У Барселоне бацькі пакінулі 10-гадовае дзіця ў аэрапорце, каб не прапалі квіткі і адпачынак
У Іспаніі, у барселонскім аэрапорце Эль-Прат, разгарэўся скандал: бацькі пакінулі свайго 10-гадовага сына аднаго ў тэрмінале, каб не мяняць сваіх ранейшых планаў, піша Euronews.

Як паведамляецца, сям’я планавала вылецець на адпачынак, але ў дзіцяці не было патрэбнай візы, нягледзячы на тое, што яго іспанскі пашпарт быў сапраўдны. Гэта азначала, што дзіця не магло сесці ў самалёт.
Каб не страціць квіткі і не адмяняць адпачынак, бацькі прынялі рашэнне пакінуць хлопчыка аднаго ў аэрапорце і папрасілі аднаго са сваякоў прыехаць і забраць яго. Яны пайшлі да свайго гейта, пакінуўшы сына без нагляду.
Гэтую сітуацыю апублічыла каардынатарка авіякампаніі, якая апублікавала відэа на тыктоку:
«Я бачыла шмат, але такое — проста сюррэалізм», — сказала яна.
Пасля таго як праз гучнагаварыцель супрацоўнікі бяспекі аэрапорта некалькі разоў спрабавалі адшукаць тых, хто апякуецца дзіцём, і ніхто не адгукнуўся, пра здарэнне паведамілі паліцыі. У выніку бацькоў, а таксама іх другое дзіця, затрымалі і даставілі ў зону прыбыцця, дзе знаходзіўся хлопчык.
Паводле каардынатаркі авіякампаніі, бацькі не лічылі сваё дзеянне праблемай і паводзілі сябе так, быццам уся гэта сітуацыя цалкам нармальная. Але ні супрацоўнікі аэрапорта, ні паліцыя не падзялялі такую пазіцыю.
Каментары