У Вялікабрытаніі ўпершыню за 350 гадоў на пасаду каралеўскага астранома прызначана жанчына
Прафесар Мішэль Догерці не вывучала прыродазнаўчыя навукі ў сярэдняй школе, але аднойчы, скарыстаўшыся тэлескопам свайго бацькі, яна зацікавілася космасам і вырашыла даведацца пра яго больш, піша Бі-бі-сі.

Цяпер яна стала першай жанчынай, прызначанай каралеўскім астраномам Вялікабрытаніі за ўсю 350-гадовую гісторыю гэтай пасады і ўваходзіць у каманду, якая адпраўляе зонды да ледзяных спадарожнікаў Юпітэра.
У інтэрв’ю Бі-бі-сі яна выказала надзею, што яе прызначэнне ў сераду афіцыйным дарадцам караля Карла III па пытаннях астраноміі натхніць жанчын і дзяўчынак займацца навукай, і дадала, што таксама хоча выкарыстаць сваю новую пасаду, каб «адкрыць вочы людзям» на цуды космасу.
«Я хачу ўзаемадзейнічаць з грамадскасцю, зацікавіць людзей тым, чым мы займаемся як астраномы, але таксама і патлумачыць, наколькі важная наша работа для эканомікі Вялікабрытаніі», — сказала прафесар Догерці.
Прафесар Догерці ўдзельнічае ў адной з самых захапляльных касмічных місій на сённяшні дзень: Еўрапейскае касмічнае агенцтва адпраўляе зонд да ледзяных спадарожнікаў Юпітэра з мэтай ацаніць іх прыдатнасць да падтрымання жыцця.
«Было б дзіўна, калі б у нашай Сонечнай сістэме не было жыцця», — сказала яна са смехам, праявіўшы свой нязменны энтузіязм.
У 10 гадоў яна ўбачыла Юпітэр у тэлескоп, які яна зрабіла разам з сястрой і бацькам. «Тады я ўпершыню ўбачыла Юпітэр і чатыры яго вялікія спадарожнікі і нават не думала, што калі-небудзь адпраўлю туды прыборы на касмічным караблі, — сказала яна. — Мне даводзіцца шчыпаць сябе, каб паверыць, што гэта не сон, і што я цяпер каралеўскі астраном!»
Прызначэнне прафесара Догерці цікавае яшчэ і таму, што яна не вывучала прыродазнаўчыя навукі ў сярэдняй школе ў Паўднёвай Афрыцы, дзе вырасла.
«У мяне быў выбар паміж школамі. У адной выкладалі прыродазнаўчыя навукі, але туды не пайшлі мае сябры, — сказала яна. — У 13 гадоў я, вядома, вырашыла, што хачу вучыцца з сябрамі».
Але ў Догерці добра атрымлівалася матэматыка, таму яе прынялі на факультэт прыродазнаўчых навук ва ўніверсітэце.
«Першыя пару гадоў было цяжка. Як новую мову вывучаць», — сказала яна.
Але хутка яна нагнала ўпушчанае і прыехала ў Вялікабрытанію, дзе стала адной з вядучых вучоных-астраномаў.
«Я згаджалася на тое, чаго не ўмела, і вучылася па ходу справы», — распавяла яна.
Пасада каралеўскага астранома ўзнікла з утварэннем Каралеўскай абсерваторыі ў Грынвічы ў 1675 годзе. Першы каралеўскі астраном — Джон Фламстыд з Дэрбі. У той час яго работа заключалася ў тым, каб раіць каралю, як выкарыстоўваць зоркі для паляпшэння навігацыі ў моры.
Старшы куратар абсерваторыі доктарка Луіза Дэвой тлумачыць, што з гадамі гэтая пасада эвалюцыянавала і стала адной з найважнейшых у навуковым жыцці краіны.
«Да 1800-х гадоў каралеўскі астраном стаў прыцягвацца як урадавы дарадца, каб даваць рэкамендацыі па чыгуначных шляхах, мастах, тэлеграфіі і многіх іншых пытаннях, што выходзяць за межы астраноміі, — кажа яна. — Калі перанесціся ў ХХ стагоддзе, гаворка ўжо ідзе пра развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, таму брытанскія астраномы працуюць на тэлескопах у Чылі, на Канарскіх астравах і нават на касмічным тэлескопе Джэймса Уэба».
За тры з паловай стагоддзі пасаду галоўнага астранома ўсёй Вялікабрытаніі займалі 15 мужчын. Але ў Каралеўскай абсерваторыі ў Эдынбургу з 2021 года аналагічную пасаду каралеўскага астранома Шатландыі займае прафесарка Кэтрын Хэйман.
Яна ацаніла прызначэнне прафесаркі Догерці: «Я вельмі рада, што цяпер два каралеўскія астраномы ў Вялікабрытаніі — жанчыны, што адлюстроўвае той факт, што навука — гэта для ўсіх».
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Каментары
Так, а хлопчыкі няхай дзетак ражаюць.