У Германіі забралі дапамогу ў беларускі, якая сышлася з гаспадаром здымнай кватэры. Данос напісаў яе зніклы без вестак муж
Суд стаў на бок жанчыны і запатрабаваў вярнуць ёй сацыяльныя выплаты — па 1700 еўра на месяц.

Грамадзянка Беларусі з малой дачкой жыла ў Германіі на сацыяльную дапамогу, але аднойчы ў сацыяльную службу прыйшоў ліст ад яе афіцыйнага мужа: маўляў, жонка звыкла жыць не па сродках і махлярыць з выплатамі дзеля ўпрыгожванняў і дарагіх паездак. Чыноўнікі западозрылі, што жанчына насамрэч жыве адной сям'ёй з гаспадаром кватэры, і спынілі дапамогу. Але суд стаў на бок беларускі — і прызнаў, што ўсё абвінавачанне трымалася на адных здагадках.
Пра гэта сведчыць рашэнне Земскага сацыяльнага суда Паўночнага Рэйна-Вестфаліі (Landessozialgericht NRW) ад 31 ліпеня 2025 года па справе № L 12 AS 422/25 B ER. Імёны ўсіх удзельнікаў суд, паводле нямецкай практыкі, зашыфраваў літарамі.
Як беларуска апынулася на дапамозе
Жанчына мела дазвол на жыхарства ў Германіі з правам на працу. З лютага 2021‑га яна замужам; у пары ёсць агульная маленькая дачка. Сам муж з 30 студзеня 2024 года лічыцца зніклым без вестак — на яго пададзена заява ў паліцыю. Сама беларуска казала, што мяркуе, быццам мужа забіла нейкая сям'я, і менавіта таму яна з'ехала з ранейшага горада.
Разам з дачкой яна атрымлівала дапамогу па беспрацоўі. У чэрвені 2024 года яны пераехалі ў іншы горад і знялі ў гаспадара два пакоі з кухняй і ваннай: 500 еўра арэнды плюс 150 еўра камунальных.
Мясцовая сацыяльная служба прызначыла ёй выплаты з ліпеня 2024‑га да чэрвеня 2025‑га — пад канец каля 1696 еўра на месяц.
Загадкавы ліст «ад мужа»
26 верасня 2024 года ў сацыяльную службу прыйшоў ліст. Дата на ім стаяла 2022 года, а ў якасці адпраўніка — імя мужа беларускі. Аўтар пісаў, што ён з ёю ў шлюбе, мае дастатковы заробак, а жонка любіць жыць на шырокую нагу і схільная выманьваць сацыяльныя выплаты, каб дазваляць сабе ўпрыгожванні і дарагія падарожжы. Маўляў, яна нават займела дадатковае жыллё.
Сам суд назваў аўтара ліста «нібыта адпраўніком»: дакумент быў датаваны 2022 годам, але прыйшоў толькі ў верасні 2024‑га — ужо пасля таго, як муж знік. Хто насамрэч напісаў гэты данос, з матэрыялаў справы не зразумела.
Праверкі, ботакс і дзіцячая горка
Ліст запусціў праверкі. Супрацоўнікі сацыяльнай службы двойчы прыязджалі да жанчыны дадому — у лістападзе і снежні 2024 года. Яны палічылі, што ў беларускі няма ўласнага адасобленага жылля: кухня агульная з гаспадаром, у халадзільніку няма выразнага падзелу прадуктаў, у пакоі стаіць дарагі камп'ютар (па словах жанчыны — сына гаспадара), а ў двары — дзіцячая горка. На гэтай падставе ведамства западозрыла так званую Bedarfsgemeinschaft — «супольнасць патрэбаў», калі людзі вядуць агульную гаспадарку і дзеляць выдаткі, а значыць, дапамога не належыць.
У лістападзе 2024 года сацыяльная служба спыніла выплаты, спаслаўшыся на «істотныя сумневы» ў тым, што жанчына сапраўды мае патрэбу ў дапамозе.
Беларуска падала пярэчанне. Яна настойвала, што ніякай агульнай сям'і з гаспадаром няма, што яна самотная маці, а муж па-ранейшаму лічыцца зніклым. Замежныя паездкі, да якіх прычапіліся чыноўнікі, яна патлумачыла так: у адну краіну лятала на судовы працэс праз выкраданне свайго сына былым мужам, а яшчэ была чатырохдзённая аўтобусная паездка ў Францыю; начавала ў абодвух выпадках у сяброў.
Jobcenter, аднак, указаў на яе акаўнт у інстаграме: пост пра пералёт з дачкой у лютым 2025‑га і пост пра паездку ў салон на працэдуру з ботаксам. Адкуль грошы на ўсё гэта, пыталі чыноўнікі. Жанчына адказала, што паездку да бацькоў праз Мінск аплацілі самі бацькі, а сяброўкі арганізавалі ёй паездку і падарылі 200 еўра, «каб яна зрабіла сабе нешта прыемнае» — на гэтыя грошы яна і зрабіла ботакс (100 еўра) і чыстку зубоў.
Асобна чыноўнікі ўчапіліся за дзіцячую горку ў двары: маўляў, проста так гаспадар арандатарцы такога не будуе — значыць, паміж імі нешта большае. А ў адным банкаўскім пераводзе ад гаспадара чыноўнікі ўбачылі ласкавае слова і пераклалі яго як «лялечка, мілая». Гаспадар жа потым пісьмова заявіў, што яны проста жывуць у адной кватэры, а здагадкі службы — «чыстая фантазія». Сам ён, дарэчы, у снежні 2024‑га разарваў дамову арэнды.
Што сказаў суд
Суд першай інстанцыі ў Дортмундзе спачатку адмовіў жанчыне. Але апеляцыйны Земскі сацыяльны суд NRW рашэнне змяніў і стаў на бок беларускі.
Галоўны вывад: сацыяльная служба не даказала нічога з таго, у чым абвінавачвалі. Каб прызнаць «супольнасць патрэбаў», трэба вызначыць тры рэчы разам — што людзі з'яўляюцца партнёрамі, што жывуць адной гаспадаркай і што гатовыя несці адказнасць адно за аднаго. Прэзумпцыя такога саюза ўзнікае толькі пасля года сумеснага жыцця — а беларуска з гаспадаром засялілася толькі ў ліпені 2024-га. Больш за тое, суд звярнуў увагу: партнёрства прадугледжвае магчымасць шлюбу, а жанчына фармальна ўсё яшчэ замужам за зніклым мужам.
Сумеснае карыстанне кухняй, ваннай і гасцёўняй, падкрэсліў суд, само па сабе не сведчыць пра агульную гаспадарку. А ведамства, замест таго каб правесці нармальнае расследаванне і, напрыклад, запатрабаваць звесткі ў самога гаспадара, абмежавалася сумневамі і здагадкамі. На адных сумневах скасаваць выплаты нельга.
У выніку суд аднавіў дзеянне першапачатковага прызначэння дапамогі за перыяд з снежня 2024‑га да чэрвеня 2025‑га — гэта значыць выплаты па 1696 еўра на месяц вярнуліся.
«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц». Скардзіўся на ўмовы працы ў КДБ, а цяпер уцюхвае трэнінгі сілавікам — хто такі Антон Шабуневіч
Каментары