Пасля тэракта ў Кіеве знялі ўсю кіраўнічую вертыкаль патрульнай паліцыі
Міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка абвясціў пра кадравыя рашэнні: з-за ганебнага ўчынку дваіх патрульных падчас тэракта ў Галасееўскім раёне сваіх пасад пазбавіліся ўсе начальнікі — ад камандзіра ўзвода да кіраўніка сталічнага ўпраўлення. Самім паліцыянтам, якія кінулі цывільных грамадзян пад кулямі, пагражае да 8 гадоў турмы
Скандал выбухнуў пасля таго, як у сеціва трапіла відэа страляніны 18 красавіка. На кадрах бачна, як двое патрульных проста ўцякаюць з месца здарэння, пакінуўшы мірных жыхароў і нават дзіця сам-насам са стралком.
Кіраўнік МУС паводзіны патрульных назваў учынкам, які паставіў пад сумнеў устойлівасць усёй праваахоўнай машыны краіны.
«Што тычыцца кадравых рашэнняў пасля службовага расследавання, то цяпер знялі з пасад усю вертыкаль… Гэта, магчыма, яшчэ не ўсе рашэнні», — заявіў Кліменка.
Начальніку Дэпартамента патрульнай паліцыі Украіны Яўгену Жукаву, які падаў у адстаўку сам, ужо найшлі пасаду: Жукаў застанецца ў сістэме МУС як дарадца кіраўніка Нацпаліцыі.
Каментары
Наконт псіхалагічнай стралецкай падрыхтоўкі паводзіны у стрэсавай сітуацыі есць пытання ...да кіраўніцтва таксама