Грамадства

Што гістарычнага застанецца ад галоўнага корпуса БДУ пасля рэканструкцыі

У сакавіку 2026 года пачалася маштабная будаўнічая праца ў галоўным корпусе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на праспекце Незалежнасці. Абяцаюць максімальна беражлівае стаўленне да гістарычнага аблічча будынка. Аднак пакуль адны ўнікальныя дэталі 1960‑х гадоў сапраўды будуць старанна рэстаўравацца, іншыя аўтэнтычныя матэрыялы саступяць месца сучасным імітацыям. Шмат у чым гэты падыход паўтарае досвед нядаўняга рамонту гістарычнага факультэта БДУ.

Ахвяра хрушчоўскай пастановы 

Галоўны корпус БДУ ўзводзіўся ў 1958—1963 гадах па праекце выбітных архітэктараў Міхаіла Бакланава і Анатоля Духана. Першапачаткова ён задумваўся яшчэ больш манументальным: цэнтральную частку павінна была вянчаць высокая вежа са шпілем у стылі маскоўскіх гмахаў.

Галоўны фасад галоўнага корпуса БДУ. Фота: Гугл Карты

Але праект трапіў пад каток хрушчоўскай пастановы аб «барацьбе з архітэктурнымі празмернасцямі». Вежу прыбралі, дэкор максімальна спрасцілі, аднак нават у такім усечаным выглядзе архітэктарам удалося стварыць выразны ансамбль з магутным гранітным парталам і ўрачыстымі інтэр'ерамі з элементамі ар-дэко.

Сёння будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2‑й катэгорыі. 

Архіўны чарцёж дваровага фасада галоўнага корпуса БДУ. Нягледзячы на спрашчэнне архітэктуры ў рамках «барацьбы з празмернасцямі», многія запраектаваныя элементы, як рэльефнае пано ці казырок над ганкам, усё адно рэалізаваныя не былі. Фота з праектнай дакументацыі
Сучасны выгляд дваровага фасада галоўнага корпуса БДУ. Фота: Гугл Карты

Праект яго капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй быў распрацаваны на працягу 2022 года «Інстытутам Гроднаграмадзянпраект». Навуковым кіраўніком аб'екта, які адказвае за захаванне гістарычнай спадчыны, і адначасова галоўным архітэктарам праекта выступіла Алена Шчасная.

Што стане з фасадамі

Што тычыцца вонкавага аблічча, то тут праекціроўшчыкі падышлі да справы адносна далікатна. Фасады застануцца ранейшымі: праект прадугледжвае аднаўленне арыгінальнай каменнай тынкоўкі з даданнем мармуровай крошкі, апрацаванай пад бучарду, і захаванне гранітнай абліцоўкі цокаля.

Лесвічныя клеткі, зашклёныя вітражнымі запаўненнямі. Фота: Гугл Карты
Бакавы ганак з аўтэнтычнымі дзвярыма і металічнай агароджай. Фота: Гугл Карты

Самая прыкметная знешняя змена тычыцца даху. Гісторыка-архіўныя даследаванні паказалі, што першапачаткова дах не быў чырвоным, як сёння, бо пакрыты звычайнай ацынкаванай бляхай натуральнага шэрага колеру — гэты колер вернуць у час рэканструкцыі. 

Нават такія малазаўважныя рэчы, як рашоткі на прыямках, могуць аказацца арыгінальнай адметнасцю гістарычнага помніка. Фота з праектнай дакументацыі

Таксама на фасадах застануцца арыгінальныя металічныя рашоткі з індывідуальным малюнкам, а страчаныя элементы абяцаюць адліць нанова па гістарычных узорах.

Ар-дэко ў інтэр'ерах — ці зберагуць?

Згодна з дакументацыяй, у будынку застанецца нямала арыгінальных артэфактаў эпохі, якія ўтвараюць яго непаўторны антураж.

Артдэкошныя плафоны ў актавай зале. Фота: Wikimedia Commons
Архіўны чарцёж плафона для актавай залы. Фота з праектнай дакументацыі

Сапраўдным скарбам інтэр'ераў прызнаны чатыры прамавугольныя плафоны свяцільняў у актавай зале, якія маюць выразную стылістыку ар-дэко. Іх геаметрычны малюнак з перакрыжаваных ромбаў выкананы з тонкіх металічных палос пад бронзу, з устаўкамі з матавага шкла. Праект прадугледжвае іх абавязковую і дэталёвую рэстаўрацыю.

Захаванню падлягаюць дэкаратыўныя драўляныя рашоткі радыятараў у чытальных залах і фае.

Архіўны чарцёж фасада драўлянай зашклёнай перагародкі бібліятэкі, якая размяшчаецца ў галоўным корпусе БДУ. Фота з праектнай дакументацыі

Драўляная перагародка бібліятэкі з вітражнымі запаўненнямі ў тэхніцы ф'юзінг. Фота: Wikimedia Commons

Дзве дэкаратыўныя вітражныя кампазіцыі ў нішах вестыбюля, выкананыя ў тэхніцы ф'юзінг з выявамі белых птушак на блакітным небе з карычневымі і зялёнымі ўстаўкамі — іх акуратна дэмантуюць, адрэстаўруюць страчаныя фрагменты малюнка і вернуць на месца.

Застанецца і парадная шматмаршавая лесвіца са сваімі характэрнымі агароджамі: драўляныя прафіляваныя поручні і драўляны бар'ер са стальнымі нікеляванымі дэталямі таксама мусяць быць адноўленыя.

Без італьянскага тэраца і дубовага паркету

Найбольш значныя гістарычныя страты на галоўным корпусе БДУ тычацца замены аўтэнтычных матэрыялаў падлог на сучасныя прамысловыя аналагі.

Гістарычна галоўныя вестыбюлі, калідоры і лесвічныя клеткі корпуса былі выкладзеныя мазаічным бетонам з мармуровай крошкай, які ўтвараў характэрны геаметрычны малюнак тэраца. Гэта звыштрывалы матэрыял, характэрны для грамадскай архітэктуры шасцідзясятых гадоў.

Архіўны чарцёж з малюнкам падлогі ў вестыбюлі корпуса. Фота з праектнай дакументацыі

Такія падлогі ў Беларусі звычайна называюць савецкімі мазаічнымі, але СССР ніякага дачынення да матэрыялу не мае — насамрэч ён называецца тэраца. Ён з'явіўся ў Італіі і шырока распаўсюдзіўся ў свеце ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, у тым ліку ў архітэктуры мадэрну і ар-дэко 1920‑х гадоў.

Інтэр'еры корпуса захоўваюць дух і аўтэнтыку свайго гістарычнага перыяду. Выглядае, што інтэр'ерам быў патрэбны далікатны рамонт падлог, дзвярэй і перагародак, а таксама пракладка сетак у сценах і праца з асвятленнем — замест гэта рэканструкцыя прапануе татальную зачыстку. Фота з праектнай дакументацыі

Праект прадугледжвае поўны дэмантаж тэраца ў галоўным корпусе БДУ. Афіцыйна праз аварыйны стан шэрагу міжпаверхавых перакрыццяў, зробленых са зборных жалезабетонных пліт, якія патрабуюць узмацнення і залівання новай маналітнай сцяжкі.

У парадных памяшканнях мазаічныя падлогі ўжо заменены на керамаграніт. Фота: Wikimedia Commons

Корпус пасля пачатку работ. 

Адноўлена тэраца не будзе, бо праекціроўшчыкі спасылаюцца на рызыку з'яўлення расколін на новым маналіце пры наступнай эксплуатацыі. Насамрэч гэтая праблема была вырашана яшчэ ў 1920‑я гады, калі сталі прымяняць перагародкі для заліўкі тэраца на падлогі, якія за адно служаць дэфармацыйнымі швамі, не даючы падлогам расколвацца.

Замест аднаўлення мазаічнага бетону з'явяцца керамагранітныя пліты з, як сцвярджаецца, «захаваннем малюнка раскладкі і знешняга выгляду паверхні тэраца».

У адным сказе на чарцяжах праекціроўшчыкі ўключаюць мазаічныя падлогі ў пералік «адметных асаблівасцей гісторыка-культурнай каштоўнасці», а ўжо ў наступных — спакойна прапісваюць іх поўнае знішчэнне і замену на сучасную плітку. 

Больш за тое, абяцанне захаваць гістарычны малюнак мазаікі керамагранітам выглядае сумнеўным яшчэ і таму, што адсутнічаюць чарцяжы з канкрэтнай раскладкай пліткі па падлогах, якая б дазволіла хоць бы аднавіць узор падлог.

З плюсаў рэканструкцыі тое, што замест пластыкавых падаконнікаў, у корпус вернуцца гістарычныя бетонныя прафіляваныя пліты. Фота з праектнай дакументацыі

Што праўда, тэраца ў галоўным корпусе застанецца, але не на падлозе. У праекце прадугледжана захаванне часткі драўляных вокнаў, якія з'явіліся ў час рамонту ў 2017 годзе, а таксама паўторнае прымяненне аўтэнтычных падаконнікаў. У 1960‑я гады яны былі адлітыя з таго ж самага мазаічнага бетону (тэраца), што і падлогі.

Арыгінальны дубовы паркет у аўдыторыях таксама пойдзе пад дэмантаж — яго заменяць на лінолеум.

Вяртанне гістарычных дзвярэй

Падобны падыход з імітацыяй замест рэстаўрацыі назіраецца і ў стаўленні да сталяркі. У дакументацыі заяўлена пра неабходнасць «узнаўлення дзвярной фурнітуры па захаваных аналагах у гэтым будынку» і зберажэнне бронзавых скабяных прыбораў.

Частка дзвярэй з дэкаратыўнымі ручкамі ўжо была ўзноўлена па гістарычных прыкладах у папярэднія гады. 

Архіўны чарцёж драўляных дзвярэй у галоўным корпусе БДУ. Фота з праектнай дакументацыі

Існыя шпаніраваныя драўляныя дзверы ў галоўным корпусе БДУ. Фота з праектнай дакументацыі

Дзвярная ручка і выхад з балкона актавай залы. Фота: Wikimedia Commons / з праектнай дакументацыі

Офісныя столі

Адаптацыя будынка сярэдзіны мінулага стагоддзя пад сучасныя санітарныя і пажарныя нормы патрабуе ўстаноўкі велізарнага аб'ёму абсталявання. У праекце закладзены магутныя сістэмы вентыляцыі, кандыцыянавання, дымавыдалення, а таксама сотні метраў кабельных латкоў для сетак.

Фота: Wikimedia Commons
Усе калідоры і аўдыторыі ў корпусе будуць падшытыя падвеснымі офіснымі столямі. Фота: Wikimedia Commons

У 1960‑я гады паветраабмен вырашаўся праз натуральную цягу і высокія столі, а электрыка хавалася ў тонкіх штрабах. Сучасныя трубы і латкі ў сценах не пракладаюць, аддаючы перавагу хаваць іх за падвеснымі столямі, значна змяншаючы вышыню памяшканняў — тое ж чакае і галоўны корпус БДУ. 

У абсалютнай большасці рабочых кабінетаў, калідораў і лабараторый прадугледжаны падвесныя столі з квадратных пліт тыпу «Армстронг», як у звычайных офісах. Такія рашэнні змяняюць гістарычныя прапорцыі памяшканняў, але прынамсі ў гэтым будынку амаль няма каштоўнай ляпніны на столях, якую б схавалі за падвеснай канструкцыяй, як было на гістфаку. 

Кесаніраваныя столі ў галоўным вестыбюлі корпуса застануцца незакрытымі падвеснымі столямі. Фота з праектнай дакументацыі
Кесаніраваныя столі ў галоўным вестыбюлі корпуса застануцца незакрытымі падвеснымі столямі. Фота з праектнай дакументацыі

Выглядае, што застануцца незашытымі толькі кесаніраваныя (з квадратнымі паглыбленнямі) столі парадных памяшканнях: у галоўным вестыбюлі імя Пічэты і ў актавай зале.

