Журналістка і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева напісала ў фэйсбуку, як прайшоў яе месяц пасля вызвалення і ці яна збіраецца вяртацца ў прафесію.

«Гэта было назаўжды, пакуль не скончылася»
Так называлася кніга, якую Ігар у адным з лістоў у калонію раіў мне пачытаць, — піша Кацярына. — Намёк празрысты: маўляў, не паспееш заўважыць, як тое, што здавалася бясконцым — рассыпецца ў імгненне вока. Быў, хіба, год 23-ці. Для нас — найцяжэйшы і самы безпрасветны перыяд: страта блізкага чалавека, хваробы, мой другі тэрмін. Але недзе глыбока, пад слоем цемры, захоўвалася маленечкая надзея на святло. Ігар не даваў ёй згаснуць.
Сёння месяц, як я на волі. Змянілася ці не — вырашайце самі. Цешуся, што разам са мной выйшлі на свабоду мае сяброўкі і многія годныя людзі — усе яны не мусілі правесці за кратамі ні аднаго дня.
Складана паверыць, што ўсё гэта насамрэч адбывалася з намі. Балюча ўсведамляць, што большая частка палітвязняў па-ранейшаму застаецца ў СІЗА, турмах і калоніях. У тым ліку — журналісты. І мой Ігар.
«Мой муж…» — першыя словы, якія я сказала амерыканскай дэлегацыі на мяжы. Пазней, у звароце да Трампа, акрамя падзякі за вызваленне чарговай партыі беларускіх палітвязняў (і ўласнае), у непублічнай частцы я пералічыла пайменна тых, каго ведаю асабіста і за каго баліць сэрца. Спадзяюся, наперадзе нас чакаюць добрыя навіны. Бо колькі ж можна ўжо кепскіх навінаў?
Часта пытаюцца, ці буду пісаць кнігу. Пакуль — не, бо гісторыя не скончаная. Жыццё атрымліваецца настолькі багатым на падзеі, што лагічна падсумаваць ужо ўсё разам, бліжэй да старасці. (Як у Даўлатава, «жизнь опережает мечту»).
Таксама пытаюцца, ці хачу вярнуцца ў прафесію. Адказ відавочны — так. Журналістыка — частка маёй ідэнтычнасці. Як быць жанчынай або быць беларускай. Кажуць, журналісцкая праца цяпер моцна змянілася? Ну, што ж, выклік прыняты. Адаптавацца да новых умоваў я за гэты час навучылася.
Вялікі дзякуй усім за падтрымку. Якое шчасце — мець такіх калег і сяброў!
Дзякуй маёй мужнай сям’і — цяпер мы ведаем, што можам усё».

Кацярына была затрымана 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру з Плошчы Перамен у Мінску. Спачатку ёй прысудзілі два гады калоніі (па артыкуле 342 КК). Пасля — яшчэ восем гадоў і тры месяцы, абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356). Кацярына выйшла на волю разам з партыяй палітвязняў 19 сакавіка 2026 года ў выніку візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск.
Каментары
не хачу пра Дамбас.
Я ведаю пра Хатынь-1943.