Дом, набыты Шэкспірам у 1613 годзе, за тры гады да смерці, знаходзіўся на ціхай вуліцы ў раёне Блэкфрайерс — у сучасным Сіці.

Навукоўцы ўстанавілі дакладнае месцазнаходжанне дома Уільяма Шэкспіра ў Лондане, адзінай нерухомасці, якой валодаў паэт у брытанскай сталіцы — пра гэта паведаміла прэс-служба Каралеўскага каледжа Лондана, піша Бі-бі-сі.
Дом, куплены Шэкспірам у 1613 годзе, за тры гады да смерці, знаходзіўся на ціхай вуліцы ў раёне Блэкфрайерс — у сучасным Сіці.

Месцазнаходжанне і памеры дома змагла ўстанавіць даследчыца творчасці Шэкспіра Люсі Манро з Каралеўскага каледжа Лондана: яна знайшла ў брытанскіх архівах некалькі дакументаў, на адным з якіх быў намаляваны план раёна Блэкфрайерс, складзены ў 1668 годзе, ужо пасля Вялікага лонданскага пажару. План раёна пацвярджаў дакладнае месцазнаходжанне і памеры дома Шэкспіра.
Гэтая знаходка змяняе ўяўленне пра апошнія гады жыцця Шэкспіра. Раней лічылася, што Шэкспір пасля пажару ў «Глобусе» ў 1613 годзе пайшоў з тэатра і вярнуўся ў Стратфард-на-Эйване.
Тое, што ён у 1613 годзе купіў дом у Лондане недалёка ад тэатра «Глобус», сведчыць пра тое, што Шэкспір у апошнія гады жыцця працягваў удзельнічаць у тэатральным жыцці горада.
Дом паэта быў размешчаны ў ніжняй частцы сучаснай вуліцы Берган у лонданскім Сіці. Зараз на месцы дома Шэкспіра стаяць будынкі канца XIX стагоддзя, размешчаныя па адрасах Берган-стрыт, 5 і Сент-Эндрус-Хіл, 5.
Сіняя мемарыяльная дошка ў гонар Шэкспіра на Сент-Эндрус-Хіл, як высветлілася, знаходзіцца не «побач» з месцам яго лонданскага дома, а менавіта на тым самым месцы, дзе калісьці знаходзіўся дом паэта і драматурга.
Па словах Люсі Манро, дом быў часткай «Вялікіх Варот» на ўездзе ў раён Блэкфрайерс, дзе размяшчаўся буйны дамініканскі манастыр XIII стагоддзя
Манро выявіла тры дакументы, якія пацвярджалі месцазнаходжанне дома Шэкспіра. Два дакументы захоўваліся ў Лонданскім архіве і яшчэ адзін — у Нацыянальным архіве.
Адзін з дакументаў уяўляў сабой план часткі раёна Блэкфрайерс, складзены ў 1668 годзе, праз два гады пасля Вялікага лонданскага пажару. На плане намалявана толькі частка дома драматурга.
Два іншыя дакументы адносяцца да продажу нерухомасці ў Блэкфрайерс унучкай Шэкспіра ў 1665 годзе.
«Я праводзіла даследаванне ў рамках больш маштабнага праекта і не магла паверыць сваім вачам, калі зразумела, што бачу план дома Шэкспіра ў Блэкфрайерс», — кажа Манро.
Паводле яе слоў, доўгі час лічылася, што ніякіх сведчанняў пра дом Шэкспіра ў Лондане не захавалася, таму новыя даследаванні не праводзіліся.
«Гэтыя знаходкі сапраўды дапамагаюць нам расказаць поўную гісторыю дома Шэкспіра ў Блэкфрайерс, і дзякуючы гэтаму новаму адкрыццю мы цяпер дакладна ведаем, дзе ён знаходзіўся», — кажа даследчыца.
Манро адзначае, што дом знаходзіўся побач з тэатрам Блэкфрайерс, дзе працаваў Шэкспір.
«Мы ведаем, што Шэкспір пазней, у 1613 годзе, у суаўтарстве з Джонам Флетчэрам напісаў трагікамедыю «Два знатныя радзічы». І новыя сведчанні пра тое, што дом у Блэкфрайерс быў даволі вялікім, дазваляюць выказаць здагадку, што частка п'есы магла быць напісана менавіта ў гэтым доме», — адзначае Люсі Манро.
Каментары