Крэмль забараніў падкантрольным СМІ пісаць пра забароны. Лаяльныя журналісты выкручваюцца як могуць (гэта вельмі складана) — і пішуць, што «Адзіная Расія» нібыта змагаецца з забаронамі, піша «Медуза».

«Адзіная Расія» — не партыя забарон», — пра гэта заявіў кіраўнік генеральнага савета «Адзінай Расіі» Уладзімір Якушаў 19 мая.
Ён заклікаў дэпутатаў не даходзіць да «забарончага маразму» і дадаў, што ў большасці выпадкаў людзі «самі разбяруцца, што і як абмяжоўваць».
Якушаў дадаў, што кіраўніцтва партыі вырашыла змяніць публічную рыторыку — каб у СМІ не з’яўляліся «дзікія» ініцыятывы, не ўзгодненыя з АР.
Пра забароны ў тым жа ключы прыкладна месяц таму, у канцы красавіка, гаварыў і сам Уладзімір Пуцін. На пасяджэнні Савета заканадаўцаў прэзідэнт заклікаў дэпутатаў і сенатараў «не зацыклівацца на забаронах», бо гэта «контрпрадуктыўна».
Хоць Пуцін меў на ўвазе толькі абмежаванні ў сферы бізнэсу, у Крамлі, відаць, згодныя з тым, што фіксацыя на забаронах, асабліва ў публічнай прасторы, непажаданая — асабліва напярэдадні вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму і на фоне падзення рэйтынгаў Пуціна і «партыі ўлады».
Палітычны блок адміністрацыі прэзідэнта настойліва папрасіў дзяржаўныя і лаяльныя ўладам СМІ як мага радзей выкарыстоўваць у сваіх артыкулах слова «забарона». Патрабаванні пачалі паступаць з АП некалькі дзён таму. Пра гэта «Медузе» расказалі два супрацоўнікі пракрамлёўскіх выданняў і работнік дзяржаўнага СМІ.
Паводле іх слоў, Крэмль асобна прасіў не выносіць слова «забарона» ў загалоўкі і ў цэлым раіў «менш пісаць на гэтыя тэмы — забароны, абмежаванні і штрафы».
«Ёсць выключэнне, — з усмешкай кажа адзін журналіст. — [Пісаць можна], калі забарону адмяняюць». (Але ў апошнія гады ў Расіі не адмянілі ніводнай забароны.)
Якімі фармулёўкамі замяняць слова «забарона», у адміністрацыі прэзідэнта не ўдакладнілі.
Апошняя ўведзеная ўладамі забарона — на здымку атак дронаў і іх наступстваў. Яна ўжо дзейнічае ў некалькіх рэгіёнах, напрыклад у Ленінградскай, Цюменскай і Іркуцкай абласцях, а таксама ў Маскве, якая ў ноч на 17 мая падверглася беспрэцэдэнтнаму ўдару ўкраінскіх дронаў.
Супрацоўнікі пракрамлёўскіх СМІ ўжо пачалі прытрымлівацца рэкамендацый Крамля.
- У «Газеце» і «Ленце» забарону на здымку дронаў у Маскве назвалі «абмежаваннямі».
- У выданні MSK1 навіну пра тое, што аналагічную забарону хочуць увесці ў Падмаскоўі, назвалі так: «У Маскоўскай вобласці ўзмоцняць штрафы за парушэнне мер антытэрарыстычнай бяспекі».
- У «Газеце» прыдумалі такі загаловак: «У Маскве абмяжуюць распаўсюджванне даных пра тэракты».
«Атрымліваецца, што нібыта ніякіх забаронаў няма: проста павелічэнне штрафаў», — іранізуе супрацоўнік лаяльнага ўладзе СМІ.
«Забарона на забароны» выклікае не толькі цяжкасці з фармулёўкамі, адзначае журналіст з буйнога холдынгу, які працуе з рэгіянальнымі ўладамі. На яго думку, чытач не адкрые навіну з абстрактным загалоўкам, з якога незразумела, пра што пойдзе гаворка ў тэксце, — і ў выніку не атрымае важную інфармацыю.
«Адміністрацыя [рэгіёна] уводзіць забарону, ёй трэба паведаміць пра гэта людзям. Яна за гэта гатовая плаціць [рэдакцыі], але нам, выходзіць, інфармаваць нельга», — скардзіцца ён.
Каментары