У Лоеўскім раёне вярнулі ў роднае неба выратаванага мясцовай пенсіянеркай бусла
У вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна пасля зімоўкі выпусцілі на волю выратаванага бусла. Дзікая птушка некалькі месяцаў жыла ў мясцовай пенсіянеркі, а цяпер далёка не паляцела — аблюбавала гняздо каля хаты, у якой зімавала, піша Times.by.

Аслабленага бусла, які не паляцеў на поўдзень са сваімі суродзічамі, Галіна Кажамяка падабрала за некалькі дзён да Новага года. Калі ўдарылі маразы, птушка прыбілася да стога ў суседскім двары. Глядзець на гэта спакойна Галіна не змагла і пераканала мужа забраць птушку ў хату.
Бусла адагрэлі, накармілі, назвалі Сенем і вырашылі пакінуць да вясны. З птушкай прыйшлося павалаводзіцца, як з малым дзіцём. Да сябе ён людзей не падпускаў, а ў ежы быў пераборлівы.
Відэа з Сенем сваякі Галіны паказалі знаёмаму ветэрынару. Спецыяліст выказаў здагадку, што буслу тры гады, а ў цёплыя краі ён не паляцеў, хутчэй за ўсё, з-за пашкоджанага крыла. Пералёт у 10—12 тысяч кіламетраў Сеня наўрад ці вытрымаў бы, таму дапамога сям'і Кажамякаў аказалася вельмі дарэчнай.
За гэтыя месяцы Сеня стаў паўнапраўным членам сям'і. Нават каты, якія спачатку шыпелі на госця, неўзабаве мірна пачалі есці з ім з адной міскі рыбу. Дзікая птушка паспела пакаштаваць і хрумсткія капусныя лісты, і сапраўдны каціны ласунак — далікатнае курынае філе.
«А яшчэ Сеня палюбіў глядзець на агонь у печцы. Ці не цуд?» — расказала Times.by пра звычкі пернатага пастаяльца Галіна.
Днямі ў вёску пачалі вяртацца буслы. Буслянку каля царквы, а гэта за 100 метраў ад дома Кажамякаў, ужо аблюбавала птушка-адзіночка. Для Галіны гэта стала сігналам — пара выпускаць Сеню на волю.

Гаспадыня аднесла пернатага да слупа з гняздом. Кажа, перажывала, што пасля двух з паловай месяцаў няволі ён адразу не ўзляціць. Але Сеня шырока ўзмахнуў крыламі і рвануў далёка праз поле.

Галіна нават паспела засмуціцца — маўляў, кінуў яе. Але праз пару гадзін Сеня вярнуўся і ўладкаваўся ў той самай буслянцы каля царквы.
«Вядома, гэта наш Сеня. Самы ўкормлены, ды і шыю трымае прама, у адрозненне ад змардаванай пералётам птушкі», — адразу адкінула ўсе сумневы Галіна, гледзячы, як яе гадаванец асвойвае новае гняздо.
«Прыляцелі, родныя!» Каля Белавежскай пушчы пабачылі буслоў ВІДЭА
«Гэта будзе «Артэк» для жывёл». «Дом Брэсцкага бусла» ўратаваны: улады адгукнуліся
Колькі белых буслоў жыве ў Беларусі?
«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл
«Шкада будзе, калі загіне». Пад Магілёвам ужо некалькі тыдняў спрабуюць уратаваць бусла, які застаўся зімаваць
«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага
Каментары