«У працы мне падабаецца калектыў і ў пэўнай ступені свабода». Як дзяўчыне-сісадміну працуецца ў раённай бальніцы
«Сярод супрацоўнікаў ёсць «старая школа», якая супраціўляецца ўсім навінкам, у тым ліку новым аперацыйным сістэмам».

У 90‑х і 2000‑х гадах сістэмныя адміністратары знаходзіліся на пярэднім краі інфармацыйнай рэвалюцыі. Яны забяспечвалі стабільную працу электронных навінак на прадпрыемствах і ў арганізацыях, падтрымлівалі серверы і рамантавалі прынтары, прыгадвае Devby.io.
Паралельна яны дапамагалі сябрам і калегам разабрацца ў камп’ютарных асновах, збіралі камп’ютары знаёмым і ўсталёўвалі на іх аперацыйныя сістэмы, медыяплэеры і антывірусы, пракладалі (часта на голым энтузіязме) ўражлівыя лакальныя сеткі ў шматкватэрных дамах. Быць сістэмным адміністратарам у той час было вельмі прэстыжна, а мець сістэмнага адміністратара сярод сяброў было вельмі крута (і часта зручна).
З цягам часу прафесія сістэмнага адміністратара значна змянілася, асабліва ў ІТ-кампаніях. Змяніўся круг задач: прафесія эвалюцыянавала ад фізічнага абслугоўвання «жалеза» і наладкі сетак да кіравання воблачнай інфраструктурай, аўтаматызацыі працэсаў і забеспячэння кібербяспекі. Паралельна вырасла і зарплата высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Аднак гэтыя змены закранулі не ўсіх. У школах, сельскагаспадарчых арганізацыях, паліклініках, ВНУ, на заводах і ў выканкамах дагэтуль працуюць сотні сістэмных адміністратараў старой школы. Якія, акрамя выканання прамых абавязкаў, усё яшчэ выконваюць ролю пасярэднікаў паміж калегамі і светам інфармацыйных тэхналогій. І зусім не абавязкова гэта людзі ва ўзросце.
Адна з такіх маладых сістэмных адміністратарак «старой школы» — Паліна (імя зменена).
— Большая частка працоўнага дня ў мяне ідзе на руцінныя задачы: распрацоўку раскладу/графіка, адміністраванне сайта і сацыяльных сетак, падтрымку праграмнага забеспячэння і, пры неабходнасці, прынтараў.
З 1С мне працаваць не даводзілася. Затое ёсць досвед працы са састарэлымі аперацыйнымі сістэмамі. На гэты момант у нашай арганізацыі іх ужо практычна не засталося, але нядаўна іх было дастаткова. Самая старая аперацыйная сістэма, якую я тут заспела, — гэта Windows XP. Гэта было літаральна год-два таму.
Сярод маіх абавязкаў няма функцыі абнаўляць аперацыйныя сістэмы. Але даводзіцца займацца гэтым, як толькі ўзнікае неабходнасць. Напрыклад, на старую АС не ўсталёўваецца нейкае ПЗ — і гэтую праблему трэба вырашаць любымі спосабамі. Цяпер амаль усё неабходнае праграмнае забеспячэнне патрабуе «дзясятку». Сярод супрацоўнікаў ёсць «старая школа», якая супраціўляецца ўсім навінкам, у тым ліку новым аперацыйным сістэмам. Але мы, сістэмныя адміністратары, гэтыя пытанні не вырашаем: звяртаемся да іх непасрэднага кіраўніцтва, і ўжо яно пераконвае іх, тлумачыць важнасць зменаў. Увогуле навучанне ўсё роўна кладзецца на нашы плечы.
Даволі часта даводзіцца сутыкацца і з неліцэнзійным праграмным забеспячэннем.
Стрэсавы для ўстаноў аховы здароўя пераход з папяровых медыцынскіх картак на электронныя ў нашай бальніцы адбываўся ў 2018 годзе, я яго не заспела. Затое заспела рэканструкцыю паліклінікі. Там быў вялікі аб’ём працы: устаноўка новых ПК, прынтараў і іншага абсталявання — і ўсё ў сціслыя тэрміны.
З умовамі працы ў прынцыпе ўсё нармальна. Заробак невялікі — 1200 рублёў (каля $420). Гэта, вядома, у залежнасці з чым параўноўваць, але заўсёды хочацца большага.
У працы мне падабаецца калектыў і ў пэўнай ступені свабода: часам працы бывае менш, чым звычайна, і застаецца вольны час на працягу працоўнага дня.
Канешне, калегі прыносяць свае асабістыя ноўтбукі, часта звяртаюцца па непрацоўных пытаннях. Звычайна дапамагаю ім. Якога-небудзь зневажальнага стаўлення да мяне як да немедыцынскага супрацоўніка з іх боку не памятаю — усе ўспрымаюць мяне хутчэй як роўную.
Я стараюся сачыць за падзеямі ў «вялікім ІТ-свеце». Развівалася ў напрамку вэб-дызайну, нейкі час падпрацоўвала дыстанцыйна, сумяшчаючы з цяперашняй працай.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары