Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы
За апошнія некалькі месяцаў цэны на квіткі ў «крывіцкую Мекку» зноў выраслі. Вільня, некалі такая блізкая, стала самым дарагім кірункам.

Самы дарагі кірунак
Апошнім часам цэны на квіткі з Мінска да Вільні даходзяць да 190 рублёў (каля 55 еўра), і гэта, напэўна, самы дарагі аўтобусны маршрут з Мінска ў пераліку на кошт праезду аднаго кіламетра. Яшчэ ў пачатку вясны можна было купіць квіток за 140 рублёў.
У зваротным кірунку білеты, у залежнасці ад перавозчыка, каштуюць ад 55 да 70 еўра (190—238 рублёў). І гэта за паездку даўжынёй 185 кіламетраў.
Якія цэны былі раней? Вясной 2024 года ў Вільню можна было дабрацца за 120 рублёў (каля 35 еўра па тагачасным курсе). Летам мінулага года ўжо за 140-150 рублёў. У 2023 годзе квіткі наогул каштавалі па 70—80 рублёў у адзін бок.
Адметна, што дабрацца з Мінска ў Варшаву каштуе танней — ад 130 рублёў (менш за 40 еўра). І гэта пры тым, што адлегласць ад Мінска да Варшавы ў тры разы большая, чым да Вільні — 555 кіламетраў супраць 185. Вільня ж бліжэйшая да Мінска за любы беларускі абласны цэнтр.
Аналагічная сітуацыя і з іншымі гарадамі. Напрыклад, з Гродна да Вільні білеты каштуюць 180 рублёў, а ў Варшаву — 150.

Чаму так адбываецца?
З эканамічнага пункту гледжання сітуацыя, калі цэны на квіткі да Вільні вышэйшыя, чым да Варшавы, выглядае абсурднай, але на цэнаўтварэнне тут уплываюць не эканамічныя чыннікі, а адміністратыўныя.
Рэч у тым, што разам з закрыццём пунктаў пропуску «Райгарад — Прывалка» і «Лаварышкі — Катлоўка» з 1 сакавіка 2024 года Літва вырашыла скараціць колькасць дазволаў на перавозку пасажыраў. Праз гэта скарацілася колькасць рэйсаў паміж краінамі.
Таксама тады было забаронена перасякаць мяжу пешшу, на роварах і самакатах.
Пазней, ужо з красавіка 2025 года, літоўскі бок забараніў перасякаць мяжу на матацыклах і іншых транспартных сродках, акрамя легкавых аўто.
Усе гэтыя і іншыя абмежавальныя захады павялічваюць попыт на аўтобусныя перавозкі, што дазваляе перавозчыкам павышаць кошт праезду.
Выдатная ілюстрацыя таго, наколькі завышаны кошт білетаў на аўтобусныя маршруты з Беларусі ў Літву, — гэта кошт праезду з Вільні ў іншыя гарады Еўропы. Так, напрыклад, дабрацца з Вільні ў Варшаву (530 км) можна ўсяго за 35 еўра (каля 120 рублёў).
А з Мінска ў Маскву (больш за 700 км) можна дабрацца ўсяго за 65—75 рублёў.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
[Зрэдагавана]