Свет22

Як жыве чалавек з адной з самых небяспечных работ у свеце — спускацца пад рэактар ЧАЭС

«Раз на месяц я бываю паблізу рэактара. Пад ім — гіганцкі лабірынт памяшканняў, якія захаваліся пасля выбуху», — распавядае ВВС Анатоль Дарашэнка.

Анатоль Дарашэнка. Фота: old.nas.gov.ua

Ужо 12 гадоў ён у спецыяльным ахоўным касцюме спускаецца пад разбураны 4‑ы энергаблок Чарнобыльскай АЭС.

Дарашэнка працуе ў Інстытуце праблем бяспекі атамных электрастанцый. Частка яго абавязкаў — праца ў памяшканні, якое, верагодна, з’яўляецца адным з самых небяспечных у свеце.

«Сэрца» Чарнобыля

Рэактар 4‑га энергаблока быў разбураны пасля выбуху 26 красавіка 1986 года.

Апора рэактара размяшчалася на вышыні каля 15 м над зямлёй. Пад ёй знаходзяцца тэхналагічныя памяшканні — пакоі і калідоры, якія падчас выбуху ацалелі.

Менавіта там стаіць абсталяванне, якое правяраюць навукоўцы. Анатоль і яго калегі рэгулярна ходзяць туды. Нехта штомесяц, нехта часцей.

Праца навукоўца заключаецца ў праверцы абсталявання, зборы даных, кантролі параметраў стану ядзернага паліва.

Даследчыкі бываюць зусім блізка ад разбуранага рэактара — за 10—12 метраў.

Лабірынт небяспекі

Лабірынт пад ім называюць адным з самых небяспечных месцаў у свеце. Там усё забруджана радыяцыяй — падлога, абсталяванне, сцены, паветра.

Некаторыя калегі Анатоля Дарашэнкі наведваюць «сховішча» 10‑12 разоў на месяц. Фота: архіў героя

У памяшканнях узровень радыяцыі настолькі высокі, што навуковец можа максімальна прабыць там толькі 4 хвіліны — выканаць усе заданні і хутка сысці. У іншых — узровень радыяцыі экстрэмальны, там наогул небяспечна спыняцца.

«Радыяцыя нераўнамерная. Ёсць месцы, дзе вельмі высокія дозы — там лепш нават не спыняцца. Прайшоў гэтае месца і ідзеш далей. Працаваць трэба там, дзе больш чыстыя зоны. Тут усе навукоўцы ведаюць, дзе мы можам працаваць, а дзе — не», — запэўнівае вучоны.

Яны складаюць карты забруджвання, якія паказваюць, дзе ўзровень радыяактыўнасці самы высокі. Іх трэба пастаянна абнаўляць.

Праца навукоўца крытычна важная, бо ён павінен кантраляваць, каб пасля Чарнобыльскай катастрофы ўмовы ўнутры рэактара заставаліся стабільнымі.

Дарашэнка кажа, што яго праца палохае, але ён выкарыстоўвае страх як саюзніка.

«Страх дапамагае трымаць сябе ў руках. Дапамагае дакладна выконваць дзеянні, якія забяспечаць атрыманне меншай дозы радыяцыі», — лічыць ён.

«Рызыка — гэта абыякавасць і прывыканне да гэтага месца. Да страху радыяцыі прывыкаеш і на яе нібы ўжо не зважаеш. А не зважаць на радыяцыю ў зоне адчужэння нельга. Рукавічка, кавалак металу — усё можа быць забруджаным», — кажа вучоны, які працуе на Чарнобыльскай АЭС з 2014 года.

Не заблукаць пад рэактарам

Лабірынт, па якім ходзіць Дарашэнка, — гэта цёмныя, месцамі слаба асветленыя памяшканні.

Анатоль і яго калегі заўсёды носяць з сабой ліхтарыкі. Дарогу трэба падсвятляць, бо ў некаторых месцах столь размешчана занадта нізка і трэба ісці на кукішках.

Памяшканні і калідоры пад рэактарам прамаркіраваныя. Тым не менш навукоўцы павінны ведаць маршрут на памяць, каб не заблукаць сярод пераходаў. Пад рэактар ніколі не спускаюцца паасобку — заўсёды нехта павінен быць побач.

«Былі выпадкі, калі разраджаўся ліхтар. Добра, што ў калег было святло. Было, што калега заблукаў пад рэактарам. Але чалавека адразу пачынаюць шукаць. Галоўнае — знайсці месца ў больш чыстай зоне, дзе перачакаць», — распавядае вучоны.

Важныя замеры

У 1986 годзе над разбураным энергаблокам пабудавалі аб’ект «Укрыццё», які з часам пачалі называць «Саркафаг». Ён пахаваў пад сабой сотні тон ядзернага паліва, радыяактыўнага пылу і ўсяго таго, што засталося ад рэактара.

З часам «Саркафаг» пакрыўся шчылінамі, радыяцыя зноў магла трапляць вонкі. Таму над ім пабудавалі яшчэ адно ўкрыццё — «Новы бяспечны канфайнмент» (арку). Навукоўцы пастаянна правяраюць, наколькі яна абараняе ад уцечкі радыяцыі.

Пасля ўдару расійскага дрона ў 2025 годзе арка страціла частку сваіх ахоўных функцый — дрон прабіў у ёй дзірку.

Дарашэнка заходзіць пад арку і ў стары «Саркафаг», каб спусціцца пад рэактар. Там ён праводзіць замеры, каб даследаваць стан ядзернага паліва.

Пасля выбуху 1986 года значная частка паліва знаходзіцца ў месцах, недаступных для навукоўцаў. Чацвёрты энергаблок залілі велізарнай колькасцю бетону, каб спыніць уцечку радыяцыі.

«Калі б мы маглі адабраць узоры ядзернага паліва з самога разбуранага рэактара, мы б маглі дакладна сказаць, наколькі яно ядзерна небяспечнае. Але паколькі яно пад велізарным пластом бетону, доступ чалавека туды немагчымы», — тлумачыць вучоны.

Таму замеры праводзяць ва ўцалелых памяшканнях пад рэактарам, каб зразумець, якія працэсы адбываюцца ўнутры. Напрыклад, навукоўцы вымяраюць шчыльнасць патоку нейтронаў з дапамогай спецыяльных дэтэктараў.

Адзенне з радыяцыяй

Каб спусціцца пад рэактар, Анатоль у спецыяльным памяшканні апранае некалькі слаёў ахоўнага адзення. Базавы пласт — гэта белыя штаны, кашуля, пінжак, шапка, пальчаткі, бахілы і рэспіратар з клапанам FFP2.

«Калі падчас працы можна моцна забрудзіцца — напрыклад, давядзецца паўзці праз нейкі завал — то апранаем дадатковы камплект спецыяльнага поліэтыленавага адзення. Яно павінна абараніць ад знешняга забруджвання радыяактыўнымі рэчывамі», — распавядае Анатоль.

Пасля выхаду з лабірынта ёсць некалькі зон кантролю. Усё адзенне здымаюць у так званай «бруднай зоне». Далей яго адпраўляюць на спецпралку або знішчаюць, калі радыяцыю немагчыма выдаліць. Пасля гэтага навуковец ідзе ў душ і на дазіметрычны кантроль.

Дарашэнка прызнаецца, што наведванне чацвёртага блока выклікае «нібы эйфарыю».

«Гэта як заваяванне Эверэста. Кожны можа туды патрапіць, але для гэтага трэба ўладкавацца на працу, вывучыць матэрыял, быць карысным. Тады вас дапусцяць да аб’екта. Але не ўсім гэта падыходзіць», — кажа ён.

Анатоль заклікае не «дэманізаваць» Чарнобыль.

«Гэтае месца ахутана міфамі. Але калі ты туды трапляеш, то бачыш, што гэта будынак, створаны чалавекам, які патрабуе пастаяннага кантролю і нагляду. Ты разумееш: калі людзі перастануць сюды прыходзіць, пачнецца нейкі некантраляваны працэс, а гэта небяспечна».

Ці не страшна там унутры?

«Пэўны страх ёсць, — адказвае вучоны. — Галоўнае — не панікаваць. Паніка вядзе да памылак».

Кантраляваць здароўе

Офіс інстытута размешчаны ў Чарнобыльскай зоне адчужэння — з панядзелка па чацвер Анатоль жыве і працуе там. Раз на месяц ён прыязджае непасрэдна на станцыю.

Вучоны разумее рызыкі для здароўя. Раз на год ён праходзіць абавязковыя медыцынскія агляды, а ў адпачынку стараецца ездзіць да мора.

«Буду хадзіць у лабірынты пад рэактарам, колькі змагу. Не стаўлю сабе абмежаванняў. Калі б я бачыў пакаленне, якое можа мяне замяніць, я б з задавальненнем ужо думаў пра пенсію», — кажа ён.

Важна, каб людзі ўсведамлялі выклікі, з якімі сутыкаецца Чарнобыль: стрымліванне радыяцыі і кантроль за ядзернымі аб’ектамі.

«Чарнобыль насамрэч не такі страшны, як яго многія спрабуюць паказаць. Шмат людзей тут працягваюць стрымліваць радыяцыю. Варта не забываць, што гэтае месца менш страшнае менавіта дзякуючы людзям, якія там працягваюць працаваць», — лічыць навуковец.

Каментары2

  • 453543
    03.05.2026
    А чаму нельга было б купiць кiтайскую сабаку-робата, пагрузiць на яе абсталяванне, i усе гэтыя работы (не такiя ужо i складаныя) рабiць дыстанцыйна. Навошта гробiць здароу'е чалавека.
  • witch
    04.05.2026
    453543,
    1. Людзі дзешавейшыя
    2. Калі убачаць, што наступнае пакаленне не зможа можа такіх замяніць

Цяпер чытаюць

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адзін на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»31

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адзін на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце жанчыну, якую падманулі расійскія турысты? Кампанія, якая тут ні пры чым, прапанавала ёй кампенсацыю3

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха2

Севярынец расказаў, як і навошта рэзаў сабе руку на Акрэсціна ў 2020‑ым5

«Хто валодае Малой Такмачкай, той валодае светам». Непрыступнае ўкраінскае сяло стала мемам7

Прэзідэнт Францыі зладзіў прабежку ў Ерэване. З ім пабеглі вулічныя сабакі9

5 карысных паслуг мінскага аэрапорта, якія вы маглі не ведаць1

У Мінску ставяць спецыяльныя боксы для сабак — вось для чаго3

«У гэты дзень не спала ўся краіна». У Докшыцах з помпай адкрылі аўтамыйню7

У Расіі павесілі банер «З Днём Попеды!»10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адзін на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»31

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адзін на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць