Суд у Малдове санкцыянаваў прэвентыўны арышт кіраўніцы гагаузскай аўтаноміі Яўгеніі Гуцул на 20 сутак. Яна была затрыманая 25 сакавіка ў рамках справы супраць прарасійскай палітычнай партыі «Шор».

Яўгенію Гуцул абвінавачваюць у незаконным фінансаванні палітычнай партыі і кандыдата на выбарах у складзе арганізаванай злачыннай групы.
Гуцул узначальвае гагаузскую аўтаномію з лета 2023 года. На працягу ўсяго тэрміну свайго кіравання яна канфліктуе з кіраўніцтвам Малдовы.
Гуцул лічыць свой пераслед палітычным. Пасля затрымання яна звярнулася да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай выкарыстоўваць «увесь арсенал дыпламатычных, палітычных і прававых механізмаў для ціску на малдаўскія ўлады» з мэтай «неадкладнага спынення палітычных рэпрэсій».
Гагаузія — аўтаномная вобласць Малдовы з пераважна рускамоўным насельніцтвам. Рэгіён традыцыйна выступае за збліжэнне з Расіяй і супраць інтэграцыі Малдовы ў Еўрапейскі саюз. Паводле вынікаў рэферэндуму, які адбыўся ў лютым 2014 года, больш за 98 працэнтаў удзельнікаў выказаліся за інтэграцыю Малдовы ў Мытны саюз.
Каментары