Трыбуна стадыёна будучага суперніка мінскага «Дынама» ў еўракубках названа ў гонар футбаліста, які памёр падчас матча
Мінскае «Дынама» саступіла па выніках двух матчаў балгарскаму «Лудагорцу» ў першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і працягне барацьбу ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе супернікам у другім раўндзе будзе чэмпіён Албаніі «Эгнація». Што гэта за клуб, разбіраўся «Прессбол».

«Эгнаціі» — 90 гадоў. Але нягледзячы на такі паважаны ўзрост, «Эгнація» з невялікага гарадка Ррагожыне ў 5 тысяч чалавек [менавіта так праз два «р» пішацца назва гарадка — Rrogozhinë — НН] выступала ў наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Албаніі усяго пяць сезонаў.
Упершыню яна трапіла ў вышэйшую лігу ў 2004 годзе, аднак адразу ж вылецела. Другі раз — у 2021-м, і неўзабаве ўжо замацавалася на верхняй прыступцы п’едэстала. Спачатку, у чэмпіянаце 2021/22, «Эгнація» змагалася за выжыванне, фінішаваўшы восьмай. У наступным яна заваявала бронзу, а потым два залатыя медалі запар. Імклівы ўздым амаль невядомай яшчэ пяць гадоў таму каманды выглядае сенсацыйным.
У 2017 годзе ррагожынцы перамаглі ў трэцім дывізіёне, у 2021-м — у другім, а яшчэ праз тры гады сталі чэмпіёнамі. Таксама яны двойчы выйгралі Кубак краіны (2023 і 2024). Былі блізкія да трэцяй запар перамогі, але не атрымалася — у маі 2025-га прайгралі ў фінале «Дынама Сіці» ў серыі пенальці.
Пры гэтым склад «Эгнаціі» гучнымі імёнамі і прозвішчамі не вызначаўся і не вызначаецца. Імаверных прычын рыўка ўверх відаць некалькі. Па-першае, умелая праца трэнерскага штаба і правільна спланаваны кадравы падбор футбалістаў. Прычым ніякіх грандыёзных сродкаў на іх запрашэнне (набыццё) не трацілася. Хутчэй за ўсё, справа ў абумоўленых і своечасовых выплатах зарплаты.
Па-другое, можна звярнуць увагу на аслабленне ўзроўню албанскага чэмпіянату. За апошнія сем гадоў краіна ў клубным рэйтынгу УЕФА спаўзла з 34-га месца на 46-е.
Гэта ў нечым нагадвае сённяшні беларускі футбольны пейзаж, калі краіна скацілася ў рэйтынгу на 52-ю пазіцыю, і МЛ з Віцебска, што летась гуляў у першай лізе, пасля першага круга з вялікім адрывам узначаліў турнірную табліцу. Але Віцебск — хаця б абласны цэнтр, а Ррагожыне — гарадок на 5 тысяч чалавек.
Затое там пабудавалі грандыёзны па мясцовых маштабах стадыён: «Эгнація-Арэна», уведзеная ў эксплуатацыю пару гадоў таму, умяшчае 4267 гледачоў.
У студзені 2025 года арэну праінспектавалі дэлегаты УЕФА, і стадыён атрымаў «катэгорыю 3». На ім паўтара месяца таму ўжо праводзіліся матчы фінальнага турніру юнацкага (U-17) чэмпіянату Еўропы.

Адна з трыбун «Эгнація-Арэны» носіць імя Рафаэля Двамены. Форвард зборнай Ганы (найлепшы бамбардзір «Эгнаціі» ў чэмпіянатах 2022/23—2023/24) 11 лістапада 2023 года на 23-й хвіліне матча з «Партызані» страціў прытомнасць ад спынення сэрца і памёр па дарозе ў бальніцу.

Двамена быў уключаны ў сімвалічную зборную чэмпіянату-2022/23. У ёй з ррагожынскіх футбалістаў таксама фігураваў галкіпер Ален Шэры (цяпер у «Кальяры»), правы хаўбек бразілец Фернанда Мадэйрас, апорны паўабаронца Альбана Алексі і цэнтральны абаронца Рэната Малота.
Нарэшце, у зборнай апошняга чэмпіянату 2024/25 ад «Эгнаціі» з’явіліся новыя прадстаўнікі: галкіпер Марыа Дайсіна́ні, цэнтр паўабаронца Серджыа Уйка і левы вінгер Рэгі Лушк’я (ён з 16 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды).
Узначальвае суперніка мінчукоў Эдлір Тэтова (1983). Трэнерскі стаж у яго невялікі, а «Эгнаціяй» ён кіруе ўжо другі раз. Упершыню — з 4 чэрвеня па 15 кастрычніка 2022 года. Аднак 27 студзеня 2023 года яго вярнулі назад. І з таго часу ў яго скарбонцы значацца два чэмпіёнскія золаты і два Кубкі.
Застаецца сказаць, што калі ў сваёй краіне «Эгнація» ўжо ўзнялася на вяршыню, то на міжнароднай арэне пакуль яшчэ топчацца ля падножжа, пра што сведчыць вынік супрацьстаяння з ісландскім «Брэйдаблікам» — 1:0, 0:5.
Першы матч «Дынама» — «Эгнація» пройдзе ў чацвер, 24 ліпеня, і пачнецца ў 20:00. Гульня ў адказ — 31 ліпеня.
Пераможца выходзіць у трэці раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый, прайграўшы пакідае еўракубкі.
«Эгнація», дарэчы, назва ў гонар старажытнай дарогі, што злучала Рым з правінцыямі ў Грэцыі і тэраторыяй сучаснай Албаніі, у той жа Грэцыі ёсць нямала назваў вуліц, якія называюцца Эгнація.
Каментары