У Польшчы расказалі падрабязнасці пра выкрытага шпіёна ў Міністэрстве абароны
Кіраўнік Службы вайсковай контрвыведкі Польшчы, генерал Яраслаў Стружык заявіў, што затрыманне шпіёна, які доўгі час працаваў у польскім Міністэрстве абароны, з’яўляецца безумоўным поспехам спецслужбаў. Паводле яго слоў, гэты чалавек меў вельмі шырокі доступ да інфармацыі, чым мог быць надзвычай карысным для замежных разведак, піша PAP.

Затрыманы — цывільны супрацоўнік Міністэрства абароны, які працаваў там з 1990‑х гадоў і займаў пасады ў розных стратэгічна важных падраздзяленнях, звязаных з абаронным планаваннем і міжнароднай бяспекай. У яго быў доступ да сакрэтных матэрыялаў, а апошнюю праверку бяспекі ён праходзіў у 2021 годзе.
У мінулую сераду мужчыну афіцыйна выставілі абвінавачанне ў шпіянажы на карысць адной з дзяржаў «усходняга напрамку». Суд арыштаваў яго на тры месяцы, а за такое злачынства ў Польшчы пагражае ад 8 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення.
Генерал Стружык падкрэсліў, што гэта першы выпадак прымянення ўзмоцненых нормаў польскага Крымінальнага кодэкса, уведзеных у 2023 годзе, што сведчыць пра сур’ёзнасць справы. Ён таксама адзначыў, што здрада дзяржаве магчымая ў любым узросце: падазраваны працаваў у Міністэрстве абароны некалькі дзесяцігоддзяў, удзельнічаў у міжнародных канферэнцыях, часта выязджаў за мяжу і меў шырокія кантакты, у тым ліку з высокапастаўленымі асобамі.
Кіраўнік СКВ адмовіўся раскрываць, колькі часу падазраваны мог займацца шпіянажам, бо гэта частка сакрэтнага следства, якое вядзе пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі. Ён таксама раскрытыкаваў спробы зменшыць значэнне справы або сцвярджаць, што шпіёна нібыта выкрылі выпадкова, падкрэсліўшы, што за затрыманнем стаяла доўгая і складаная праца аператыўнікаў і аналітыкаў.
Паводле слоў генерала, цяпер праводзіцца дэталёвы аналіз магчымых страт для бяспекі краіны і вывучаюцца ўсе носьбіты інфармацыі, якімі карыстаўся падазраваны. Не выключаецца і верагоднасць таго, што ён мог быць часткай больш шырокай шпіёнскай сеткі.
Напрыканцы Стружык заявіў, што Служба вайсковай контрразведкі цяпер працуе больш эфектыўна, мае разгалінаваную структуру па ўсёй краіне і дзейнічае прафесійна, а не па палітычнай замове. Найбліжэйшым часам ён мае намер прадставіць закрытую інфармацыю пра гэту справу парламенцкай камісіі па спецслужбах.
Пра тое, што ў Варшаве затрымалі супрацоўніка Міністэрства абароны Польшчы, якога падазраюць у шпіянажы, стала вядома 3 лютага з паведамлення самога ведамства. Затрыманне адбылося непасрэдна ў будынку міністэрства.
У Варшаве за працу на расійскую разведку затрымалі супрацоўніка Мінабароны Польшчы
Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары