У стаўбцоўскім шматпавярховіку ўжо тры гады не могуць вырашыць праблему з іржавай вадой
Жыхары дома на вуліцы Міру, 3 у Стоўбцах, які пабудавалі ў 2012 годзе, кажуць, што раней вада з крана была чыстая і прыдатная для піцця. Але каля трох гадоў таму, калі побач пачалі будаваць новы мікрараён, сітуацыя змянілася: з кранаў пачала ісці ржавая вада з пяском, піша «Мінская праўда».

Старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва разам з адной з жыхарак падчас прыёму грамадзян у старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі расказала, што праблема, колькі не скардзіліся і не падымалі пытанне, застаецца нязменнай.
Па словах жыхароў, ім даводзіцца рэгулярна мяняць фільтры, а таксама ад гэтай сітуацыі цярпіць бытавая тэхніка — напрыклад, пральныя машыны ржавеюць знутры, а бялізна кепска адмываецца. Пры гэтым якасць вады нестабільная: сёння яна можа быць брудная, а заўтра — чыстая.
Улады адзначаюць, што па выніках аналізаў вада ў гэтым раёне сапраўды мае перавышэнне ўтрымання жалеза і не адпавядае ідэальным нормам. Раней пры падрыхтоўцы да абласнога свята ў горадзе ўжо абнаўлялі частку сетак, але некаторыя ўчасткі засталіся старымі. Цяпер рыхтуецца праект па замене яшчэ аднаго адрэзка водаправоду.
Чыноўнікі заяўляюць, што сістэму прамывалі і бралі новыя пробы вады, аднак кароткачасовыя пагаршэнні якасці ўсё адно магчымыя.
Кіраўніцтва вобласці падкрэслівае, што праблему трэба канчаткова вырашыць і, калі спатрэбіцца, правесці поўную замену сетак водазабеспячэння.
Каментары