Усяго патроху

Кампаніі ўсё часцей шукаюць супрацоўнікаў-«апавядальнікаў»

Сёння карпарацыі спрабуюць вярнуць сабе кантроль над уласным іміджам даволі незвычайным спосабам. Брэнды масава адмаўляюцца ад стандартных піяр-стратэгій і пачынаюць паляванне на прафесійных апавядальнікаў і стваральнікаў гісторый. Аб новым трэндзе расказвае The Wall Street Journal.

Фота: Mathew Aditya / Vecteezy

Новая гарачая вакансія — «апавядальнік» (storyteller) — у карпаратыўнай Амерыцы насамрэч з'яўляецца адной з найстарэйшых прафесій у гісторыі. Аднак, калі вы ўяўляеце сабе рамантычныя пасядзелкі ля вогнішча і захапляльныя байкі, то памыляецеся. У рэаліях сучаснага бізнэсу ўменне расказваць гісторыі — гэта прагматычны і жорсткі інструмент.

Кампаніі па-рознаму трактуюць гэты тэрмін. Для адных «апавядальнік» — гэта проста больш прыгожая і гучная назва для менеджара па сувязях са СМІ. Для іншых — гэта зусім новая роля: спецыяліст, які стварае блогі, падкасты, разборы кейсаў і іншы кантэнт, каб прыцягнуць увагу кліентаў і інвестараў.

Напрыклад, Google нядаўна шукаў менеджара ў каманду для стварэння кліенцкіх гісторый у каманду Google Cloud. Адзін з артыкулаў, апублікаваных гэтым падраздзяленнем у гэтым годзе, расказваў пра тое, як штучны інтэлект дапамагае праводзіць інтэрактыўны шопінг у буйной гандлёвай сетцы.

Microsoft пайшоў яшчэ далей і шукае дырэктара ў аддзел кібербяспекі, які будзе адказваць за наратыў і стварэнне гісторый. Ад кандыдата патрабуецца быць універсальным салдатам: адначасова тэхнолагам па кібербяспецы, камунікатарам і маркетолагам.

А папулярны дадатак для прадуктыўнасці Notion увогуле аб'яднаў піяршчыкаў, сммшчыкаў і менеджараў па працы з блогерамі ў адну вялікую каманду з 10 чалавек, якая займаецца выключна «напісаннем гісторый».

Як адзначаюць аўтары артыкула, грошы ў гэтай нішы круцяцца немалыя. Тэхналагічная кампанія Vanta, якая займаецца праграмным забеспячэннем, нядаўна адкрыла вакансію кіраўніка гэтага напрамку з заробкам да 274 000 даляраў на год.

Чаму ўсе раптам сталі апавядальнікамі?

Мода на гучныя пасады ў тэхналогіях ужо была: шмат хто памятае часы «ніндзя-распрацоўшчыкаў», «зорак SEO» і «лічбавых прарокаў». Цяпер, піша WSJ, у топе слова «апавядальнік». І гэта выклікае раздражненне ў часткі людзей творчай сферы.

Выданне цытуе словы дызайнера Стэфана Загмайстэра:

«Людзі, якія сапраўды расказваюць гісторыі — раманісты і кінарэжысёры — не называюць сябе апавядальнікамі. Гэта робяць тыя, хто імі не з'яўляецца».

Але статыстыка паказвае: тэрмін сапраўды захоплівае карпаратыўную Амерыку. Колькасць вакансій на LinkedIn з выкарыстаннем тэрмінаў, што абазначаюць «стваральніка гісторый», за год падвоілася.

Кіраўнікі кампаній выкарыстоўвалі гэты тэрмін у сваіх справаздачах перад інвестарамі 469 разоў у гэтым годзе (для параўнання: у 2015 годзе такіх згадак было ўсяго 147).

WSJ тлумачыць гэты ўсплёск фундаментальнымі зменамі ў медыяландшафце. Кампаніі дзесяцігоддзямі спадзяваліся на бясплатнае паблісіці праз традыцыйныя СМІ, але гэты канал звузіўся: у ЗША, паводле апошніх нацыянальных ацэнак, у прафесіі «аналітыкі навін, рэпарцёры і журналісты» засталося крыху больш за 49 тысяч чалавек — значна менш, чым у 2000 годзе.

Друкаваная прэса таксама аслабла: наклады газет з 2005‑га ўпалі прыкладна на 70%, а наведвальнасць сайтаў ста найбуйнейшых выданняў у сярэднім скарацілася больш чым на 40% за апошнія чатыры гады.

Затое ў карпарацый з'явіліся ўласныя магутныя каналы: сацсеткі, YouTube, уласныя медыя і рассылкі. Кампаніі самі становяцца выдавецтвамі, і ім патрэбныя ўласныя аўтары.

Фактар штучнага інтэлекту

Стыў Хірш, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва ў Нью-Ёрку, адзначае яшчэ адну важную прычыну папулярнасці жывых апавядальнікаў: стомленасць ад штучнага інтэлекту.

«Генератыўны штучны інтэлект стварае столькі інфармацыйнага смецця, што гэта спараджае недавер. Генеральныя дырэктары разумеюць: сёння выйграюць тыя брэнды, якія выглядаюць найбольш аўтэнтычнымі, чалавечнымі і блізкімі да людзей. Ім патрэбная стратэгія кантэнту, а не проста сухі прэс-рэліз», — тлумачыць Хірш.

Менавіта таму на гэтыя пасады часта наймаюць былых журналістаў. Як адзначае выданне, калі фінтэх-кампанія Chime адкрыла вакансію дырэктара па карпаратыўных сюжэтах, большасць з 500 кандыдатаў складалі менавіта выхадцы з традыцыйных СМІ. Яны ўмеюць шукаць сапраўдныя жыццёвыя гісторыі, а не проста пісаць рэкламныя лозунгі.

Як тлумачыць дырэктарка па карпаратыўных камунікацыях Джэніфер Куперман з Chime, такія тэрміны, як «рэдактар», занадта абмяжоўваюць.

«Ствараць гісторыі можна рознымі спосабамі — праз сацыяльныя сеткі, падкасты, публічныя выступленні кіраўнікоў ці нават арганізацыю івэнтаў», — лічыць яна.

Як адзначае аўтар артыкула, тэндэнцыя закранула нават некамерцыйны сектар. Нацыянальная федэрацыя дзікіх індычак (NWTF) нядаўна пачала шукаць ужо трэцяга штатнага «апавядальніка». У арганізацыі лічаць, што такая назва пасады дапамагае знайсці найлепшыя таленты — людзей, якія хочуць адчуваць сябе неад'емнай часткай агульнай гісторыі, а не проста капірайтарамі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах9

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах

Усе навіны →
Усе навіны

У Брэсце пад коламі грузавіка загінула пенсіянерка. Кіроўца з’ехаў з месца ДТЗ1

Бяздомная кошка прыцягвае жыхароў Віцебска ў музей2

Дзікія жывёлы ў мароз выходзяць да людзей. Як сябе паводзіць? Вось якія частыя памылкі мы робім3

У Мінску хутка пачнуцца працы па рэканструкцыі Кальварыйскага касцёла1

Знойдзены сотні рахункаў у швейцарскім банку, напэўна звязаных з нацыстамі6

У Лідзе прадалі ўчастак чыгункі ў прамзоне. Колькі каштавала?

Закахаўся і паехаў ва Украіну. 19‑гадовы беларускі палітвязень дапамагае кіяўлянам перажыць зіму пад расійскімі абстрэламі3

Баранавіцкая школа набыла біянічнага робата для навучання1

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах9

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць