Моды

З-за росту цэн на нафту можа падаражэць і таннае адзенне з мас-маркету

Традыцыйна лічылася, што ў часы эканамічных крызісаў танныя брэнды толькі мацнеюць, бо пакупнікі пачынаюць эканоміць. Аднак сённяшні рост цэн на нафту і лагістычны калапс ствараюць парадаксальную сітуацыю: менавіта сегмент «бюджэтнага адзення» можа стаць галоўнай ахвярай нестабільнасці праз сваю татальную залежнасць ад нафтапрадуктаў.

Дагэтуль аксіёма рытэйлу гучала проста: калі ў эканоміцы ўсё дрэнна, пакупнік ідзе ў дыскаўнтэры. Але, як піша The Financial Times, вайна ў Іране і інфляцыйны ціск у Еўропе змянілі правілы гульні.

Прычына ў тым, што канфлікты такога маштабу б’юць не толькі па настроях спажыўцоў, але і па сабекошце вытворчасці. Практычна ўсе элементы ланцужка паставак, звязаныя з нафтай, даражэюць. Напрыклад, з пачатку вайны кошт марскіх перавозак паміж Шанхаем і Ратэрдамам вырас прыкладна на 20%, а авіяперавозкі паміж Паўднёва-Усходняй Азіяй і Еўропай — на чвэрць.

Асабліва ўразлівымі становяцца кампаніі, якія актыўна выкарыстоўваюць поліэстэр — адзін з ключавых матэрыялаў індустрыі «хуткай моды» (fast fashion). Каля 70% выдаткаў на яго вытворчасць залежыць ад нафтапрадуктаў. Таму рост цэн на нафту прыкладна на 40% за апошні месяц ужо прывёў да падаражання поліэфірных валокнаў больш як на чвэрць.

Пакуль што сітуацыя не адбілася ў поўнай меры на фінансавых выніках. Наадварот, апошні год для шэрагу модных рытэйлераў быў даволі прыбытковым. Напрыклад, H&M паведаміла пра рост валавой маржы на 1,6 працэнтнага пункта. Пры гэтым амаль увесь гэты рост тлумачыцца двума фактарамі. Паводле ацэнак аналітыкаў, танны поліэстэр даў каля 0,8 працэнтнага пункта да прыбытковасці, а зніжэнне цэн на дастаўку — яшчэ 0,6. Разам гэта 1,4 з 1,6 пункта росту.

Але гэты эфект можа хутка знікнуць. Брытанская сетка Next ужо папярэдзіла, што рост цэн на нафту пачне адбівацца на сабекошце, у тым ліку праз падаражанне поліэстэру, ужо ў другой палове года. Аналітыкі таксама лічаць, што ў H&M цяперашні «плюс» ад таннай сыравіны можа ператварыцца ў «мінус» ужо ў наступным годзе.

Ступень залежнасці ад нафты розніцца паміж кампаніямі. Брэнды сярэдняга сегменту, такія як H&M, Next або Inditex (уладальнік Zara), выкарыстоўваюць поліэстэр прыкладна ў чвэрці сваёй прадукцыі. Пры гэтым H&M заяўляе, што ўвесь іх поліэстэр — перапрацаваны, што робіць яго вытворчасць энергаёмістай, але крыху менш залежнай ад цэн на нафту.

Зусім іншая карціна ў сегменце ультратаннай моды. У Boohoo каля паловы прадукцыі — гэта поліэстэр, а ў Shein яго доля перавышае 80%. Менавіта гэтыя кампаніі найбольш уразлівыя да росту выдаткаў на сыравіну.

Фота: Getty Images

Калі сабекошт працягне расці, рытэйлеры будуць вымушаныя павышаць цэны. Next ужо дапускае такі сцэнар, калі вайна зацягнецца больш чым на тры месяцы. Аднак тут узнікае новая праблема: попыт на рынку становіцца ўсё больш няроўным.

Эканамісты прагназуюць, што забяспечаныя спажыўцы працягваюць траціць, у той час як менш заможныя скарачаюць выдаткі. У такіх умовах танныя брэнды могуць апынуцца ў складанай сітуацыі — ім цяжэй перакласці рост выдаткаў на пакупнікоў.

Калі раней поліэстэр быў спосабам зэканоміць, то сёння ён ператвараецца ў цяжар, які можа прывесці да таго, што бізнес-мадэлі брэндаў таннай моды пачнуць «разыходзіцца па швах» аднымі з першых.

Акрамя таго, агульнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі можа прывесці да зніжэння попыту ў цэлым. У выніку спажыўцы будуць не столькі «пераходзіць на таннае», колькі проста купляць менш.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Усе навіны →
Усе навіны

«Ціса» ў Венгрыі атрымала нават больш парламенцкіх мандатаў, чым меркавалася папярэдне6

Дзявятая планета Сонечнай сістэмы: ці блізкія мы да разгадкі яе таямніцы?3

Meta збіраецца праз штучны інтэлект звольніць 8 тысяч работнікаў3

Беларусы масава перасаджваюцца на горныя ровары5

У Германіі за год падстрэлілі каля 3 тысяч радыеактыўных дзікоў5

У клецкай паліклініцы пацыенты пабіліся за месца ў чарзе. Цяпер будзе суд

У «Вялікім камені» стварылі Інстытут выдатных інжынераў

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе17

Расійскія дроны дзейнічаюць ва Украіне праз беларускі роўмінг10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць