У Гродне будуюць шматпавярховік, якому могуць пазайздросціць мінчукі
Дом будуюць у новым мікрараёне «Вясенні», які месціцца непадалёк ад цэнтра горада, ракі Нёман і лесапарка Пышкі. Што ў ім такога, апроч выгаднага месца?

Дом на 178 кватэр у самай высокай частцы будзе мець 10 паверхаў. Частка апартаментаў будзе з тэрасамі, ёсць і двухузроўневыя кватэры. Дом складаецца з пяці секцый — адной у сярэдзіне і чатырох па баках, — таму зверху ён нагадвае чатырохпялёсткавую кветку.
Самая маленькая кватэра ў доме мае плошчу 39 квадратных метраў, а самая вялікая — 132 метры. Квадрат у гэтым доме прадаюць па цэнах ад 2900 да 3900 рублёў, што каля $1000—1350 па цяперашнім курсе.

Самая танная кватэра (39 м²) абыдзецца ў 152 тысячы рублёў (каля 52 500 даляраў). А самая дарагая (116 м²) — у 491 тысячу рублёў (каля 145 000 даляраў).
Асноўная фішка дома — кватэры з тэрасамі і дах, абсталяваны пад зону для адпачынку.
Кватэры з'явіліся ў продажы толькі 5 лютага, а ўжо назаўтра частка, у тым ліку з тэрасамі, ужо была недаступная.
Планіроўка кватэр. Фота: ghb.by
Хоць для «Гроднажылбуда» такі праект можна назваць глытком свежага паветра, да сучаснай элітнай еўрапейскай нерухомасці гэты дом яшчэ недацягвае. Прынамсі праз адсутнасць закрытай тэрыторыі і падземнага паркінга. Вакол дома замест зялёнай зоны будзе асфальт парковак.

Адзначым, што квадрат у гэтым доме — яшчэ не самы дарагі ў горадзе ад дзяржаўнага забудоўшчыка «Гроднажылбуд». Даражэйшыя кватэры нядаўна прадаваліся ў новым квартале побач з гістарычным цэнтрам. Там цана метра ў аднапакаёўках дасягала 4500 рублёў (каля 1525 даляраў).
Таксама некалькі кватэр па 4500 рублёў за квадрат прадаюць у 19‑павярховай «свечцы» ў тым жа раёне, што і дом з тэрасамі. Што да шараговых панэлек на ўскраіне Гродна, то кошт метра ў іх вагаецца ад 2150 да 2500 рублёў (каля 740—860 даляраў).
Цэны на кватэры ў шэраговай 9‑павярховай панэльцы на ўскраіне Гродна. Фота: скрыншот з сайта ghb.by
Пры гэтым сярэдні кошт метра ў абласным цэнтры складае каля 1100 даляраў.


Каментары