Грамадства55

«Я ўжо развітаўся з жыццём». Беларус прайшоў пешшу ад Вены да Стамбула

Яўген Гуцалаў выйшаў з Вены, калі там было 23 градусы цяпла, а працягваў падарожжа пры мінус трох. За 54 дні ён пешшу пераадолеў 2500 кіламетраў і прайшоў праз сем краін, дасягнуўшы Стамбула. Ён сцвярджае, што з’яўляецца адзіным беларусам, які прайшоў увесь Sultan’s Trail — маршрут, які ў адваротным кірунку паўтарае шлях асманскіх султанаў і іх войска ў Еўропу. Навошта такія выпрабаванні стомай і страхам, Яўген расказаў Most.

Пашпарт з пячаткамі
Пашпарт з пячаткамі. Фота з архіва Яўгена

Сваё падарожжа Яўген пачаў у красавіку 2024 года. Стартаваў прынцыпова з самага цэнтра Вены.

Sultan’s Trail — пешаходны маршрут з Вены ў Стамбул. Найчасцей яго звязваюць з гістарычным шляхам войскаў султана Сулеймана Пышнага. Менавіта па гэтай дарозе, толькі ў адваротным кірунку, у XVI стагоддзі Асманская імперыя рухалася на Захад. На шляху вандроўцы збіраюць пячаткі ў спецыяльную кніжку — пашпарт.

Першую пячатку ў пашпарт падарожніка Яўген атрымаў на самым пачатку, у венскім саборы Святога Стэфана. Кажа, што псіхалагічна яму тады было складана: вакол утульны горад, звыклы камфорт, а наперадзе — 2500 кіламетраў пешшу.

Недзе па дарозе да Стамбула. Фота з архіва Яўгена

«Першыя кіламетры — гэта не пра прыгажосць вакол. Гэта пра боль»

Менавіта пачатак шляху Яўген называе самым цяжкім: цела яшчэ не разумела, што з ім адбываецца.

«Першыя кіламетры — гэта не пра прыгажосць вакол. Гэта пра боль», — кажа ён.

Да старту Яўген рыхтаваўся загадзя: шмат гадоў займаўся спортам, хадзіў у працяглыя паходы, бегаў, трэніраваў вынослівасць. Тым не менш напачатку калені, плечы, ногі — усё нагадвала пра сябе. Першыя два тыдні ён ішоў па 20—30 хвілін і адпачываў па 40—60. Прызнаецца: тады думкі былі пра тое, як дайсці да наступнага прыпынку.

Але аднойчы раніцай гэта змянілася. Мужчына згадвае, што пачуў, як спявае салавей, і зразумеў: менавіта з такіх дробязяў і складаецца дзень у доўгім падарожжы.

«Тут усё працуе разам: фізічная форма, досвед іншых паходаў і псіхалагічная гатоўнасць. Калі чагосьці з гэтага няма — шлях не вытрымаеш», — кажа Яўген.

Sultan’s Trail
Фота з архіва Яўгена

Дні, калі нічога не адбываецца

Часам маршрут быў манатонны: з аднаго боку — Дунай, з другога — вадасховішча. І так — два-тры дні. Але суразмоўца падкрэслівае, што такое сола-падарожжа дае разуменне не адзіноты, а адказнасці.

«Тут ты за ўсё адказваеш сам».

І ўсё ж галоўнае на такім доўгім шляху — людзі, якіх сустракаюць вандроўнікі. Не з кожным можна паразмаўляць на адной мове, але нават жэстаў, усмешак, простых слоў хапае, каб паразумецца.

Аднойчы Яўген сустрэў іспанца, які таксама ішоў доўгім маршрутам: планаваў прайсці праз Расію да Уладзівастока. Пасля размоў з Яўгенам пра аддаленыя і небяспечныя рэгіёны той адмовіўся ад гэтай ідэі. Пазней Яўген сачыў за яго шляхам у Instagram.

Эстэргомская базіліка
Эстэргомская базіліка і крэпасць у горадзе Эстэргом, Венгрыя. Фота з архіва Яўгена

Раніца пачынаецца з трох чарак па 15 грамаў

Звычайна Яўген начуе выключна ў намёце. Але ў Сербіі пачаліся працяглыя дажджы, і ён спыніўся ў пажылога жыхара. Гэта быў перыяд Вялікадня, а ў Сербіі існуе традыцыя: раніца пачынаецца з трох чарак па 15 грамаў ракіі — моцнага фруктовага алкаголю, папулярнага на Балканах. Да таго ж на Вялікдзень сербы смажаць парася і ўвесь час, пакуль яно гатуецца, п’юць ракію.

«Я зразумеў, што доўга так не вытрымаю», — усміхаецца Яўген. Неўзабаве ён рушыў далей.

Ад +23 да −3

Падчас падарожжа надвор’е значна мянялася.

«Я стартаваў з Вены, калі там было +23 градусы. А праз некалькі тыдняў ноччу тэмпература апусцілася да мінус трох. Ратавальная вопратка амаль не ратавала, я быў не гатовы да такога рэзкага перападу», — кажа Яўген.

Ён дадае, што, калі быў у дарозе не першы тыдзень, перастаў адчуваць час. На пытанне «Колькі ты ўжо ў дарозе?» складана было адказаць без тэлефона і падлікаў.

Апатын
У будынку муніцыпалітэта горада Апатын у Сербіі. Фота з архіва Яўгена

«Калі людзі даведваліся, што перад імі беларус, які ўжо 50 дзён ідзе пешшу, выносілі ежу»

Аднойчы па дарозе Яўген убачыў будынак, які дзіўна нагадваў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Гэта было адміністрацыйнае памяшканне.

«Я зайшоў, расказаў, што падарожнік, і ў выніку атрымаў пячатку ў пашпарт і невялікую экскурсію, — расказвае Яўген. — Так і ідзеш далей. І раптам з’яўляюцца мячэці, чарапіца — прыкметы таго, што Турцыя ўжо блізка».

Турцыю Яўген ведае добра: ён жыў там тры гады, шмат падарожнічаў, вывучаў турэцкую мову. Таму адчуваў сябе ўпэўнена. Быў ужо моцна загарэлы і «сыходзіў за свайго».

Ён заходзіў у чайныя, дзе мужчыны гулялі ў нешта падобнае да даміно. Насамрэч гэта былі карты — у Турцыі такая гульня афіцыйна забароненая.

«Калі людзі даведваліся, што перад імі беларус, які ўжо 50 дзён ідзе пешшу, выносілі мне мясцовую ежу», — расказвае Яўген.

Аднойчы ў Турцыі навальніца заспела яго ў полі. Вады не было, ежы амаль не засталося — толькі вермішэль хуткага прыгатавання. Мужчына згадвае: калі пачаліся гром і маланкі, прыйшоў сапраўдны, жывёльны страх.

«Я ўспомніў гісторыю з дзяцінства, якую расказваў дзед: як людзі схаваліся ад маланкі пад дрэвам і загінулі. Я пачаў адлічваць секунды паміж успышкай і громам, разумеючы, што цалкам залежу ад выпадку», — кажа ён.

«Я ўжо развітаўся з жыццём»

Напрыканцы маршруту Яўгена атакавала зграя сабак — кангалы — парода большая за алабаяў. Ён быў у полі, дапамогі чакаць не было адкуль.

«Я ўжо развітаўся з жыццём, — прызнаецца ён. — Але арганізм уключыўся на максімум. Я пераскочыў праз плот, залез на яго і нейкім цудам — пры росце 168 сантыметраў — узабраўся на ёмістасць для вады вышынёй каля 180 сантыметраў».

Першымі відэа нападу ён паспеў падзяліцца ў Instagram, пасля чаго сувязь знікла. Паўтары гадзіны беларус сядзеў на бочцы, пакуль сабакі не пайшлі.

Пазней высветлілася, што вялікай памылкай было свістаць у свісток — гэта зрабіла сабак яшчэ больш агрэсіўнымі. Цяпер Яўген заўсёды бярэ з сабой газавы балончык і петарды.

«Доўгі шлях не робіць цябе героем»

У Стамбул Яўген прыйшоў амаль вычарпаны. Ён знайшоў муніцыпалітэт, дзе яго сустрэлі па-добраму: напаілі чаем, паставілі пячаткі ў пашпарт падарожніка, накармілі мясцовай ежай і пазнаёмілі з футбольнай камандай.

Якраз тады турэцкая зборная перамагла ў спаборніцтвах, і на вуліцах было сапраўднае свята. Яно і зняло ўсю напружанасць апошніх дзён.

Уся дарога абышлася Яўгену прыкладна ў 1500 еўра, якiя ён выдаткаваў на ежу і ваду. Яўген рэдка начуе ў хостэлах, аддае перавагу палатцы, здымае свае перамяшчэнні з дрона.

Пра Sultan’s Trail ён даведаўся выпадкова — у Instagram «прыгожай аўстрыйскай дзяўчыны», якая жыла ў Турцыі і падарожнічала на жоўтым аўтамабілі. Праз паўгода пасля таго, як ён убачыў яе шлях, сам выйшаў у дарогу.

«Доўгі шлях не робіць цябе героем. Але ты дакладна разумееш, хто ты ёсць і на што здольны», — кажа Яўген.

Цяпер ён рыхтуецца да новага выпрабавання — маршруту на 4000 кіламетраў. І, здаецца, зноў пачне з пункта, дзе камфорт яшчэ трымае яго, але ўжо вось-вось скончыцца.

Каментары5

  • Цынзурчык
    28.01.2026
    А чаму тут пра Балкунца, які ўсю Яўропу на лысапедзе праехаў, ня пішуць?
  • Цекалло
    28.01.2026
    Что только люди не придумывают,чтобы не работать ...
  • Рэспект
    28.01.2026
    Так, чабан капек мяне таксама разоў дзесяць амаль з'елі. Таксама прайшоў амаль па ўсёй Турцыі ад возера Ван да Kırklareli, што на мяжы з Балгарыяй, пару тысяч кіламетраў за некалькі выездаў. Звычайна, два-тры тыдні за год. Прыходзілася яшчэ і працаваць...
    З маіх назіранняў, да 2018 года чабан капек былі нармальныя і спакойныя, калі не заходзіш на ахоўную тэрыторыю, але пасля 2018 года сітуацыя стала дрэннай і нават небяспечнай. Мая версія, што ў 2018 годзе пачаўся вельмі сур'ёзны фінансавы крызіс, ліра ўпала ў тры разы і імпартныя кармы сталі вельмі дарагімі і скацінку фермеры парэзалі на мяса, а сабачак ахоўных выгналі, і сабакі чабаноў збіліся ў групы і здзічэлі, можа нават пакрыўдзіліся на людзей, і сталі моцна агрэсіўнымі. Нешта ў іх зламалася, мусіць. Таму я заўсёды хадзіў з трэкіногавымі палкамі, прыціскаўся да сцяны і адмахваўся як мог. А гэтыя сабачкі, як буйныя поні, даўганогія такі, як арабскія скакуны... Кідаў ім хаўчык, напрыклад, экмэк - батон, каб адцягнуць. Часта сабак адганялі кіроўцы аўта, таму што ў выпадку нападу я выходзіў на дарогу. Тут трэба цяміць хутка. Але лепш ходзіць парай чалавек, каб адбівацца спіной да спіны, як мушкецёры.
    Чувачку перадаю рэспект адкрытай далонню, як гэта прынята на сцежцы.

Цяпер чытаюць

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?10

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?

Усе навіны →
Усе навіны

Як планавалася сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага і што будзе далей? Расказвае Вячорка6

У Белым доме павесілі сумесную фатаграфію Пуціна і Трампа22

У Вільні ўчора прызямліўся кантрабандны шар з беларускімі цыгарэтамі1

У чацвер на мяжы з Польшчай для фур адкрыюць новую зону чакання памерам з 30 футбольных палёў

Фядута расказаў, як аднойчы ў калоніі яго вялі на «расстрэл». А аказалася, на сустрэчу з Марзалюком10

Даклад CSIS: Расія страціла на вайне забітымі і параненымі 1,2 млн чалавек, Украіна — да 600 тысяч5

НАТА рыхтуецца да вайны ў Арктыцы2

Сакрэт, як жыць добра і пасля 90 гадоў — чалавечыя сувязі2

«Байсол» абвінаваціў Стрыжака ў адмове перадаць кантроль над юрыдычнымі асобамі ў Польшчы і ЗША24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?10

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць