Вывядзеннем беларускай пароды перапёлак займаецца навуковая каманда на мясцовай птушкафабрыцы. Пра гэта паведаміла яе дырэктарка Ірына Таўкачова, піша Times.by.

Задача навукоўцаў — вывесці спецыяльны гібрыд, у якога можна вызначаць пол птушанят ужо ў першы дзень пасля вылуплівання. Раней гэта было магчыма толькі прыкладна праз тры тыдні, калі з’яўлялася апярэнне.
Асновай для селекцыі служыць японская лінія перапёлак — адна з самых прадуктыўных яечных парод. На яе базе хочуць стварыць уласны беларускі крос з патрэбнымі ўласцівасцямі.
Першыя вынікі ўжо ёсць: атрымалася павялічыць яйканоскасць — кожная перапёлка дае прыкладна на два дзясяткі яек больш. Дзякуючы гэтаму агульная вытворчасць значна вырасла: замест запланаваных 175 мільёнаў яек на год фабрыка разлічвае выйсці на каля 230 мільёнаў.
Прыкладна палова прадукцыі ўжо ідзе на экспарт — у Расію, Арменію і Грузію. У планах — пастаўкі таксама ў Кітай і Узбекістан.
Каментары