Сваякі ўкраінскага салдата, які лічыўся загінулым, але вярнуўся з палону, абавязаны вярнуць 300 тысяч еўра пахавальных
Назар Далецкі доўгі час лічыўся загінулым. Сям’я пахавала цела салдата, якое было апазнана па выніках экспертызы ДНК, яшчэ ў 2023 годзе. Летам мінулага года стала вядома, што ён дакладна жывы. А 5 лютага мужчына вярнуўся з палону.

Назар Далецкі родам з вёскі Вялікі Дорашаў, што пад Львовам. Ён удзельнік Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. З пачаткам поўнамаштабнай вайны, у сакавіку 2022 года, мужчына зноў пайшоў абараняць Украіну. Ён служыў у 24‑й асобнай механізаванай брыгадзе імя караля Данілы.
Як згадвае маці, спачатку яна размаўляла з сынам па тэлефоне кожны дзень, але ў маі 2022 года ён перастаў выходзіць на сувязь.
«У суботу ён патэлефанаваў мне з чужога нумара. Сказаў: «Мама, так моцна страляюць, што галаву з акопа не высунеш». У нядзелю ён на сувязь не выйшаў. Я чакала цэлы дзень, а потым позна ўвечары зазваніў тэлефон. Я схапіла трубку: «Назарчык!» А там нейкі маскаль: «Ваш сын у палоне, з ім усё добра». Я спытала: «Хто вы?» Думала, нейкі камандзір тэлефануе паведаміць, што яго ўзялі ў палон. Ён кажа: «Я той, хто яго ў палон узяў». Вось і ўсё. Ніякай інфармацыі нам больш не далі», — распавядала маці журналістам.
Паводле слоў жанчыны, спачатку салдат лічыўся зніклым без вестак. Пазней сям’і паведамілі, што Назар загінуў у Купянскім раёне Харкаўскай вобласці 25 верасня 2022 года — акурат у свой дзень нараджэння.
У маі 2023 года, пасля ідэнтыфікацыі на аснове аналізу ДНК, цела, якое было прызнана парэшткамі Назара, прывезлі з Дняпра і пахавалі на могілках у яго роднай вёсцы.
«Сказалі, што іх недзе перавозілі, згарэў аўтобус, і нібыта па выніках ДНК высветлілася, што гэта мой сын. Я адказала: «А раптам гэта не ён?» Мне сказалі: «Калі вы не хочаце, мы яго там і пахаваем». Я кажу: «Як гэта — ДНК супала, а вы майго сына там пахаваеце? Дык вязіце яго сюды», — прыгадвае маці размову, якая адбылася ў маі 2023 года.
Словы жанчыны пацвярджае і яе пляменніца, стрыечная сястра Назара Раксалана Макогін:
«З Дняпра патэлефанавалі цётцы — следчая сказала, што ваш сын загінуў, у нас супадзенне ДНК 99,9%. Я заўважыла: «Ён мусіў быць у палоне, а вы кажаце, што ён загінуў». Яна адказала: «У жыцці бывае па-рознаму: можа, іх кудысьці перавозілі. Цела ўжо паўгода знаходзіцца ў моргу».

Магілу сына маці наведвала рэгулярна: саджала кветкі, даглядала. Хоць, паводле яе слоў, сумневы ўвесь час мучылі яе, бо яна не бачыла самога цела.
«Людзі нават на пахаванні мне казалі: «А можа, гэта не ён?» Я адказвала: калі я пачну так думаць, я проста звар’яцею», — згадвае жанчына.
У сувязі з гібеллю сына сям’я атрымала аднаразовую грашовую дапамогу — 15 мільёнаў грыўняў (прыкладна 292 тысячы еўра па цяперашнім курсе). Да 1 верасня 2025 года гэтая сума выплочвалася адным плацяжом. Затым парадак быў зменены на паэтапныя выплаты: першы транш — 3 мільёны грыўняў, астатняе — па 150 тысяч на працягу шасці з паловай гадоў.
У ліпені 2025 года адзін з вызваленых з палону вайскоўцаў паведаміў, што насамрэч Назар жывы. Пацвердзілі гэта яшчэ два байцы, пасля чаго сваякі пачалі звяртацца ў каардынацыйны штаб. Мемарыяльную дошку з магілы знялі і пачалі шукаць родных чалавека, якога пахавалі пад імем Назара.
Сам жа Назар вярнуўся на радзіму 5 лютага гэтага года падчас абмену палоннымі.
Гісторыя вайскоўца набыла шырокі рэзананс. Намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Леанід Цімчанка асабіста паехаў у Харкаў, дзе праводзілася экспертыза.
«Мы разумеем, што гэта рэзанансны і недапушчальны выпадак, бо такіх памылак быць не павінна. Мы дэталёва вывучым гэтую сітуацыю, паднімем усе экспертызы, у тым ліку ўзоры, узятыя ў маці і ў парэшткаў для параўнання», — цытуюць украінскія СМІ прадстаўніка МУС.
Родныя Назара ў сваю чаргу настойваюць на эксгумацыі, каб невядомы герой змог вярнуцца да сваёй сапраўднай сям’і.
«З верасня [2025 года] мы кантактуем з Луганскай пракуратурай (там знаходзіцца справа), з Дняпром, дзе было цела, з паліцыяй. Мы хочам, каб адбылося перапахаванне. Гэта чыйсьці блізкі чалавек, чыйсьці родзіч. Думаю, калі правядуць эксгумацыю — дазвол ужо дадзены, — то, магчыма, мы атрымаем больш дакладную інфармацыю», — распавяла журналістам стрыечная сястра Назара Раксалана.

Назар цяпер знаходзіцца пад наглядам лекараў — ён моцна знясілены палонам і катаваннямі. На пытанне, па чым ён сумаваў найбольш, мужчына адказвае коратка: «Па свабодзе».
А 10 лютага стала вядома, што сям’я Назара павінна будзе вярнуць дзяржаве атрыманую кампенсацыю. Пра гэта паведаміў прадстаўнік амбудсмена ў Львоўскай вобласці Тарас Падвірны.
«Юрыдычны момант у тым, што сям’я мусіць вярнуць сродкі, якія дзяржава выплаціла як аднаразовую грашовую дапамогу за смерць вайскоўца. Гэты юрыдычны прэцэдэнт будзе вырашацца. Будуць шукаць вінаватых — хто і якім чынам памыліўся, бо мы разумеем, што ДНК-экспертыза надзвычай дакладная», — сказаў Тарас Падвірны.
Ён таксама адзначыў: «Думаю, для сям’і найбольшае шчасце ў тым, што вайсковец вярнуўся дадому, а не ў тых сродках, якія ім выплаціла дзяржава».
Каментары