на вачах у жонкі. «Пах быў жудасны», — успамінала яна. — «Я не магла адмыць патэльню тры дні, пах усё роўна не знік». Калі муж прапанаваў ёй пакаштаваць, Піле, па яе словах, прыкінулася спячай. У міліцыю яна не звярнулася, таму што «не змагла выдаць настолькі блізкага чалавека».
Раніцай 6 сакавіка 1982 года ў паўднёва-заходнім раёне Таліна міліцыянты знайшлі цела мужчыны. Загінулы аказаўся мараком сярэдніх гадоў Эймарам Віба, які раней служыў на востраве Саарэмаа. Цела і нага Віба былі знявечаныя: з сцягна выразалі кавалак мяса памерам з цэглу.
У Віба скралі срэбны пярсцёнак, абутак і кашалёк, наручны гадзіннік з дакументамі. Цела забітага апазналі дзякуючы яго жонцы. Яна вярнулася ў Талін з дачы — і ў пустой кватэры зразумела, што муж не быў дома некалькі дзён.
Больш забойстваў
Праз два месяцы пасля забойства марака міліцыя Эстоніі натыкнулася на труп пенсіянера з Беларусі — 75-гадовага Івана Сівіцкага. Яму праткнулі сэрца і выразалі палавыя органы, а таксама кавалак плоці з сцягна. Сівіцкі таксама стаў ахвярай Ёханэса-Андрэаса Хані. У тую ноч Хані наведваў свайго сябра дзяцінства ў горадзе Йыхві ў двух гадзінах язды ад Таліна. Яны засядзеліся ў рэстаране, а калі вярнуліся п'янымі — жонка сябра не пусціла іх начаваць.

«Тады я ўзяў нож і пайшоў блукаць па дварах, — пазней расказваў Хані. — Адны дзверы была адчыненыя. Я ўвайшоў. Спачатку — сауна, побач — спальня. Нехта падняўся ў ложку. Я спытаў: «Колькі вас тут?» Гэта быў стары, ён быў адзін. Я падышоў і ўдарыў нажом проста ў грудзі».
На досвітку Хані сеў на цягнік назад у Талін з партфелем, у якім знаходзіліся органы Сівіцкага.
Нягледзячы на падобныя дэталі двух злачынстваў, эстонская міліцыя тады не звязала забойства ў Ныме са злачынствам у Йыхві.
У ліпені 1982 Хані здзейсніў трэцяе забойства. Яны з жонкай павінны былі адправіцца на пляж разам з агульнай сяброўкай, аднак пасварыліся яшчэ падчас куплі квіткоў. Хані адмовіўся ад паездкі, і жанчыны селі на цягнік удваіх.
Гуляючы па ўскраінах Таліна, Хані сустрэў 44-гадовую Яўгенію Кальцову, якая збірала маліну. Ён напаў на яе, згвалціў і забіў, пакінуўшы яе цела гніць у лесе. У Кальцовай Хані скраў вопратку, 30 капеек і квіток на аўтобус.
Міліцыі ўдалося вызначыць асобу жанчыны толькі па бігудзі, якія засталіся ў яе валасах. Гэтыя бігудзі былі скручаныя з рускамоўнай газеты. На ёй захавалася дата: 27 ліпеня 1982 года і адрас, які паштальён напісаў ад рукі: Kuuseheki 28-3.
Малаток у ночы
Усяго праз месяц Хані напаў на сваю жонку. Ноччу, пакуль тая спала, ён накінуўся на яе з малатком, двойчы стукнуўшы па галаве, але не стаў дабіваць, а перабінтаваў ёй галаву і павёз у бальніцу. У траўмапункце Хані схлусіў, што на Піле напаў незнаёмец у парку Глена на паўднёвым захадзе Таліна. Піле не магла нічога сказаць, толькі гучна плакала, і дактары западозрылі ў яе шок.
Вярнуўшыся дадому, Піле пачала збіраць доказы супраць мужа. Яна схавала скрываўленую навалачку і малаток, якім муж спрабаваў яе забіць. Як Піле пісала пасля, па начах яна прыціскалася бліжэй да мужа, каб адчуваць кожны шоргат і «быць гатовай да нападу». Аднак па-ранейшаму не звярталася ў міліцыю.
У верасні 1982 года Хані вырашыў зрабіць жонку сваёй саўдзельніцай. Паводле яго задумкі, пара павінна была сесці ў таксі і, забіўшы кіроўцу, скрасці машыну. Меркавалася, што падчас паездкі Піле адцягне кіроўцу, а затым сядзе за руль. Хані не ўмеў вадзіць.
«Ён даў мне нож з кароткім лязом, якім я павінна была ўдарыць таксіста ў грудзі спераду, пасля таго як ён ударыць яго ззаду ў шыю — у сонную артэрыю», — пазней успамінала Піле.
Кіроўцу Алару Ківі яны прадставіліся як пара, якая едзе на дзень нараджэння. Хані сеў на задняе сядзенне. У 23:00 Піле выйшла з машыны, нібыта каб паклікаць сяброўку. У той момант Хані ўдарыў таксіста нажом у шыю, але той змог выцягнуць клінок і намацаць кнопку адкрыцця дзвярэй.
«Давай, бі таксама!» — закрычаў Хані. Але Піле застыла і не нанесла ўдар. У гэты момант таксісту ўдалося збегчы. Пара знікла з месца злачынства на «Волзе», якую неўзабаве кінулі каля дома №22 на праспекце Каскедзе. У тую ноч яны забралі з машыны 27 рублёў і джынсавую куртку таксіста.
Алар Ківі змог дабегчы да бліжэйшага жылога дома, дзе папрасіў аб дапамозе і выклікаў міліцыю.
Апраўданні
Толькі праз два месяцы пасля нападу ў таксі, у пачатку кастрычніка 1982 года, Піле раскаялася. Яна прыйшла на працу да сяброўкі, каб надрукаваць прызнанне. «Паведамляю, што з'яўляюся саўдзельніцай трох забойстваў і двух замахаў на забойства. Прызнацца мяне прымусілі сумленне, пагражаючая майму жыццю сітуацыя, грамадзянскі абавязак і страх», — напісала яна ў лісце для крымінальнага вышуку Таліна.
Але пісьмовае прызнанне Піле так і не адправіла. Яе апярэдзіў калега сяброўкі Піле, які выпадкова ўбачыў гэты ліст на працоўным месцы. Ён і звярнуўся ў міліцыю. 10 кастрычніка Хані арыштавалі ў гатэлі Palace проста падчас змены.
Ужо ў турме Андрэас пісаў лісты жонцы, следчаму і мясцовым СМІ. У іх ён спрабаваў растлумачыць, што падштурхнула яго да забойства, звязваючы сваю жорсткасць з гвалтам і рэлігійным фанатызмам у сям'і.
Ёханэс-Андрэас Хані нарадзіўся вясной 1957 года ў сям'і баптысцкага прапаведніка Яана Хані. Ён быў адным з шасцярых дзяцей, старэйшым з хлопчыкаў. Сям'я Хані жыла ў прамысловым горадзе Кохтла-Ярве, на ўсходзе Эстоніі.
«Усё вырашаў бацька. Парадкі ў доме былі вельмі строгімі. За іх парушэнне нас [дзяцей], як правіла, каралі цялесна», — успамінаў Хані сямейны ўклад.
Ярчэй за ўсё Хані апісваў пакаранне за слова «чорт», якое ён выпадкова вымавіў падчас гульні. Бацькі білі яго прутамі, пакуль у іх не скончыліся сілы. «Дагэтуль памятаю цяжкае дыханне бацькі, якое ледзь не душыла яго самога. Я да таго моманту ўжо сарваў голас ад крыку», — успамінаў Хані. Пасля гэтага ён зненавідзеў і бацьку, і рэлігію.
«У камеру смяротнікаў мяне прывяла сляпая фанатычная вера майго бацькі, якую ён ставіў вышэй за ўсё», — расказваў Хані. Ён скончыў жыццё самагубствам 7 лістапада 1982 года, менш чым праз месяц пасля арышту. У перадсмяротным лісце злачынец пісаў: «Людзі, бойцеся фанатыкаў. Менавіта яны — сапраўдныя людаеды. Абараняйце дзяцей. Дзіцячая душа не зроблена з дрэва».
У тым жа лісце Хані звярнуўся да Піле: «Калі табе дадуць пахаваць маё цела… вельмі прашу цябе… пяшчотна пагладзь мяне па галаве адзін раз! Мне гэта было патрэбна пры жыцці. Нават мая маці пра гэта не падумала і аддала перавагу замест свайго сына ўкрыжаванай фігуры…»
«Абсалютная самаахвяраванне»
Псіхіятрычная экспертыза, праведзеная пасля смерці Хані, палічыла забойцу і яго саўдзельніцу ў стане свядомасці. Псіхіятр Анты Лійв, які праводзіў судовую экспертызу мужа і жонкі, успамінаў, як Піле, ужо знаходзячыся пад следствам, разважала пра планы на будучыню. Жанчына была ўпэўненая, што апынецца на волі да Калядаў, збіралася ўзяць адпачынак і з'ехаць на поўдзень.
Калі размова заходзіла аб шкадаваннях з-за смерці нявінных людзей, Піле са здзіўленнем пыталася: «А чаму мне павінна быць сорамна за сваё каханне?».
28 лютага 1983 года Вярхоўны суд Эстонскай ССР прысудзіў 24-гадовую Піле да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пазней тэрмін змякчылі да дзесяці гадоў.
«Яна [Піле] была не супраць, каб гэтую гісторыю калі-небудзь расказалі шырокай публіцы», — успамінаў Анты Лійв. Так і здарылася.
У 2008 годзе Піле выпусціла кнігу «Я любіла драпежніка» пра жыццё з серыйным забойцам. У ёй жанчына расказала, што абараняла мужа «з кахання», і не прызнала сваю віну ў забойствах. Па словах Піле, у шлюбе з Хані яна адчувала сябе зачараванай.
«Я разумею каханне як абсалютнае самаахвяраванне, без патрабаванняў нешта атрымаць наўзамен. Каханне павінна падымаць на п'едэстал таго, каго ты любіш. Яно павінна быць цярплівым, пакорлівым і, самае галоўнае, ты павінен усёй сваёй сутнасцю адчуваць, што гатовы адмовіцца ад усяго дзеля каханага», — пісала Піле. Акрамя адносін з забойцам, яна апісвала час у калоніі і сваё жорсткае стаўленне да сукамернікаў.
Апынуўшыся на волі, Піле нарадзіла дзіця і цяпер жыве ў Фінляндыі пад іншым прозвішчам.
Каментары