Без пачварных ліфтаў, але і без гістарычных лесвіц

Праект прадугледжвае поўную мадэрнізацыю ліфтавых шахтаў: старое абсталяванне 1960‑х гадоў дэмантуюць, а на яго месцы ўсталююць сучасныя сістэмы без машыннага аддзялення. 

Цяпер ліфтавыя шахты ў цэнтральнай лесвічнай клетцы галоўнага корпуса выглядаюць як індустрыяльны аб'ект: яны закрытыя пачварнымі канструкцыямі з металічнага прафіляванага насцілу, больш нагадваючы пабудовы ў прамзоне, чым элементы інтэр'ераў універсітэта па праекце Бакланава і Духана.

Лесвіцы і ліфтавыя шахты пазначаныя пад дэмантаж у праектнай дакументацыі. 
Старая лесвіца з мазаічнага бетону разам з аўтэнтычнымі агароджамі і парэнчамі будзе дэмантаваная. Заменены будуць таксама ліфтавыя шахты ў прасветах лесвіц, выкананыя з пачварнага металпрофілю. Фота: Wikimedia Commons

Шахты будуць пераабсталяваныя з выкарыстаннем сучасных негаручых матэрыялаў, якія адпавядаюць сённяшнім нормам пажарнай бяспекі. Верагодна, эстэтычны бок канструкцый палепшыцца, але 

разам з састарэлымі ліфтамі пад поўны знос, як можна зразумець з чарцяжоў, пойдуць і маршы гістарычных лесвіц, у якія яны ўпісаныя, а таксама драўляныя агароджы і парэнчы. Наўрад ці пры аднаўленні лесвіц будуць паўтораныя іхнія прафіляваныя прыступкі з мазаічнага бетону, хутчэй, будзе самы прымітыўны варыянт выканання лесвіц з аддзелакай з керамаграніту, як і ў выпадку падлог. 

Рэканструкцыя галоўнага корпуса БДУ — чарговы прыклад, калі гістарычныя будынкі бязлітасна падганяюцца пад сучасныя будаўнічыя нормы, нібыта гэта аб'екты, якія ўзводзяцца з нуля. Згодна з Кодэксам аб культуры, патрабаванні пажарнай ці санітарнай бяспекі не з'яўляюцца прыярытэтнымі, калі яны шкодзяць адметным вартасцям помніка архітэктуры.

Гэты падыход далёкі ад сапраўднай рэстаўрацыі. Хоць маштаб умяшання ў галоўным корпусе і не дасягае таго ганебнага знішчэння інтэр'ераў, якое адбылося падчас нядаўняга рамонту суседняга гістарычнага факультэта, аднак і да ўзорнага прыкладу захавання спадчыны яму вельмі далёка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску90

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску

Усе навіны →
Усе навіны

Пакістан падрыхтаваў план спынення вайны паміж ЗША і Іранам, які прадугледжвае адкрыццё Армузскага праліва4

Кіроўцу з Пінска адправілі ў калонію за падрыхтоўку да «масавых беспарадкаў», «абразу» Лукашэнкі і «распальванне варожасці»

Ірына Шэйк апублікавала фоты са свайго чэлябінскага юнацтва16

Камандаванне вайскова-марскіх сіл Ірана: Армузскі праліў ужо ніколі не вернецца да свайго ранейшага стану4

Экіпаж «Артэміды» згубіць сувязь з Зямлёй, але ўсё ідзе па плане5

Мінск рыхтуе новыя зоны для адпачынку: што з’явіцца ў кожным раёне сталіцы

Любыя спробы нармалізаваць адносіны з Лукашэнкам будуць упірацца ў адну вялікую праблему22

Магілёвец спачатку хацеў уцячы ад даішнікаў, а потым — даць ім хабар

У вёсцы ў Іўеўскім раёне на Вялікдзень згарэлі пяць хат і сем пабудоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску90

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць