У калоніі «Воўчыя норы» абавязалі рабіць званкі праз расійскі мэсэнджар Max
Калонія №22 «Воўчыя норы» пачала выкарыстоўваць расійскі дадатак Max для дазволеных аўдыя– і відэазванкоў. Сваякам асуджаных рэкамендуюць паставіць гэты мэсэнджар на свае прылады, бо ў найбліжэйшыя тыдні калонія плануе адмовіцца ад Viber, а WhatsApp ужо заблакаваны на камп’ютарах установы, піша Mayday.team.

Калонія знаходзіцца за 20 км ад Івацэвічаў, на тэрыторыі былой савецкай вайсковай часці, у лесе на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, таму нармальнай сувязі там раней не было. Адміністрацыя спадзяецца, што расійскі мэсэнджар будзе працаваць лепш, бо іншыя дадаткі могуць быць адключаныя праз санкцыі, а ў зняволеных з Расіі няма магчымасці скантактавацца з роднымі праз недаступныя мэсэнджары.
Аднак эфектыўнасць выкарыстання Max пакуль складае прыкладна 50 на 50: у некаторых выпадках сувязь палепшылася, але часам званкі ўсё яшчэ завісаюць. Пры гэтым праграма патрабуе дазволу атрымліваць вялікую колькасць інфармацыі — доступу да камеры, мікрафона, кантактаў, файлаў, Bluetooth і геалакацыі.
Эксперты ў бяспецы лічаць, што Max праводзіць назіранне за карыстальнікамі, а ўсе даныя захоўваюцца на серверах у Расіі.
Каментары
Нібыта ўсё для карысці расеян. Так хай яны звоняць праз Max, а астатніх навошта чапаць.
А сваякам беларусаў, ну хаця б не палітычных, можна паспрабаваць паскардзіцца ў Цэнтр Персанальных Даных, маўляў, ці законна так прымушаць здаваць персанальныя даныя ў невядомы мэсэнджар, ці суадносяцца ўмовы яго выкарыстання з заканадаўствам РБ.