Беларусы дзеляцца сваімі ўлюбёнымі музычнымі гуртамі, многія з якіх не дажылі да часоў стрымінгавых платформ, застаўшыся толькі ў памяці сваіх адданых слухачоў.

Дыскусія пачалася ў сацыяльнай сетцы Threads пасля допісу, у якім прапанавалі назваць беларускія гурты, пра якія памятае толькі вузкае кола людзей. У каментарах, якіх сабралася без малога тысяча, беларусы дзяліліся назвамі гуртоў, цытавалі тэксты песень, прыгадвалі біяграфіі выканаўцаў і шукалі, дзе можна паслухаць калісьці любімыя трэкі сёння.
Мінскі гурт «Rahis» згадалі як першы прыклад забытага андэграўнду. Гэты калектыў быў заснаваны ў 2000 годзе студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Дзянісам Філіпенкам і Змітром Язвінскім. Першапачаткова яны працавалі ў акустычным фармаце, а ў 2007 годзе перайшлі да электрычнага рок-гучання. Сярод іх асноўных рэлізаў — альбомы «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» (2010) і «Паміж сонцам і хмарамі» (2015), якія замацавалі за музыкантамі статус прадстаўнікоў інтэлектуальнага гітарнага року.
Нехта згадаў поп-рок гурт «HandmadE». Выявілася, што сёння не так проста паслухаць іх творчасць — любімых кампазіцый проста няма ў Spotify.
Гурт «HandmadE» утварыўся ў Мінску ў 2009 годзе ў выніку сумеснай працы журналіста Яўгена Валошына і гітарыста Андрэя Маркуца. Тэксты для калектыву ствараў паэт Глеб Лабадзенка. Каманда вылучалася сумяшчэннем року, блюзу і ўрбаністычнага рэгі. У 2013 годзе яны запісалі сумесны трэк «Бег па канатах» з чэмпіёнам свету па тайскім боксе Віталём Гурковым, пасля чаго калектыў паступова знік з радараў.
Спрэчкі пра селебрыці і канцэртныя жарсці
Абмеркавалі таксама мінскі сінці-поп праект «Merry Poppins». Яго вакалісткі Алеся, Марына і Люся Берулава — родныя сёстры, а Алеся Берулава — другая жонка Сяргея Міхалка.
Гурт утварыўся ў 2004 годзе пасля закрыцця папярэдняга рок-праекта «Мантана» і вяртання сясцёр з Токіа, дзе яны перанялі эстэтыку японскай вулічнай моды харадзюку. Выпусціўшы хіты «Меня зовут любовь», «Картинки» і «Баттерфляй», калектыў спыніў дзейнасць пасля 2008 года. Удзельніцы пераехалі ў расійскую сталіцу і змянілі сферу дзейнасці, атрымаўшы адукацыю псіхолагаў і гештальт-тэрапеўтаў.
Адразу некалькі чалавек назвалі сярод сваіх фаварытаў мінскі акустычны інды-гурт «Детидетей», а іхнюю творчасць — «суцэльнай любоўю». Некаторыя нават ведалі тэксты на памяць і працытавалі радкі з кампазіцый гурта.
Праект «Детидетей» быў заснаваны ў 2005 годзе акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Вакалісткай і тварам калектыву выступала Ганна Хітрык, якую дапаўнялі Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй. Музыканты спалучалі тэатралізаваную падачу з інструментальнай разнастайнасцю, выкарыстоўваючы віяланчэль, акардэон і флейту.
Запісаўшы тры студыйныя альбомы, уключаючы беларускамоўны рэліз «Рух» (які пазней быў прызнаны крытыкамі партала Experty.by найлепшым альбомам 2010 года), гурт раптоўна прыпыніў дзейнасць летам 2010-га. Музыканты падзяліліся на самастойныя праекты S°unduk і ili-ili. Сёння Ганна Хітрык разам з сям'ёй пражывае ў Ізраілі.
Індзі-музыка ды асвістаны гранж
Складанне рэтраспектыўных спісаў справакавала ў каментарах сапраўдныя эстэтычныя спрэчкі. Гурты «Кали Юга», «Любовь и спорт», «Вирус Лiха» і «Босае Сонца», якія адзін з карыстальнікаў назваў сярод улюбёных, іншы безапеляцыйна ахарактарызаваў як «дзярмо пачатку 2000-х». Выключэннем для крытыка стаў толькі калектыў «Кали Юга» — бо, на яго думку, франтмэн «Юра быў цудоўны ва ўсім». З гэтым не пагадзіўся аўтар спісу, які парыраваў, што менавіта «Кали Юга» з усяго пераліку падабаецца яму менш за ўсё.
Мінскі электра-акустычны праект «Кали Юга» быў заснаваны ў 1992 годзе. Творчым ядром калектыву выступалі вакаліст і аўтар тэкстаў Юрый Гарачка, а таксама гітарыст Андрэй Дземянцьеў. Стылістыка гурта вылучалася выкарыстаннем скрыпкі і медытатыўным, інтэлектуальным гучаннем. Сярод асноўных рэлізаў — альбомы «Руны» (1999) і «Кали Юга» (2000).
Самым цікавым са свайго пераліку каментатар назваў індзі-гурт «Босае Сонца» — праект Алеся Ката-Зайцава, створаны ў 2005 годзе. Гурт выконваў меладычны беларускамоўны поп-рок. Іх альбом «Адпусці» (2013) быў адзначаны музычнымі крытыкамі, а асобную вядомасць набыла кампазіцыя «Псіхіятрычная», створаная на верш Анатоля Сыса.
Іншай жа каментатарцы быў больш па душы калектыў «Вірус Ліха», заснаваны ў Мінску ў 1999 годзе. Музыканты пачыналі з хардкору, але пасля канцэрта расійскага гурта Jah Division змянілі фармат на рэгі і ска. У 2003 годзе яны выпусцілі свой знакавы live-дыск «Совершенно Летний Концерт».
Прыгадалі і непрыемныя сітуацыі з фанатамі розных гуртоў. Так, адзін з каментатараў быў сведкам інцыдэнту, калі ў лістападзе 2012 года ў мінскім клубе Re:Public на разагрэве ў магілёўскага калектыву «Akute», які ладзіў вялікі сольны канцэрт, публіка пачала асвістваць і «чмырыць» музыкантаў сталічнага гранж-гурта «AVIAS». Паводле яго слоў, моладзевая аўдыторыя чакала выступу сваіх куміраў і не ўспрыняла нязвыклае гучанне.
Гурт «AVIAS» пазней выпусціў паспяховы дэбютны альбом «Колеры» (2014). Побач з імі карыстальнікі з настальгіяй прыгадалі і іншых ветэранаў айчыннага гранж-руху — віцебскі гурт «Уже». У гэтую ж кагорту слухачы запісалі мінскія гранж-каманды «Lucky Mistake» і «Karavan», якія ўвайшлі ў афіцыйны гістарычны зборнік «Гранж:by». Магілёўскі калектыў «Akute», у сваю чаргу, быў заснаваны ў 2008 годзе былымі ўдзельнікамі панк-гурта «Глюкі» Стасам Мытнікам і Раманам Жыгаравым і стаў адным з самых запатрабаваных беларускіх індзі-праектаў 2010‑х гадоў.
Перліны рэгіёнаў і незабыўны «экскрэмізм»
У кожнай вобласці ці горадзе статус культавых мелі зусім розныя музычныя праекты. Так, на думку адной з каментатарак, гурт «Авангардшкола» і сёння памятае ўвесь Магілёў. Пры гэтым іншы карыстальнік дадаў, што каманду выдатна ведалі і ў Слуцку — нароўні з магілёўскімі легендамі «Глюкі» і «Бедлам 444».
Прычына такой падвойнай геаграфіі ў тым, што «Авангардшкола» першапачаткова была заснавана менавіта ў Слуцку ў 1994 годзе. Аднак пасля пераезду франтмена Кірыла Смышляева на навучанне ў Магілёў, праект перарадзіўся і стаў адным з галоўных прадстаўнікоў магілёўскай рок-сцэны. Каманда выконвала альтэрнатыўны рок і поп-панк, а ў 2012 годзе стала адной з першых рэгіянальных каманд Беларусі, якая выпусціла ўласны музычны DVD пад назвай «Видимо».
Згаданы ўжо другі раз магілёўскі гурт «Глюкі» ўтварыўся ў 1998 годзе і выконваў меладычны панк-рок з сатырычнымі тэкстамі. Як адзначалася вышэй, пасля распаду калектыву ў 2009 годзе яго заснавальнікі стварылі праект «Akute». Пры гэтым самі «Глюкі» сышлі на піку: іх другі альбом «Idyjatyzm» музычныя крытыкі партала Experty.by прызналі найлепшым беларускамоўным рэлізам 2009 года.
У Наваполацку быў свой культавы гурт «Фляўс і Кляйн». Карыстальнікаў у каментарах нават здзіўляла, што нехта ведае пра яго па-за межамі Полаччыны. Праект, заснаваны Сяргеем Валодчанкам і Аляксандрам Качанавым, вылучаўся змешваннем брыт-попа і інды-рока з эпатажнымі перформансамі. Каманда ў свой час перамагла на фестывалі «Басовішча-2007» і стала «Прарывам года» на прэміі «Рок-каранацыя».
З Наваполацкам звязаныя і ўспаміны пра яшчэ адно вар'яцтва — выступ на фестывалі «Рок-Кола 99» белаазёрскага гурта «Бардак Хаус» з іх знакамітым трэкам «Сыр». Як адзначыў адзін з каментатараў, гэты эпатажны і скандальны нумар ён не забудзе ніколі.
Гурт «Бардак-House» утварыўся ў 1994 годзе ў Белаазёрску Брэсцкай вобласці. Франтмен Ілля «Доўгі» Труцько і яго калегі стварылі ўласную філасофскую канцэпцыю пад назвай «экскрэмізм». Калектыў вызначаўся надзвычай правакацыйнымі і хаатычнымі канцэртамі, якія рэдка ўдавалася дайграць да канца. У 2000 годзе яны выпусцілі свой галоўны альбом «Улыбайся» з вострасацыяльнымі і змрочнымі тэкстамі.
Асобным рэгіянальным феноменам у каментарах быў зафіксаваны і рок-гурт «Tor Band» з Рагачова, які стаў шырока вядомы дзякуючы пратэсным сінглам 2020 года.
Гомельская сцэна была прадстаўлена дзвюма супрацьлеглымі з'явамі. З аднаго боку, беларусы ўзгадалі гурт «Мало Места», чые запісы ў нулявых перапісвалі ў знаёмых на касеты. Праект быў актыўны ў пачатку 2000‑х гадоў, выконваючы акустычны рок з элементамі рэгі. Гурт выкарыстоўваў трамбон, кантрабас і скрыпку, а лідара Цімафея Яжова музычныя крытыкі называлі адным з наймацнейшых айчынных тэкставікоў.
З іншага боку, адзін з каментатараў абурыўся, што ледзь не забыліся на гомельскі гурт Gods Tower. Калектыў быў заснаваны ў 1989 годзе вакалістам Уладзіславам Наважылавым (Леслі Найф) і гітарыстам Аляксандрам Уракавым. Каманда стала першапраходцам унікальнага стылю Solar Metal, сумясціўшы дум-метал з паганскімі матывамі і самабытнай імітацыяй гучання дуды на гітары. Праект дасягнуў міжнароднага прызнання ў Еўропе, аднак прыпыніў дзейнасць у 2002 годзе і страціў Аляксандра Уракава ў 2003-м. У 2010 годзе калектыў аднавіў канцэртную і студыйную дзейнасць.
Экстрэмальная сцэна і інтэлектуальны авангард
Напэўна, найбольш у спісах было прадстаўнікоў цяжкай музыкі і эксперыментальных праектаў 2000‑х гадоў.«Ачмурэнным» гуртам назвалі магілёўскі ню-метал праект «Tav. Mauzer» (пазней назва была скарочана да «Mauzer»). Калектыў быў заснаваны ў 2002 годзе, а ў 2005‑м заваяваў Гран-пры на фестывалі «Басовішча». Гурт вылучаўся спалучэннем цяжкага гітарнага гучання, рэпкору і вострасацыяльных беларускамоўных тэкстаў франтмена Яна Маўзэра, якія знайшлі адлюстраванне ў альбомах «Радасьць» і «Porna». У 2010 годзе каманда спыніла існаванне.
Побач з імі слухачы прыгадалі і іншых яркіх прадстаўнікоў інтэлектуальнага авангарду. Трапілі ў спіс праекты мінскага авангардыста Сяргея Пукста — «Pukstband» і «True Litwin Beat», творчасць якіх некаторыя каментатары сур'ёзна назвалі сапраўднай «базай». Музычны калектыў «Pukstband» стаў галоўным трыумфатарам айчынных музычных прэмій у 2013 годзе са сваім рэлізам «Последний альбом». Пазней Пукст разам з гітарыстам Яўгенам Бяловым стварыў эксперыментальны і правакацыйны хіп-хоп-дуэт «True Litwin Beat», які запомніўся вострымі сацыяльна-філасофскімі тэкстамі.
Незвычайным інструментальным авангардам у каментарах назвалі і сусветна вядомы дуэт «Гурзуф» — акардэаніста Ягора Забелава і бубнара Арцёма Залескага, якія злучылі акадэмічны інструмент з шалёным прагрэсіў-рокам і мінімалізмам.
Мінскі метал-гурт «Vicious Crusade» запомніўся беларусам вакалісткай з магутным оперным голасам, падобным да спеваў Тар'і Турунен з фінскага калектыву Nightwish. Найбольш яркі след у гэтым амплуа пакінула Алена Горных, якая запісала з камандай іх лепшыя рэлізы. Хоць у розныя часы з гуртам таксама супрацоўнічалі Наталля Сцяпанава і Таццяна Лабада.
Гурт «Vicious Crusade» стварылі ў 1996 годзе чацвёра студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Каманда атрымала прызнанне дзякуючы смеламу сумяшчэнню брутальнага трэш-металу, мужчынскага гроўлінгу, жаночага сапрана і партый скрыпкі. Сапраўды культавым у іх дыскаграфіі лічыцца альбом «The Unbroken» 1999 года.
Некаторых здзівіла, што ў спісе забытых праектаў згадалі гурт «TonqiXod», бо, як выявілася, асобныя каментатары лічылі музыку актыўнымі і сёння. Аднак іншыя карыстальнікі ўдакладнілі: калектыў афіцыйна спыніў існаванне ў 2018 годзе, а яго апошні рэліз пабачыў свет у 2017-м. Трыа «TonqiXod» было створана ў Мінску ў 2011 годзе і выконвала самабытны арт-рок без выкарыстання бас-гітары. Іх развітальная кружэлка «Колер, якога няма» стала сапраўдным трыўмфатарам у беларускай музычнай прасторы, атрымаўшы галоўную ўзнагароду «Альбом года» па версіі партала Experty.by.
Сярод інтэлектуальнага авангарду каментатары таксама вылучылі праект «Žygimont Vaza» Сяргея Скрыпнічэнкі. Гэты мінскі гурт строга прытрымліваўся стылістыкі альтэрнатыўнага хард-року. Праз тое, што музыкі шмат гадоў выдавалі сур'ёныя студыйныя рэлізы, але вельмі рэдка з'яўляліся на сцэне, у рок-асяроддзі яны атрымалі трывалую мянушку «віртуальны гурт».
Сонца, дуды і тэатр: рэгі і фолк-адраджэнне
Дзіўна, але ў адным спісе «паўзабытых» побач з глыбокім падполлем апынуліся і сапраўдныя мастадонты сцэны. Так, сярод інды, поп-року і альтэрнатывы слухачы ўзгадалі як цалкам андэграўндныя праекты, так і галоўных легенд айчыннага року. У гэты лік патрапілі рок-філосафы «Уліс», меладычныя паганскія металісты «Зніч», драйвовыя «здаровыя лосі» «IQ48» і аўтары галоўных поп-рок хітоў нулявых «Без Билета».
Побач з імі карыстальнікі нечакана аднеслі да «паўзабытых» і папулярны поп-рок гурт «J:Морс», брэсцкіх рок-лірыкаў з каманды «Садъ», а таксама бярозаўскі гурт альтэрнатыўнага року «B:N:» (Бяз назвы).
Рэлігійны і філасофскі рок прадставіў хрысціянскі гурт «Новый Иерусалим» (уладальнікі «Песні года» на «Рок-каранацыі-1997») і іх баранавіцкія аднадумцы па сцэне — каманда «Деяния». У памяці людзей засталіся патрыярхі мінскага панк-року «Neuro Dubel» на чале з Аляксандрам Кулінковічам, роданачальнікі беларускага блюз-року гурт «Крама», прадстаўнікі рэвалюцыйнага року 1990‑х «Krasnye Zvezdy» і праект «Северное Сияние» Уладзіміра Арахоўскага. А галоўным гістарычным вытокам усёй сцэны слухачы назвалі гурт «Мроя», на базе якога пазней утварыўся N.R.M.
У гэтым жа кантэксце адзначаны прадстаўнікі беларускай рэгі-, ска– і кабарэ-сцэны, дзе слухачы з настальгіяй прыгадвалі піянераў рутс-рэгі «Botanic Project» і калектыў «Аддис Абеба», які лічыўся адным з галоўных рэгі-гуртоў на постсавецкай прасторы. Дадзеная супольнасць музыкаў дапаўнялася этна-сюррэалістычным праектам «Нагуаль» (уладальнікі «Рок-каранацыі» за найлепшую пазітыўную музыку) і знакамітым кабарэ-бэндам «Серебряная свадьба», які назаўжды застаўся ў гісторыі дзякуючы свайму найважнейшаму альбому «Laterna Magica».
Фальклорны і сярэднявечны кірунак у каментарах прадставілі як піянеры адраджэння, так і эксперыментатары новай хвалі. Слухачы згадалі першапраходцаў гэтага руху 1980‑х гадоў — гурт «Ліцьвіны», гомельскіх фолк-рокераў «Бан-Жвірба» і мінскіх лідараў цяжкага фолк-металу гурт «Unia».
Побач з імі карыстальнікі адзначылі калектывы, якія вярнулі ў музыку старадаўнія інструменты: сярэднявечных фолкераў «Testamentum Terrae», мужчынскі фолк-гурт традыцыйнага спеву «Стажары» і магілёўскі фолк-гурт «Chabor». Сюды ж увайшлі выканаўцы ірландскага паб-року «Irish7», брэсцкі этна-праект «Astrouna» і праект сярэднявечнай фальктронікі «Pawa», які змешваў гучанне дуды з электроннымі бітамі. Тэатральны і аўтарскі рок у гэтым шэрагу прадставілі супольны праект ліцэістаў «Партызанская школа», гурт «Индига» і музычна-тэатральны праект «Алексей Шедько и Сестра».
Выбітны ўнёсак у гэты кірунак зрабілі патрыярхі айчыннага сярэднявечнага адраджэння гурт «Стары Ольса» і мінскі этна-праект «Джамбибум». Разам з імі слухачы вылучылі аўтараў сонечнага гарадскога фолк-мадэрну гурт «Recha» і калектыў «Оркестр Фишера» з іх запальнымі ірландскімі матывамі.
Эпатаж, анархія і гродзенскі хардкор
Асобна ў каментарах вылучаны панк-рок і хардкор-калектывы. Сярод іх асаблівую ўвагу прыцягнула гродзенская анарха-панк хваля: іконы стылю «Deviation» братоў Пачобутаў, пераможцы «Басовішча-1998» гурт «Кальян» (чые музыкі пазней стварылі знакаміты калектыў «Dzieciuki»), freak-punk ад «V3anus», брудныя хардкор-панк байцы «Pet Nihil» і гурт «Contra la contra».
Гэты пералік слухачы дапоўнілі праектамі «Чевенгур», «Голая Манашка», гуртамі «С О К», наваполацкім «Разгромам» і знакамітай аршанскай камандай «Пани Хида», якая напрыканцы 1990‑х узяла дзве статуэткі на «Рок-каранацыі» за найлепшую песню і відэакліп.
Побач з металістамі слухачы называлі і іншых прыкметных музыкаў панк-хардкор і краст-сцэны 2000-х. У гэты андэграўндны пералік увайшлі гродзенскія краст-панкі «Bagna» і «Monday Suicide», мінскія хардкор-каманды «Fuck It All» і «Devil Shoots Devil», брэсцкіх альтэрнатыўшчыкаў «ONEGIN», гродзенскую панк-каманду «Стерва», а таксама сталічны хардкор-праект «Monitor Lizard» і легендарны мінскі арт-панк калектыў «Ы.Ы.Ы.» Васіля Шугалея.
Цяжкі вектар: ад паганскага блэку да кібер-металкору
Прыхільнікі цяжкай музыкі прыгадалі метал-гурты розных кірункаў. Сярод іх асобна вылучылі віцебскіх паганскіх блэк-металістаў «Apraxia», лідараў сталічнага трэш-металу «Deadmarsh» і магілёўскіх флагманаў дэз-металу «Asguard», якія выпускаліся на амерыканскім лэйбле. Атмасферную і экстрэмальную частку цёмнай сцэны прадставілі post-black калектыў «Dymna Lotva», мінчукі «Imprudence», прадстаўнікі сталічнай готык-сцэны нулявых «Кадавер» (Terra Cadaveris), дум-готык праект «Diathra», а таксама змрочныя андэграўндныя метал-каманды «Insumsinmagma», «Aeon Noctis», «Dies Nefastus» і «Homoferus».
Найбольш вядомым у спісе стаў гомельскі калектыў «ТТ-34», чый трэк «Джек» набыў усенародную папулярнасць пасля таго, як трапіў у саўндтрэк кінаблокбастара «Начны дазор». Таксама важным элементам гэтай цяжкай спадчыны слухачы назвалі знакамітае радыёшоу Аляксандра Літвінскага «Massa Brutto», пад вывескай якога на стыку нулявых праводзіліся галоўныя экстрэмальныя метал-фестывалі краіны, што адкрывалі шлях маладым выканаўцам.
Рэгіянальную хвалю дапоўнілі гомельскія меладэт-металісты «Stormhold», рэчыцкія ветэраны брутальнай сцэны гурт «Evthanazia», паган-металісты з Магілёўшчыны «Дрыгва», віцебскі дэз-метал праект «Forodwaith», гомельскія піянеры кібер-металкору «M.L.A.». Завяршаюць гэты спіс піянеры айчыннага індастрыял-металу «Partyzone», культавыя лідары беларускага фолк-металу гурт «Litvintroll», сладж-металісты «Stickoxydal», фолк-метал каманду «Folcore», мінскі трэш-метал рэліз «Invasion» (1993) гурта «Tornado», а таксама хардкор– і металкор-каманды «Too Late Frozen», «Antiglobalizator» і «Dead silence hides my cries». Дапоўніў гэтую цяжкую сталічную кагорту і меладычны хэві-метал гурт «Сияние».
Гітарная рамантыка, брыт-поп і індзі-хваля
Справядлівым гістарычным напамінам у каментарах стала згадка блюз-рок гурта «Rouble Zone» на чале з Алегам «Джагерам» Мінаковым — уладальнікаў галоўнай «Вялікай Рок-кароны 1995», чый англамоўны альбом грымеў на ўсю краіну.
Побач з імі карыстальнікі адзначылі англамоўную індзі– і брыт-поп хвалю нулявых. У гэты спіс патрапілі брыт-поп гурт «Open Space», шалёнае гараж-рок трыа «The Toobes», якое скарала Еўропу, і калектыў «The Blackmail» (на базе якога пазней утварыўся знакаміты пост-панк праект «Super Besse»). Тварам гэтай жа стыльнай хвалі назвалі брыт-рокераў «Sonika» (чый сінгл «Новы дзень» увайшоў у афіцыйны саўндтрэк фільма «Вышэй за неба» і выконваўся акторамі ў фінале стужкі), а таксама ветэранаў сталічнай англамоўнай сцэны «Hair Peace Salon».
Гэты гітарны шэраг слухачы дапоўнілі аўтарамі прэміраванага індзі-року «Clover Club», натхнёнымі брытанскім рэтра-гучаннем «The Stampletons», камандамі «Ferris Wheel», «The Apples» і прадстаўнікамі айчыннай скрыма– і пост-рок сцэны з незвычайнай французскай назвай «Marie Chante Quelle Elle Telephone». Атмасферны і медытатыўны інструментальны сектар прадставілі каманды «Blackpaperplanes», «Me_in_danger» і «Enau Band». Згадалі і лаўрэатаў «Рок-каранацыі» ў намінацыі «Адкрыццё года» брыт-поп гурт «Esprit» і экспрэсіўных рок-н-рольшчыкаў «U.G.oslavia». Таксама ў спіс увайшлі індзі-праект «Sinie Gory», вілейскі ф'южн-рок «Планета всех», мінская поп-рок каманда «Плато», а таксама раннія хіп-хоп запісы — лунінецкі юнацкі рэп-праект Макса Каржа «Lunclan» і праект рэпера Вожыка «Ультравожык».
Згадалі і лаўрэатаў «Рок-каранацыі» ў намінацыі «Адкрыццё года» брыт-поп гурт «Esprit» і экспрэсіўных рок-н-рольшчыкаў «U.G.oslavia». Таксама ў спіс увайшлі індзі-праекты «Людзі ў худзі», «Sinie Gory», «Планета всех», калектывы «Lunclan», «Ультравожык» і поп-рок каманда «Плато».
Клубная настальгія і лакальныя рэлізы нулявых
Велізарны пласт успамінаў карыстальнікі прысвяцілі камандам, якія актыўна збіралі публіку на лакальных канцэртах і рэпетыцыях, але засталіся ў лічбавай ізаляцыі. Слухачы прыгадалі мінчукоў «Эверест», якія гралі меладычны альтэрнатыўны рок і збіралі аншлагі ў сталічным клубе «Рэактар», культавы мінскі акустычны неафолк-гурт «Рокаш», паганскіх фолкераў «Кашлаты вох» і брэсцкіх альтэрнатыўшчыкаў «Sciana». Побач з імі згадалі магілёўскіх альтэрнатыўшчыкаў «3t.on», магілёўскі готык-метал «Wolfshade», гомельскі калектыў «Цэйт Нот» і папулярны альтэрнатыўны праект «Hurma».
Асобны пласт успамінаў карыстальнікі прысвяцілі камандам беларускага адраджэнскага рок-руху нулявых. Суразмоўцы вылучылі каманды «Amaroka», «Garadzkija» (праект Піта Паўлава з N.R.M.) і гурт «І КРОК». Па суседстве з імі ў памяці слухачоў засталіся мінскія поп-рокеры «By The Way» і «Skarlett», а таксама джаз-фанкавыя мастадонты «Apple Tea».
Рэгіянальную і сталічную хвалю таго часу, якая выступала на мясцовых фэстах, прадставілі мінскія поп-рокеры «Млечны Шлях», каманды з Баранавічаў — альтэрнатыўшчыкі «Аструс», панк-рокеры «HornyCats» і «Воронин Бэнд», а таксама смаргонскі рок-гурт «Fox». Тонкае інтэлігентнае поп-рок гучанне нагадала каманда «Чехов», а жаночы індзі-поп сектар адзначыўся сталічным калектывам «Мамкины Бусы».
Фіналам гэтай настальгіі па клубных рэлізах сталі сталічныя гранжары «Мутнае вока», магілёўскія лірыкі «Сердце дурака», гатычны рок-тэатр «Тим Ерна», сталічныя альтэрнатыўшчыкі «7 герц» і гомельскі калектыў «yamaya».
Эпатаж, хуліганства і «паэтычны ідыятызм»
Асобнае месца ў каментарах занялі праекты, якія рабілі стаўку на музычныя правакацыі, гумар і вострую сатыру. Сюды слухачы аднеслі дуэт «ROCKERJOCKER» з іх хуліганскім вулічным фолкам, іранічных панк-рокераў з «паэтычным ідыятызмам» «Пацукі», брэсцкі альтэрнатыўны рок «Sprat», сцёб-панкаў «Дед Банзай и ЯйцЫ» і вар'яцкі сатырычны хэві-метал праект сярэдзіны 1990‑х «Распилил и Выбросил».
Гэтую ж кампанію бескампраміснага падполля зачынілі піянеры айчыннага хіп-хопу 1990‑х — лепельскі гурт «Удар Банды», легенды палітычнага беларускамоўнага рэпу нулявых «Чырвоным па Беламу» (ЧПБ) і сольны выканаўца Zeman, які пачынаў свой шлях у іх складзе. Па-суседску размясціліся шалёны брэсцкі цыганскі кабарэ-панк праект «Плюмбум» (Plum Bum), вулічныя неакласікі «EVAND».
Фінальнай кропкай сектара сталі віцебскія арт-панкі «П.и.в.о.», якія ладзілі на канцэртах эпатажныя перформансы, і скандальна вядомы мінскі панк-гурт з правакацыйнай назвай «Время показывать задницы».
Спіс успамінаў закрылі імёны сольных выканаўцаў і бардаў розных пакаленняў: ад філасофскага віцебскага аўтара з пасёлка Руба Міхаіла Рубіна да яскравых прадстаўнікоў акустычнага адраджэння нулявых Рамана Яраша і Яўгена Барышнікава. Разам з імі слухачы згадалі і лацінаамерыканскі іранічны фолк-праект Лёшы Чыканаса «Los Chicanos».
Гэты вялікі і цёплы трэд стаў сапраўдным народным архівам. Тысячы настальгічных паведамленняў паказалі, што велізарная колькасць унікальнай беларускай музыкі мінулых дзесяцігоддзяў апынулася пад пагрозай знікнення. Бо пакуль гэтыя запісы не з'явяцца на папулярных стрымінгах, яны працягваюць жыць толькі ў памяці адданых слухачоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Міхал Рубін - з Рубы, пасёлак, што цяпер таксама частка Віцебска. Да гэтага часу актыўны і публікуе свае вершы ў ФБ.)
ды і пра tor band ніхто не забыў