Кіно11

«Мікі 17»: зорка «Змяркання» грае ў шалёнай камедыі, і гэта варта бачыць

Роберт Пацінсан атрымаў папулярнасць як вампір з фільма «Змярканне», потым здымаўся ў незалежным кіно. А цяпер ён — зорка фантастычнай камедыі «Мікі 17» ад аскараноснага рэжысёра. Такое шалёнае кіно нельга прапусціць.

Фота: кадр з трэйлера

У «Мікі 17» (Mickey 17) грымучая кампанія стваральнікаў. Амерыканскія прадзюсары фільма неаднаразова атрымлівалі «Оскар», ёсць статуэтка і ў паўднёвакарэйскага рэжысёра. Гаворка пра 55-гадовага Пон Джун Хо — шэсць гадоў таму па ўсім свеце прагрымелі яго «Паразіты», і за той фільм Пон Джун Хо атрымаў саму прэстыжную кінаўзнагароду.

У новай стужцы ён вярнуўся да жанру небанальнай і разумнай камедыі. «Мікі 17» — экранізацыя рамана Эдварда Эштана «Мікі 7», які выйшаў у 2022 годзе. 

У цэнтры абодвух твораў знаходзіцца Мікі Барнс, гісторык па адукацыі, але ж для фільма яго лёс трошкі змянілі. Барнс адкрывае разам з сябрам бізнэс — прадае макаруны, французскае міндальнае печыва з крэмам. Але ж аказалася, што і на макарунах можна ўляпацца ў непрыемнасці. Мікі з сябрам аказаліся вінныя шмат грошай крымінальнаму босу, які можа знайсці цябе нават ва Улан-Батары.

Як выратаваць сябе? Мікі наймаецца ў місію па каланізацыі планеты пад назвай Нільфхейм, бо ў космасе яго быццам не знойдуць і не папросяць доўг назад. Праўда, потым разумее, што варта было чытаць дамову больш уважліва, таму што цяпер ён «расходнік»: Мікі выконвае для калоніі самыя небяспечныя заданні, а калі памірае, яго проста кланіруюць.

Як можна зразумець з назвы фільма, кланіраваць даводзіцца шмат, і герой стужкі — гэта ўжо сямнаццатая версія Мікі. Аднойчы адзін з клонаў Мікі губляе сувязь з базай, яго лічаць памерлым і з чыстым сумленнем ствараюць новага Мікі. І з гэтага моманту ўсё ідзе не па плане.

«Мікі 17» — разумная сатыра на свет капіталізму, дзе простыя людзі таксама робяцца расходным матэрыялам. Аўтары даводзяць гэтую сатыру да абсурду і выкручваюць яго на максімум: напрыклад, спецыялісты настолькі не клапоцяцца пра Мікі, што яго цела выпадае з апарату для кланавання проста на падлогу, а адной з версій Мікі даюць пажыць усяго 15 хвілін.

Праз увесь гэты абсурд і складанасць фільм атрымаўся грувасткім і не самы зручным для прагляду, але пры гэтым самадастатковым. Гэта незвычайная камедыя, бо добра, калі вы ўсміхнецеся хоць некалькі разоў за фільм.

Фота: кадр з трэйлера

Калі глядзець глыбей, у Пон Джун Хо атрымаўся нашмат больш сур'ёзны і важны фільм, чым здаецца адразу. І справа зусім не толькі ў капіталізме — дарэчы, увагай да гэтай тэмы стужка нагадвае знакамітую «Гульню ў кальмара». Тыя, хто глядзеў легендарны паўднёвакарэйскі серыял, зробяць і іншыя аналогіі: напрыклад, у абодвух праектах гаворка ідзе пра людзей, якія збанкрутавалі і шукаюць паратунку.

«Мікі 17» паказвае, як за высокімі матывамі могуць хавацца дробныя жаданні. Мы прывыклі бачыць у фантастыцы гераічныя сюжэты, поўныя надзеі на лепшую будучыню. Але вось вам Зямля будучыні, дзе людзі стаяць у велізарнай чарзе, каб толькі збегчы з гэтай планеты, а самі трапляюць у яшчэ горшыя ўмовы.

Гаворка пра самазакаханага палітыка Кенета Маршала, які прайграў выбары на Зямлі і выкарыстоўвае каланістаў, каб рэалізаваць усю сваю прагу да ўлады, а іншыя дапамагаюць яму са страху. Бадай, гэтая будучыня выглядае больш верагоднай за гераічныя гісторыі, і так лёс Мікі Барнса аказваецца бліжэйшым да нашай рэальнасці, чым здавалася.

«Мікі 17» — гэта яшчэ і прыклад стужкі, у якой стваральнікі не баяцца эксперыментаў. У час кінафраншыз і блакбастараў, дзе поспех амаль гарантаваны, амерыкана-карэйская каманда з Брэдам Пітам сярод прадзюсараў стварае шалёны праект з навуковай фантастыкай не для ўсіх. Тут робяць соус з іншапланецян, пагражаюць за макаруны бензапілой і, здаецца, зусім не клапоцяцца пра тое, спадабаецца вам гэта ці не.

Калі вы любіце кіно, не варта прапусціць гэты фільм.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Ноўнэйм
    07.03.2025
    Будзем чакаць з'яўлення на Кінакіпе

Цяпер чытаюць

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну2

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Сабаленка адарвалася ў рэйтынгу на гіганцкія 4750 балаў5

Кітайскія навукоўцы стварылі пчол-кібаргаў5

Кошт біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіў 120 000 даляраў1

Трамп сёння абвесціць пра новы план узбраення Украіны4

Зяленскі збіраецца памяняць прэм'ера і міністра абароны3

«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»9

У аэрапорце пад Лонданам разбіўся прыватны самалёт

Насельніцтва Еўрасаюза перасягнула 450 мільёнаў чалавек. Але рост не паўсюль6

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну2

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць