У Польшчы прапанавалі жорсткі законапраект: грамадзянства — пасля 10 гадоў на сталым ДНЖ, дэпартацыя — за два правапарушэнні
У Польшчы зноў прапануюць радыкальна ўскладніць жыццё замежнікам.

Дэпутаты ад правай партыі «Права і справядлівасць» 17 красавіка ўнеслі ў Сейм праект змяненняў у законы аб грамадзянстве і аб замежніках. «ПіС» прапануе прызнаваць польскім грамадзянінам толькі пасля 10 гадоў жыцця на сталым побыце (пастаянным ДНЖ), а за два наўмысныя правапарушэнні — дэпартаваць замежніка, піша MOST.
Узмацненне ўмоў атрымання грамадзянства
Праект змяненняў у закон аб грамадзянстве паўтарае прапановы законапраекта, які «ПіС» прапанаваў у кастрычніку 2025 года. Так, для прызнання польскім грамадзянінам прадугледжваецца павялічыць тэрмін жыцця на сталым побыце з трох да дзесяці гадоў.
Сужэнцы грамадзян Польшчы для атрымання грамадзянства павінны будуць пражыць на падставе сталага побыту ці статусу доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС пяць гадоў (пры гэтым знаходзіцца ў шлюбе не менш за шэсць гадоў).
Да пяці гадоў прапануецца павялічыць тэрмін чакання грамадзянства для асоб, якія атрымалі сталы ДНЖ на падставе польскага паходжання ці карты паляка.
Акрамя таго, «ПіС» лічыць, што замежнік, які прэтэндуе на польскае грамадзянства, павінен ведаць польскую мову на ўзроўні не ніжэй за С1 (зараз — B1), а таксама здаць Дзяржаўны грамадзянскі іспыт, на якім будуць правяраць веды пра Польшчу.
Таксама замежнік павінен будзе прадставіць дакументы аб тым, што ён не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ў сваёй краіне — відавочна, гэтую ўмову не змогуць выканаць замежнікі, якія знаходзяцца пад міжнароднай аховай.
Дэпартацыя за два правапарушэнні
У закон аб замежніках «ПіС» прапануе дадаць пункт аб дэпартацыі замежніка, калі той на працягу 24 месяцаў двойчы ўчыніў наўмыснае правапарушэнне альбо двойчы здзейсніў правапарушэнне, якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту ці абмежавання волі.
Згодна з польскім заканадаўствам, правапарушэнне з'яўляецца наўмысным у выпадку, калі асоба мае намер здзейсніць забароненае дзеянне альбо, прадбачачы магчымасць яго здзяйснення, пагаджаецца з ёй. У выпадку адсутнасці такога намеру правапарушэнне лічыцца ненаўмысным.
Таксама дэпутаты «ПіС» прапануюць дадаць у закон пункт, згодна з якім апеляцыя на рашэнне пакінуць краіну не будзе прыпыняць выкананне дадзенага рашэння.
Закон вынесены на грамадскія кансультацыі. Выказаць меркаванне пра яго можна, запоўніўшы анкету да законапраекта нумар RPW/13478/2026.
Не першая спроба
Сейм ужо разглядаў прапановы «ПіС» аб зменах у закон аб грамадзянстве. 9 студзеня 2026 года дэпутаты адхілілі законапраект.
Зараз «ПіС» прапанаваў новы варыянт тых жа мер, у якім узмацненне атрымання грамадзянства аб'яднаў з прапановай дэпартаваць замежнікаў за два правапарушэнні.
«ПіС», а таксама праварадыкальная «Канфедэрацыя», якая можа падтрымаць праект, не маюць большасці ў Сейме. Таму, улічваючы паўторнае ўнясенне, можна выказаць здагадку, што і гэты закон не пройдзе.
Верагодна, уносячы законапраект, «ПіС» спрабуе павысіць сваю папулярнасць, абапіраючыся на антыімігранцкія настроі сярод часткі польскага грамадства.
***
Калі вы жывяце ў Польшчы, то можаце падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.
Вы проста перанакіруеце 1,5% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.
Вось падрабязная інструкцыя, я гэта зрабіць, калі вы працуеце ў Польшчы.
Калі вы працуеце ў Літве — то вам сюды.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары