«Зарабляйце, а не ваюйце». Трамп і Уіткаф вераць, што Пуцін можа пайсці на мір дзеля прыбыткаў. Або самі мараць аб зыску
Выданне The Wall Street Journal расказвае, як каманда Дональда Трампа паверыла ідэі «міру праз бізнес», якую прапанаваў Крэмль.

Як пішуць аўтары матэрыялу, каб зразумець гісторыю перамоў адміністрацыі з Расіяй, яны паразмаўлялі з дзясяткамі чыноўнікаў, дыпламатаў, былых і дзейных супрацоўнікаў разведкі з ЗША, Расіі і Еўропы, а таксама з амерыканскімі лабістамі і інвестарамі, блізкімі да адміністрацыі. Карціна, якая ўзнікае перад журналістамі, уяўляе сабой гісторыю пра тое, як бізнес-лідары працавалі ў абыход традыцыйных дыпламатычных схем, спрабуючы спыніць вайну, прапануючы Расіі патэнцыйна прывабныя бізнес-схемы.
«Межы значаць менш за бізнес»
Для Крамля перамовы ў Маямі сталі кульмінацыяй стратэгіі, распрацаванай яшчэ да інаўгурацыі Трампа: абысці традыцыйны апарат нацыянальнай бяспекі ЗША і пераканаць адміністрацыю глядзець на Расію не як на ваенную пагрозу, а як на краіну бязмежных эканамічных магчымасцяў.
Расія спакушала Вашынгтон перспектывай вярнуць сваю эканоміку аб'ёмам у 2 трыльёны долараў на сусветны рынак, прычым амерыканскі бізнэс павінен быў атрымаць дывідэнды раней за еўрапейскіх канкурэнтаў.
Гэтая прапанова ідэальна супала з філасофіяй Трампа і яго давераных асоб — спецпасланніка Стыва Уіткафа і зяця Джарэда Кушнера.
Як адзначаюць аўтары, яны цалкам падзяляюць падыход Трампа да геапалітыкі: межы маюць меншае значэнне, чым бізнэс. Уіткаф у каментары для Wall Street Journal растлумачыў сваё бачанне так: калі Расія, Украіна і ЗША стануць бізнэс-партнёрамі і ўсе будуць квітнець, гэта стане натуральнай абаронай ад будучых канфліктаў.
Паводле WSJ, галоўны перамоўшчык Пуціна Кірыл Дзмітрыеў прапаноўваў выкарыстаць 300 мільярдаў долараў замарожаных на Захадзе расійскіх актываў для сумесных інвестыцый і аднаўлення Украіны пад эгідай ЗША. Ён прапаноўваў таксама сумесную распрацоўку карысных выкапняў у Арктыцы і нават аб'яднанне намаганняў у космасе — аж да сумеснай місіі на Марс з удзелам SpaceX Ілона Маска.
Выданне звяртае ўвагу на тое, што для многіх у Белым доме Трампа размыванне межаў паміж бізнесам і геапалітыкай з'яўляецца не недахопам, а асаблівасцю. Ключавыя дарадцы прэзідэнта бачаць магчымасць для амерыканскіх інвестараў заключыць прыбытковыя здзелкі ў новай пасляваеннай Расіі і стаць камерцыйнымі гарантамі міру.
У размовах з Уіткафам і Кушнерам Расія выразна намякае, што аддасць перавагу амерыканскаму бізнэсу, а не канкурэнтам з еўрапейскіх дзяржаў, лідары якіх «зашмат крытыкуюць».
Як сказаў адзін з гэтых людзей: «Гэта ў стылі «мастацтва здзелкі» Трампа — сказаць: «Глядзіце, я вырашаю гэтую праблему, і ў гэтым ёсць велізарныя эканамічныя выгады для Амерыкі».
«Госць з Масквы»
Рэалізацыя плана пачалася амаль адразу пасля ўступлення Стыва Уіткафа на пасаду спецпрадстаўніка прэзідэнта. Яго офіс звярнуўся ў Міністэрства фінансаў ЗША з просьбай дазволіць візіт у Вашынгтон Кірыла Дзмітрыева — кіраўніка Расійскага фонду прамых інвестыцый, які знаходзіўся пад санкцыямі. Як сцвярджаюць крыніцы выдання, Трамп асабіста ўхваліў гэтую рызыку дзеля спынення вайны.
2 красавіка Дзмітрыеў прыбыў у Белы дом са спісам шматмільярдных бізнес-праектаў. Хоць дзяржсакратар Марка Рубіа паставіўся да ўсяго гэтага скептычна, сам Дзмітрыеў пакінуў Вашынгтон з упэўненасцю, што «інвестыцыйны давер можна трансфармаваць у палітыку».

У адказ Уіткаф пачаў рэгулярна наведваць Расію. Ужо ў канцы красавіка ён сустрэўся з Пуціным у Санкт-Пецярбургу, дзе рабіў нататкі, карыстаючыся паслугамі крамлёўскага перакладчыка.
Пры гэтым, як піша WSJ, ён ігнараваў каардынацыю з еўрапейцамі: прапусціў сустрэчу ў Лондане і адмовіўся выкарыстоўваць лінію спецсувязі, спаслаўшыся на шчыльны графік паездак. Тым часам Дзмітрыеў і Уіткаф рэгулярна размаўлялі па тэлефоне, абмяркоўваючы ўсё больш амбіцыйныя прапановы.
Дзяльба абяцанага пірага
Пакуль ішлі перамовы, амерыканскі вялікі бізнэс заняў стартавыя пазіцыі ў чаканнях мірнай дамовы. Exxon Mobil правяла таемную сустрэчу з кіраўніком «Раснафты» Ігарам Сечыным у Досе, абмяркоўваючы вяртанне ў праект «Сахалін». Расійскія алігархі Цімчанка і браты Ротэнбергі прапаноўвалі амерыканцам радовішчы газу і выкапняў.
Людзі з атачэння Трампа таксама шукалі выгаду: сябар Трампа-малодшага Джэнтры Біч вёў перамовы аб куплі долі ў «Новатэк» пры ўмове зняцця санкцый, а донар Стывен Лінч наняў лабістаў за 600 тысяч долараў для атрымання ліцэнзіі на куплю «Паўночнага патоку — 2». Справа дайшла нават да космасу: у ліпені кіраўнік «Раскосмаса» наведаў цэнтр NASA і заводы Boeing са SpaceX.
Але няма доказаў таго, што Уіткаф, Белы дом ці Кушнер інфармаваныя пра гэтыя намаганні або каардынуюць іх. Чалавек, знаёмы з думкамі Уіткафа, сказаў, што пасланнік упэўнены: любое ўрэгуляванне з Расіяй прынясе карысць Амерыцы ў цэлым, а не толькі жменьцы інвестараў.
Падзеі паскорыліся ў жніўні. 6 жніўня Уіткаф зноў прыляцеў у Маскву. Падчас прагулкі па парку «Зараддзе» і наступнай сустрэчы ў Крамлі Пуцін зрабіў незвычайны жэст: перадаў праз Уіткафа савецкі медаль «Ордэн Леніна» для сына намесніка дырэктара ЦРУ, які загінуў ва Украіне, ваюючы на баку расійскіх войскаў.

На наступны дзень Уіткаф правёў відэаканферэнцыю з еўрапейскімі лідарамі, агучыўшы прапанову Пуціна: Расія нібыта гатовая адмовіцца ад прэтэнзій на Запарожскую і Херсонскую вобласці, калі Украіна здасць рэшту Данецкай вобласці. Еўрапейцы былі збітыя з панталыку і нават не адразу зразумелі, ці ідзе гаворка пра рэальны вывад войскаў, ці проста пра замарозку лініі фронту.
Дыпламатыя сепаратная, у абыход ЦРУ
Асаблівую трывогу, як адзначаюць аўтары, выклікала тое, што Уіткаф звычайна дзейнічаў сепаратна ад прафесійных дыпламатаў і разведчыкаў. WSJ піша, што ЦРУ не было ў поўнай меры праінфармавана пра перамовы наконт абмену палоннымі. Больш за тое, афіцыйны спецпасланнік па Украіне генерал Кіт Келаг быў фактычна адхілены ад рэальных перамоў, што пазней прывяло да яго заявы аб адстаўцы.
Сітуацыя з інфармаваннем была настолькі крытычнай, што чыноўнікі з аддзела па кантролі за санкцыямі ў Мінфіне ЗША часам даведваліся падрабязнасці сустрэч Уіткафа з Масквой ад сваіх брытанскіх калег, а не ад уласнага кіраўніцтва.
Сапраўдны шок выклікала ўцечка інфармацыі ў Еўропе. Праз некалькі дзён пасля сустрэчы Пуціна і Трампа на Алясцы адна з еўрапейскіх службаў разведкі распаўсюдзіла справаздачу сярод чыноўнікаў па нацбяспецы, якія былі шакаваныя яго зместам. Унутры былі падрабязнасці камерцыйных і эканамічных планаў, якія адміністрацыя Трамп абмяркоўвала з Расіяй, уключаючы супольную здабычу рэдказямельных металаў у Арктыцы.
Правал дамоўленасцей
Як адзначае выданне, спроба замацаваць дамоўленасці на саміце 15 жніўня з удзелам Трампа, Рубіа, Уіткафа і Пуціна правалілася амаль імгненна. Замест абмеркавання здзелак Пуцін пачаў чытаць лекцыю пра «1000‑гадовую гісторыю адзінства народаў». У выніку абед і працоўныя сесіі былі адмененыя. Уіткаф пакінуў сустрэчу ў прастрацыі, хаця і спрабаваў захаваць пазітыўны настрой.

Фінальным акордам гэтай гісторыі, які дэманструе прыярытэт эканомікі над вайной, стаў візіт Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон у кастрычніку. Украінскі прэзідэнт прасіў дальнабойныя ракеты Tomahawk для ўдараў па расійскіх НПЗ, каб перамовы з Масквой маглі весціся з пазіцыі сілы.
Аднак, па даных WSJ, Трамп перагаварыў з Пуціным яшчэ напярэдадні і вырашыў адмовіць Кіеву ў зброі. Замест ваеннага рашэння Уіткаф прапанаваў украінцам камерцыйную альтэрнатыву: папрасіць у Трампа 10‑гадовае вызваленне ад мытаў. На яго сціплую думку, гэта дало б магутны штуршок украінскай эканоміцы.
Тлумачачы сваю пазіцыю журналістам у Маямі Уіткаф адзначыў:
«Я займаюся бізнэсам па ўрэгуляванні здзелак. Вось чаму я тут. Мы працягваем грукацца ў дзверы і прапаноўваць ідэі».
Еўрапейскія ж саюзнікі засталіся з высновай, якую сфармуляваў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск: «Гэта не пра мір. Гэта пра бізнэс».
Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі
Пуцін атрымаў план Трампа, але настроены працягваць ваяваць
Кірыл Дзмітрыеў: хто гэты банкір, які стаў нечаканым пасланнікам Пуціна ў Вашынгтоне і суаўтарам мірнага плана Трампа
Не вырашылі важных пытанняў: падрабязнасці перамоваў ЗША і Украіны ў Маямі
Каментары