Свет66

Данія ўсур'ёз рыхтавалася да вайны з ЗША, у Грэнландыю былі перакінутыя запасы донарскай крыві і выбухоўка

Калі ў студзені 2026 года Трамп пачаў пагражаць Грэнландыі, Капенгаген у тэрміновым парадку перакінуў на востраў свае найлепшыя падраздзяленні, запасы донарскай крыві і выбухоўку, прызначаную для падрыву ўзлётна-пасадачных палос. Дапамогу Даніі ў тыя дні аказала і Францыя.

Сталіца Грэнландыі горад Нуук. Фота: Lokman Vural Elibol / Anadolu via Getty Images

Дацкае выданне DR апублікавала расследаванне, якое заснавана на інфармацыі, атрыманай ад дванаццаці высокапастаўленых крыніц у дацкім урадзе, вышэйшым ваенным камандаванні, а таксама ў разведвальных службах Францыі і Германіі.

Паводле іх звестак, крызіс пачаў нарастаць неўзабаве пасля выбараў у ЗША ў канцы 2024 года. Калі Дональд Трамп зноў заняў пасаду прэзідэнта і пачаў адкрыта заяўляць пра намер атрымаць кантроль над Грэнландыяй «сілавым шляхам», Данія пачала шукаць падтрымку ў Еўропе.

Ужо ў пачатку 2025 года падчас закрытых перамоў Капенгаген звярнуўся да Парыжа, Берліна і сталіц краін Паўночнай Еўропы, спрабуючы сфарміраваць адзіную пазіцыю. Перад дацкімі дыпламатамі стаяла складаная задача: з аднаго боку, не дапусціць эскалацыі з ключавым гістарычным саюзнікам, а з другога — не дазволіць ЗША навязаць сваю волю грубай сілай.

Французскі чыноўнік, які каардынаваў сувязь паміж Капенгагенам і Парыжам, паведаміў выданню:

«Палітычнае кіраўніцтва, Узброеныя сілы і апарат бяспекі Даніі вырашылі «прыняць выклік». Мы былі гатовыя зрабіць амаль усё, пра што прасіла Данія».

Паводле яго слоў, Парыж пацвердзіў гатоўнасць накіраваць у Грэнландыю батальён элітных войскаў і забяспечыць максімальную падтрымку французскага ваенна-марскога флоту — наймацнейшага сярод краін Еўрасаюза — і авіяцыі. Аналагічную дапамогу прапанавалі і іншыя саюзнікі, у прыватнасці Германія.

Абвастрэнне 2026 года

Канец лета і восень 2025 года крыніцы DR апісваюць як перыяд, калі крызіс развіваўся адносна павольна. Разглядалася магчымасць, што ў 2026 годзе еўрапейскія саюзнікі паступова павялічаць сваю ваенную прысутнасць у Грэнландыі, каб прадэманстраваць гатоўнасць абараняць востраў. Аднак падзеі радыкальна паскорыліся ў пачатку студзеня 2026 года.

Стывен Мілер, кіраўнік ЦРУ Джон Рэткліф, кіраўнік Адміністрацыі Марка Рубіа, Дональд Трамп, дзяржсакратар вайны Піт Хегсэт і старшыня камітэта штабоў Дэн Кейн. Фота: Joе Raedle / Getty Images

Восем крыніц DR называюць адзін канкрэтны фактар, які стаў штуршком: раніца 3 студзеня 2026 года, калі еўрапейскія лідары прачнуліся ад навін пра тое, што ЗША напалі на Венесуэлу і адхілілі ад улады прэзідэнта гэтай краіны.

Для еўрапейскіх урадаў гэта стала сігналам, што Дональд Трамп гатовы не толькі рабіць жорсткія заявы, але і рэалізоўваць іх сілай. У гэтым кантэксце яго словы пра Грэнландыю пачалі ўспрымацца як непасрэдная пагроза.

«Вось тады ўсё выбухнула. Калі Трамп увесь час кажа, што хоча забраць Грэнландыю, і адбываецца тое, што адбылося ў Венесуэле, мы былі вымушаныя сур'ёзна разглядаць усе сцэнары», — прыводзіць выданне словы высокапастаўленай крыніцы ў дацкім апараце бяспекі.

Паводле слоў крыніцы, пры ацэнцы пагрозы захопу Грэнландыі ўлічвалася тое, што «афіцыйныя структуры ЗША не працуюць так, як раней. Вакол Трампа ўжо няма ў такой ступені, як раней, людзей, якія маглі б яго адгаварыць. Гэта надзвычай небяспечна».

Выданне нагадвае, што на наступны дзень пасля аперацыі ў Венесуэле Дональд Трамп выступіў з загадкавай заявай наконт Грэнландыі.

Дзеянні Даніі ў адказ на амерыканскую пагрозу

Пад уплывам такіх падзей Данія прыняла рашэнне дзейнічаць імгненна. У Грэнландыю спачатку перакінулі перадавую групу — вайскоўцаў з Даніі, Францыі, Германіі, Нарвегіі і Швецыі, якія былі размешчаны ў Нууку і Кангерлусуаку.

Удзел большасці краін быў чыста сімвалічна, але асноўныя, дацкія сілы былі цалкам баяздольныя. У іх склад увайшлі, сярод іншых, салдаты дацкага Драгунскага палка з Хольстэбро, байцы элітнага Ягеркорпуса (Jægerkorpset). А таксама французскія альпійскія стралкі, спецыяльна навучаныя для вядзення вайны ў суровых горных умовах. Адначасова ў Паўночную Атлантыку былі накіраваныя дацкія знішчальнікі і французскі вайсковы карабель.

Афіцыйна гэтая аперацыя называлася вучэннямі «Arctic Endurance», аднак на справе гаворка ішла пра стварэнне рэальнага абарончага плацдарма.

Паводле крыніц DR, дацкія салдаты прыбылі ў Грэнландыю з выбухоўкай, прызначанай для знішчэння ў выпадку патрэбы асноўных узлётна-пасадачных палос, у першую чаргу ў Нууку і Кангерлусуаку.

Мэта была выразная: калі б ЗША паспрабавалі высадзіць войскі, гэтыя палосы павінны былі быць падарваныя, каб перашкодзіць амерыканскай аперацыі. Разам з гэтым у Грэнландыю былі дастаўлены запасы крыві — стандартная мера не для вучэнняў, а для сітуацый, калі чакаюцца рэальныя баявыя страты.

Па інфармацыі крыніц, дацкае вайсковае камандаванне выдала войскам так званы «каралеўскі загад аб дзеяннях» (kongelig forholdsordre). Звычайна ў падобных сітуацыях такія загады могуць змякчацца, каб пазбегнуць эскалацыі, але гэтым разам, паводле крыніц, «у загадзе не было нічога дээскалацыйнага». Вайскоўцы павінны былі быць гатовыя да бою, а знішчальнікі F-35 былі адпраўлены з поўным баявым узбраеннем.

DR сцвярджае, што таксама атрымала доступ да канкрэтнага аператыўнага загаду, выдадзенага 13 студзеня 2026 года, які стаў асновай для перакідвання войскаў. Загад апісвае аперацыю, мэтай якой з'яўляецца падрыхтоўка абароны Грэнландыі і якая можа быць пашырана з прыцягненнем яшчэ большай колькасці салдат і ваенных рэсурсаў.

Ілюстрацыйны здымак. Падраздзяленні Бундэсвера падчас вучэнняў НАТА Nordic Response у Нарвегіі. Сакавік 2024 года. Фота: Kay Nietfeld / picture alliance via Getty Image

Пры гэтым ніхто з удзельнікаў не меў ілюзій адносна шанцаў у адкрытым супрацьстаянні з ЗША.

Стратэгія была іншай: зрабіць так, каб любы амерыканскі напад выглядаў як паўнавартасны варожы акт супраць некалькіх краін НАТА адначасова. Прысутнасць на востраве салдат з рознымі нацыянальнымі сцягамі на шаўронах павінна была прымусіць Трампа задумацца аб тым, што любая амерыканская аперацыя аўтаматычна стане канфліктам не толькі з Даніяй, але і з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі. І канцом адносін.

Гэтая логіка рэзка адрознівалася ад паводзін Даніі ў 1940 годзе, калі краіна не аказала супраціву нямецкай акупацыі. Цяпер, пасля працяглых закрытых абмеркаванняў, было прынята супрацьлеглае рашэнне: у выпадку нападу — змагацца, нават калі гэта азначае канфлікт са значна мацнейшым праціўнікам.

Адным з самых складаных пытанняў заставалася тое, ці гатовыя еўрапейскія саюзнікі ісці да канца ў выпадку рэальнага сутыкнення з ЗША. Крыніцы прызнаюць, што адказу на гэтае пытанне так і няма. Як адзначыў адзін з нямецкіх чыноўнікаў, ён рады, што Еўропе не давялося правяраць гэта на практыцы, бо напад ЗША на Грэнландыю ў прысутнасці войскаў НАТА паставіў бы крыж на саюзе.

Наступствы крызісу вакол Грэнландыі

Сітуацыя распружылася пасля 21 студзеня, калі Дональд Трамп у сваім выступе на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе заявіў, што ЗША не збіраюцца выкарыстоўваць ваенную сілу супраць Грэнландыі, хоць і працягваюць лічыць востраў важным для сваёй бяспекі.

Пасол ЗША ў Даніі Кенет Хаўэры пазней пацвердзіў гэтую пазіцыю ў афіцыйных каментарах, аднак ён ухіліўся ад прамога адказу на пытанне, ці існавалі ў Пентагона рэальныя планы ўварвання.

Як адзначае выданне, ніводная з апытаных крыніц не разгалошвае дакладных разведвальных звестак пра канкрэтныя планы ЗША акупаваць Грэнландыю. Тым не менш, у студзені многія з іх асцерагаліся, што гістарычна важны саюзнік — Злучаныя Штаты — можа пачаць захоп вострава.

«Магчыма, мы ніколі не даведаемся, ці рыхтавалі яны прымяненне ваеннай сілы. Я вырас падчас Халоднай вайны, і часам мне хочацца вярнуцца ў той адносна стабільны час, калі сусветныя лідары ведалі, як далёка яны могуць зайсці, не правакуючы найгоршага з магчымых сцэнарыяў», — цытуе выданне словы ананімнага нямецкага чыноўніка.

У сваю чаргу, высокапастаўлены французскі прадстаўнік адзначыў, што мінулы год з Дональдам Трампам у Белым доме паказаў: Еўропа павінна «нанова вывучыць граматыку ўлады» і больш не можа разлічваць на безумоўную ваенную падтрымку з боку ЗША ў выпадку нападу.

Галоўнае пытанне цяпер у тым, ці здольная Еўропа трымацца цвёрда і ці зможа яна перабудавацца пад новыя ўмовы. Частковы адказ на гэта прагучаў ужо ў пачатку сакавіка, калі ўрад Даніі абвясціў: краіна разам з яшчэ сямю еўрапейскімі дзяржавамі далучыцца да стратэгічнага ядзернага супрацоўніцтва з Францыяй. Адначасова дацкая і еўрапейская ваенная прысутнасць у Грэнландыі не толькі захаваецца, але і будзе развівацца ўжо ў межах НАТА.

Нягледзячы на часовае зацішша, высокапастаўленая крыніца ў дацкім апараце бяспекі папярэджвае, што сітуацыя застаецца нестабільнай. Пакуль Дональд Трамп знаходзіцца ў Белым доме, яго імкненне ўвайсці ў гісторыю праз пашырэнне амерыканскіх тэрыторый будзе заставацца пастаяннай крыніцай пагрозы для Дацкай Садружнасці, таму фатальныя дні студзеня могуць паўтарыцца ў любы момант.

Тым часам, як піша DR, афіцыйныя міністэрствы Даніі і ўрад Грэнландыі адмаўляюцца каментаваць дэталі гэтай сакрэтнай аперацыі, захоўваючы маўчанне вакол падзей, якія маглі змяніць карту свету.

Каментары6

  • Лапiдарные правакатары крамля
    20.03.2026
    Трамп агент i правакатар, на якога ў крамля есць кампрамат., усё што ён робiць накiравана на падрыў Эўропы
  • .
    20.03.2026
    Не вырашаў галоўныя праблемы, стварыў новыя нечаканыя.
    Зламаў, куды змог дацягнуцца.
  • Лол
    20.03.2026
    Данія лепей бы з Кітаем рыхвалася ваяваць і забараніла кітайскім караблям гаспадарыць у водах Грэнландыі. Можа тады і ў амерыканцаў прэтэнзій было бы меней.

Цяпер чытаюць

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце4

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце

Усе навіны →
Усе навіны

Пагоня, ліцвінізм і міграцыя: як літоўцы бачаць беларусаў і Беларусь30

На Камароўцы значна зменшыліся цэны на клубніцы і персікі2

У ЗША выпусцяць надзвычай вялікую манету з выявай Трампа9

Бізнэсмен набыў для парка «Сула» арыгінальнае выданне Статута ВКЛ5

Марына Адамовіч: Дазвол вызваленым заставацца ў Беларусі — рэха ўчынку майго мужа1

МАЗ пачаў рабіць для Расіі браняваныя машыны хуткай дапамогі3

На волю выходзіць Наталля Ладуцька, якую адправілі ў калонію за пасылкі палітвязням2

Трамп сур'ёзна разглядае магчымасць захопу іранскага вострава Харк2

Выйшаў на свабоду кіраўнік беларускага Ernst&Young Павел Лашчанка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце4

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць