Эйдэльман расказала, як рашыла запісваць лекцыі па гісторыі Беларусі
Тамара Эйдэльман патлумачыла, ці будзе працягваць гістарычныя лекцыі па Беларусі, і паразважала пра сённяшнія перспектывы нашай краіны.

Расійскі гісторык Тамара Эйдэльман, вядомая сваімі папулярнымі гістарычнымі лекцыямі на YouTube, некалькі месяцаў назад выпусціла лекцыі па гісторыі Беларусі.
У інтэрв'ю ютуб-каналу «Обычное утро» Эйдэльман расказала, што планы зрабіць такія лекцыі ў яе былі даўно, яе не раз аб гэтым прасілі. Аднак яна пабойвалася — не столькі крытыкі, колькі ўласнага няведання тэмы.
«На жаль, я зразумела такую рэч, што (…) я вельмі мала ўсяго ведаю пра гісторыю Беларусі. Мала таго, я вось зараз капаю, шукаю кнігі, на якія я магла б абапірацца. І іх таксама мала. І тыя, што ёсць, вельмі моцна ангажаваны. (…) Але гэтаму можна даць рады.
Галоўнае адчуванне, што гэтым увогуле мала хто займаўся. Есць спецыфічныя навуковыя працы па нейкіх канкрэтных пытаннях. А мне неабходна абагульняючае, чаго вельмі мала. Гэта прыкра. (…)
Вось скажам, з украінскай гісторыяй ёсць куча кніг, рускіх, украінскіх, амерыканскіх, канадскіх, дзе зразумела канцэпцыя, трактоўка, агульны погляд і гэтак далей. На вялікі мой жаль, (…) я не знайшла тэкстаў з абагульняючым поглядам на гісторыю Беларусі».
Гісторык адзначае, што яе лекцыі разлічаны на «ўсіх людзей добрай волі» і выказвае спадзяванне, што яны будуць цікавыя як гледачам у Расіі, так і Беларусі.
Эйдэльман прызнае, што за свае відэа яна атрымала шмат удзячнасці, але дастаткова было і крытыкі.
«Калі першая лекцыя выйшла, то было шмат абураных лістоў. А чаму вы толькі ў асноўным пра полацкую зямлю гаварылі? А чаму вы пра Навагрудак не казалі? А чаму вы пра тое, сёе…?»
Жанчына адзначае, што яна вельмі баялася ў сваіх лекцыях сказаць нешта не тое, бо ў свой час назвала паўстанне 1863 года польскім.
«Трэба сказаць цалкам сумленна, што ніколі ўвогуле (я ў Маскоўскім універсітэце вучылася, потым выкладала) пра тое, што беларусы лічаць паўстанне 1863 года сваім, мне ніхто не расказваў. І я вельмі радая, што цяпер я гэта ведаю. Таксама, як увогуле я шмат новага для сябе даведалася, калі паглыбілася ў беларускую гісторыю», — даводзіць Эйдэльман.
Гісторык прызнаецца, што яе каманда скептычна адносілася да запісу лекцый па гісторыі Беларусі: «Ой, хто будзе гэта глядзець?» Але ў выніку, яны набралі значную колькасць праглядаў (першае відэа сабрала больш за 460 тысяч праглядаў).
«Я запісала лекцыю пра залаты век Галівуду, мне здавалася, што вось тут усе кінуцца. Там нашмат менш праглядаў, чым з Беларуссю. Ці там пра НЛА. Мы якраз гэта абмяркоўвалі, і я кажу: слухайце, я мяркую, што людзей, якіх цікавіць НЛА ў свеце на парадак больш, чым тых, хто ўвогуле ведае, што такое Беларусь.
На што мне адзін мудры чалавек кажа: «Так, але сярод вашых гледачоў, падобна, што большай колькасці цікава Беларусь, чым НЛА». (…) Я думаю, што гэта сапраўды тое, што людзей хвалюе. І мне падаецца, што далёка не толькі ўнутры Беларусі ці там сярод беларускай дыяспары. Мне хочацца спадзявацца», — даводзіць гісторык.
У планах Эйдэльман яшчэ адзін ці два выпускі па гісторыі Беларусі:
«Я цяпер вельмі многа чытаю аб Беларусі 20 стагоддзя. Вельмі хочацца давесці да сённяшняга дня. Калі гэта будзе вельмі грувасткі адзін выпуск, тады іх будзе два. Таму што 20 стагоддзе — гэта вайна, гэта партызанскі рух, гэта цудоўная беларуская культура. Гэта ноч расстраляных паэтаў».
Перспектывы Беларусі
Разважаючы аб перспектывах Беларусі, Эйдэльман адзначае, што яна не палітолаг. Разам з тым, у яе адчуванне таго, што захоп Беларусі Расіяй «будзе адбывацца», калі Пуцін застанецца пры ўладзе.
Яна звяртае ўвагу, што акрамя сілавога варыянту, які Расія рэалізуе ва Украіне, у яе ёсць і «мяккі», які відаць на прыкладзе Грузіі.
«На сённяшні дзень грузінскі ўрад — гэта маскоўскі ўрад, нават не тое, што прамаскоўскі. (…) Вось гэта для іх самы зручны варыянт. Вось гэта мяккае (…) пранікненне».
Рэалізаваць такі план у Беларусі, на погляд Эйдэльман, перашкаджае, як ні парадаксальна, Лукашэнка:
«Ім было б вельмі зручна так сама зрабіць з Беларуссю. Але тут, як ні смешна, я бачу некаторую замінку ў асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які, вядома, на мой погляд, трымаецца ў асноўным дзякуючы Пуціну. А з іншага боку, як мы бачылі ўжо за мінулыя дзесяцігоддзі, ён у вас хітры таварыш, ён віляе, ён час ад часу раптам пачынае паказваць Захаду, што ён увогуле не такі жудасны, як Пуцін. (…)
Я не выключаю, на жаль, што калі Лукашэнка сыдзе (…), то тады будзе прасцей вось гэта поўнае пранікненне».
Каментары
[Зрэдагавана]